19 красавiка 2024, Пятніца, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святары знайшлі згублены гімн да Маці Божай Бялыніцкай

5
Святары знайшлі згублены гімн да Маці Божай Бялыніцкай

Пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках кс. Андрэй Кеўліч адшукаў тэкст спеву ў гонар Маці Божай Бялыніцкай, датаваны 1761 годам.

Знаходка стала чарговым вынікам пошукаў звестак аб страчанай беларускай святыні, піша krynica.info.

«Страчаны арыгінал абраза. Знішчаная святыня. Але наколькі была сапраўды вядомая Маці Божая ў Бялыніцкім абразе? Ці не лепей аб ёй забыцца і рабіць выгляд, што такога і не было ў нашай гісторыі?» – разважае святар, тлумачачы значнасць сваіх пошукаў.

«На старажытную песню, прысвечаную Маці Божай у Бялыніцкім абразе, я натрапіў, можна сказаць, выпадкова. Я цікаўлюся гісторыяй Касцёла ў Беларусі, асабліва на Магілёўшчыне, рыхтаваў артыкул пра санктуарый Маці Божай ў Бялынічах, дзе знаходзіўся цудатворны абраз. Бялынічы мелі такую славу, што мястэчка называлі «Беларускай Чанстаховай». Удалося знайсці скан вельмі цікавага дакумента, які быў падрыхтаваны менавіта да моманту каранацыі Бялыніцкай іконы ў 1761 годзе папскімі каронамі – самага вялікага знаку прызнання славутасці і цудатворнасці абраза. У брашурцы знаходзяцца гістарычныя звесткі аб каталіцтве ў Бялынічах, апісанне некаторых цудаў. А напрыканцы знаходзіцца менавіта тэкст песні, якую спявалі на пачатак набажэнства перад іконай Маці Божай Бялыніцкай», — апавядае святар пра сваю знаходку.

Паколькі парафія ў Горках, дзе я выконваю пастырскае служэнне, мае тытул ў гонар менавіта Маці Божай Бялыніцкай, лічу што мы маем такі асаблівы падарунак на 10-годдзе аднаўленне Горацкай парафіі. Таму ў планах – адаптаваць тэкст на беларускую мову (арыгінал тэксту – польская мова)», — дадае кс. Андрэй Кеўліч.

На наступны дзень пасля таго, як кс. Андрэй Кеўліч выклаў сваю знаходку ў сацсеціве, да пошукаў далучыўся пробашч Троіцкай парафіі з Друі кс. Сяргей Сурыновіч, які дапоўніў адкрыццё музыкай да спеву. Падказкай сталі некалькі словаў, змешчаныя непасрэдна перад тэкстам спеву — «Nota jak: Pokaż się być Matko &С».

Ксёндз Сяргей вельмі хутка знайшоў, што «Pokaż się być Matkо» — гэта менавіта «Monstra Te esse Matrem». «Пасля я знайшоў звесткі, што менавіта гэты гімн манахі, якія апякуюцца Яснай Гарой, спяваюць у самыя важныя моманты манаскага жыцця. Ёсць нават асаблівыя малітвы з гэтым спевам», — тлумачыць кс. Андрэй Кеўліч, дадаючы, што знаходка мае вялікае значэнне для жывога, а не «матэрыяльнага» ўшанавання беларускай святыні, якая раней была шанаванай не толькі беларускімі каталікамі, але і праваслаўнымі вернікамі.

«З Божай дапамогай мы хочам адаптаваць знойдзены тэкст на беларускую мову, – каб ён зноў гучаў у храме, просячы асаблівага заступніцтва Багародзіцы ў Бялыніцкім абразе», — кажа святар.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках