24 красавiка 2024, Серада, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе нашы мільярды?!

3
Дзе нашы мільярды?!

Падобна на тое, Дзяржкамваенпрам пастаўляе ў Расею высокатэхналагічны сыр вайсковага прызначэння.

Навык валодання калькулятарам, здаровы сэнс і добрая памяць дапамагаюць правільна ўспрымаць рэальнасць. Напрыклад, адносна маштабаў прысутнасці беларускага ВПК на расейскім рынку, піша bsblog.info.

Дзіўныя лічбы. Афіцыйныя звесткі Дзяржкамваенпрама Беларусі сведчаць, што «... доля паставак з нашай краіны ў абаронным заказе Расеі складае 15%, прычым гэта галоўным чынам высокатэхналагічная прадукцыя». Гэта ўражлівае дасягненне, прычым настолькі ўражлівае, што ўсім работнікам беларускага ВПК, пачынаючы ад завадскіх прыбіральшчыц і да кіраўнікоў прадпрыемстваў, варта даць адразу па зорцы Героя Беларусі. І вось чаму.

Дзяржпраграма ўзбраенняў Расеі на 2011-2020 гады прадугледжвае вылучэнне блізу RUR 20 трлн на закупку ўзбраенняў і тэхнікі для Ўзброеных Сіл Расеі. Што на момант зацвярджэння Праграмы складала суму блізу USD 680 млрд. Гэта значыць, доля Беларусі ў гэтым свяце жыцця магла б перавысіць USD 100 млрд або USD10 млрд у год. Аднак здарылася вайна з Украінай, абвал на рынку нафты і яшчэ шэраг непрыемных для расейскай эканомікі рэчаў. У выніку чаго курс даляра вельмі падрос.

У 2015 годзе аб'ём дзяржабаронзаказу Расеі склаў RUR1,8 трлн. Або парадку USD30 млрд. Можна чакаць, што на беларускіх пастаўшчыкоў прыпадаюць USD4,5 млрд. Прыблізна такі парадак лічбаў запланаваны і на 2016 год. Вядома, 4,5 не 10, але вынік больш чым вялікі: гэта супастаўна са зброевым экспартам Нямеччыны і больш чым у Вялікабрытаніі і Ізраіля. Праўда, аднак, у тым, што і USD10 млрд, і USD4,5 млрд беларускага абароннага экспарту ў Расею - толькі ў марах.

Як ёсць на самой справе. Дзяржкамваенпрам вельмі неахвотна агучвае фактычныя аб'ёмы вытворчасці. Крайнія дакладна вядомыя паказчыкі - за студзень-жнівень 2015 года прамысловымі арганізацыямі ўстановы выраблена прадукцыі на Br3571,1 млрд. Або звыш USD238 млн. Да міфічных мільярдаў - як да Месяца.

Не ўсе прадпрыемствы, занятыя ў вытворчасці вайсковай прадукцыі, падпарадкаваныя Дзяржкамваенпраму. Так што статыстыка ўстановы не адлюстроўвае ўсяго аб'ёму вытворчасці для патрэб абароны. Ды і самі закупкі ў рамках дзяржабаронзаказу звязаныя не толькі з баявой тэхнікай і ўзбраеннем: жаўнераў трэба карміць, апранаць, лячыць, тэхніцы патрэбныя ГЗМ.

Калі прыняць за праўду аб'ём беларускага экспарту ў інтарэсах расейскай абароны ў USD за 4,5 млрд у год, то давядзецца прызнаць, што звыш 40% агульнага аб'ёму айчыннага экспарту ў Расею прыпадае на «... галоўным чынам высокатэхналагічную прадукцыю». Праўда, Белстат гэтай тэхналагічнасці не заўважае: аснову нашага экспарту ў Расею складае прадукцыя, якая мае мала агульнага з перадавымі тэхналогіямі. Акрамя таго, з 2011 года дзейнічае негалосная забарона на набыццё для патрэб расейскага войска ў Беларусі прадукцыі, якая вырабляецца ў Расеі па-за залежнасці ад кошту і якасці. Выключэнне складае толькі прадукцыя, наўпрост якая ўплывае на баяздольнасць вырабаў і прадукцыя легпрама.

Атрымліваецца адно з двух: альбо няма ніякіх 15% у расейскім дзяржабаронзаказе, альбо Беларусь пастаўляе ў Расею высокатэхналагічны сыр вайсковага прызначэння.

Што б гэта азначала. Як тады разумець заявы Дзяржкамваенпрама Беларусі аб 15%-м удзеле ў дзяржабаронзаказе Расеі? Адказ: як заўгодна, але не як фінансавы паказчык. Гэта можа быць і доля ў наменклатуры расейскай прадукцыі, у якой ёсць беларускія складнікі, і працэнт расейскіх прадпрыемстваў, занятых у выкананні дзяржабаронзаказе і якія маюць беларускіх сумежнікаў. Натуральна, ніякіх USD4,5 млрд штогадовых вайсковых паставак у Расею няма і блізка. Сярэднеўзважаны ўзровень экспарту ў Расею беларускіх прадуктаў вайсковага прызначэння не перавышае 70% ад аб'ёмаў вытворчасці. Так што сумнеўна, каб агульны аб'ём абароннага экспарту Беларусі ў Расею быў значна вышэйшы за USD400 млн у год. Што, зрэшты, таксама не мала.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках