25 красавiка 2024, Чацвер, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Кондрусь прызнаны палітвязнем

8
Уладзімір Кондрусь прызнаны палітвязнем
УЛАДЗІМІР КОНДРУСЬ
ФОТА: ПЦ «Вясна»

Праваабаронцы прызналі палітычна матываваным крымінальны пераслед Уладзіміра Кондруся, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 19 снежня 2010 года.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Менску насіла мірны характар, а «ажыццяўленне некаторымі грамадзянамі дзеянняў, якія насілі супрацьпраўны характар, павінна было своечасова спыняцца праваахоўнымі органамі і ў любым выпадку не можа быць кваліфікавана як масавыя беспарадкі».

Таму, як адзначаецца ў заяве, дзеянні Уладзіміра Кондруся не могуць быць кваліфікаваныя паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі), а тэрмін даўнасці паводле іншых артыкулаў, паводле якіх яны маглі б быць кваліфікаваныя, прайшоў, паведамляе «Радыё Свабода».

«У сувязі з гэтым мы заяўляем, што расцэньваем крымінальны пераслед Уладзіміра Кондруся як палітычна матываваны, а самога У. Кондруся ўважаем палітычным вязнем», - заяўляюць праваабаронцы.

У заяве таксама адзначаецца, што сам факт крымінальнага пераследу дагэтуль ў закрытай справе аб падзеях 19 снежня 2010 года «стварае небяспеку арыштаў іншых удзельнікаў тых падзей, якія могуць дагэтуль знаходзіцца ў вышуку».

Праваабаронцы заклікаюць не толькі спыніць пераслед Кондруся, але і наогул цалкам спыніць вытворчасць у крымінальнай справе аб падзеях 19 снежня.

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі, Беларускі Дом правоў чалавека, Беларускі дакументацыйнага цэнтр і Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць».

Жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 14 чэрвеня 2016 года быў узяты пад варту ў СІЗА МУС №1. Ён абвінавачваецца паводле часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

Бацькі 39-гадовага Уладзіміра Кондруся 9 жніўня ўпершыню наведалі сына ў СІЗА-1 Менска. Яны паведамілі, што той вельмі хворы - у яго язва страўніка, медыцынская дапамога не аказваецца. Праз стан здароўя Уладзімір Кондрусь вытрымаў толькі некалькі хвілін першага дазволенага спаткання.

«Сын - напалову труп, у пакой для перамоваў яго вынеслі на насілках. Яго хапіла на пяць хвілін гутаркі. Ён абсалютна знясілены. Казаў вельмі невыразна. Здаецца, што ён як у тумане, дрэнна разумее, вочы паўпустыя», - сказаў бацька зняволенага.

На гэты момант, акрамя Уладзіміра Кондруся, праваабаронцы прызнаюць палітычным вязьнем праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага. Наконт яшчэ двух асоб пакуль няма канчатковага рашэння праз недахоп інфармацыі, але палітызаванасць іх пераследу не выключаецца. Гэта блогер Эдуард Пальчыс і ўдзельнік акцыі веласіпедыстаў «Крытычная маса» Зміцер Паліенка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках