25 красавiка 2024, Чацвер, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколаг: Беларусь рызыкуе застацца праз 20 гадоў без чыстых рэк

19
Эколаг: Беларусь рызыкуе застацца праз 20 гадоў без чыстых рэк
ФОТА: FOTOBEL.BY

Праз буйныя жывёлагадоўчыя гаспадаркі праз 20 гадоў у Беларусі можа не застацца чыстых рэк.

Пра гэта заявіла 6 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску экспэрт Цэнтра экалагічных развязанняў (ЦЭР) Наталля Парэчына, каментуючы парушэнні, выяўленыя экспэртамі цэнтра падчас наведвання адной з жывёлагадоўчых гаспадарак Менскай вобласці, паведамляе БелаПАН.

Як распавяла эколаг, у канцы чэрвеня ў ЦЭР звярнуліся турысты, якія сплаўляліся на лодках па рацэ Начы і ў раёне размяшчэння свінагадоўчага комплексу «Хацюхова» (Крупскі раён) наткнуліся на затор з жывёлагадоўчых адкідаў. Пра сітуацыю была паінфармаваная Крупская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзе паведамілі, што гэта «нармальна і ніякай шкоды навакольнаму асяроддзю не чыніць".

Эколагі, якія выехалі на месца здарэння, выявілі, што адкіды патрапілі ў раку з меліярацыйнага канала, у яго - з палёў пасля дажджу. Эколагі бачылі, што жыжу на палі з тэхнічных ёмістасцяў - лагун, дзе адстойваюцца для знішчэння хваробатворных бактэрый гэтыя адкіды, - дастаўляў і разліваў трактар.

Пасля дажджу ўзровень вады на палях, размешчаных вакол свінагадоўчага комплексу «Хацюхава», падымаўся, і жыжа з дажджавой вадой пад ухілам поля сцякала ў ваду меліярацыйнага канала. Тое ж самае адбываецца ўзімку, калі растае снег.

Вынікі вымярэння вады ў студнях найбліжэйшай вёскі Падклёнак, ніжэй па плыні, паказалі, што перавышэнне гранічнага ўзроўню канцэнтрацыі нітратаў у ёй складае ад 250 да 500 міліграм на літр (6-11 разоў). Таксама мясцовыя жыхары казалі эколагам, што са з'яўленнем ў 2002 годзе побач свінакомплекса ў рацэ стала знікаць рыба. Цяпер яе ў Начы няма наогул.

Са слоў экспэрта польскай няўрадавай арганізацыі «Федэрацыя зялёных Гая» Якуба Скарупскага, ферму з пагалоўем 2,5 тысяч свіней можна параўнаць з горадам з 7,5 тысяч жыхароў без якой-небудзь сістэмы ачысткі сцёкаў. Адпаведна, СВК «Хацюхава» з пагалоўем 25 тысяч свіней можна прыраўняць да невялікага гораду накшталт Слоніма або Ліды, мяркуе Парэчына.

Цэнтр экалагічных развязанняў падрыхтаваў і накіраваў афіцыйны запыт у Менскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прыклаўшы ўсю інфармацыю і спасылкі на парушэнні заканадаўства.

«У іх ёсць месяц, каб адрэагаваць на гэтую сітуацыю. Калі жывёлагадоўчыя комплексы будуць працягваць такую практыку, то гадоў праз 20 гадоў у нас не застанецца ніводнай чыстай ракі», - заявіла Парэчына.

На думку спецыялістаў ЦЭР, свінакомплексу проста не стае месца ў лагуне для захоўвання жыжы, таму, парушаючы заканадаўства, яны вывозяць яе на палі.

Як адзначыў кіраўнік міжнароднага грамадскага аб'яднання жывёлагадоўлі «Усход-Захад» Зміцер Лутаеў, цяпер у Беларусі парушэнні пры ўтылізацыі адкідаў распаўсюджаныя практычна ва ўсіх буйных гаспадарках.

«Ферме, дзе ўтрымліваецца 25 тысяч свіней, штодня трэба вывозіць амаль 250 тон гною на правільныя полі на правільныя адлегласці. Ніхто гэтага не робіць, бо няма паліва, няма грошай, на гэтым проста эканомяць», - сказаў ён.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках