19 красавiка 2024, Пятніца, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Януш: Мы беларусы і наш герб - «Пагоня»

14
Мікалай Януш: Мы беларусы і наш герб - «Пагоня»
Мікалай Януш

Форвард салігорскага «Шахцёра распавёў пра любоў да роднай мовы і кнігі Святланы Алексіевіч.

У цяперашнім сезоне форвард салігорскага «Шахцёра» прыцягвае да сябе ўвагу не толькі галамі. З нядаўніх часоў Мікалай Януш актыўна папулярызуе беларускую мову. На ёй нападнік вядзе свой Інстаграм, перыядычна дае пасляматчавыя экспрэс-інтэрв'ю і нават каментуе футбол. Аб сваім захапленні нацыянальнай культурай Януш распавёў у інтэрв'ю «Трибуне».

Пра беларускую мову і кнігу, з якой усё пачалося

- Перад новым годам Вовка Пірог (журналіст газеты «Прессбол» - заўв.) у адным з інтэрв'ю завёў тэму беларускай мовы. Я яму на мове адказаў. Затым на ўзнагароджанні ў Салігорску мяне падчапілі: «Ну, раз гаварыў тады, давай і цяпер». І я спантанна нешта выдаў. А на «Зорным мячы» ужо Уладзімір Навіцкі падштурхнуў - выйшла таксама нядрэнна. А потым падумаў: а чаму б не рабіць так заўсёды? І пайшло. Я захацеў прыцягнуць увагу да таго, што мы - беларусы, і што ў нас ёсць свая мова. Я вельмі зайздросціў Мікалюнасу, які гаворачы з сям'ёй, не саромеючыся, пераходзіў на літоўскую.

Мая цешча з-пад Пінска, дзе размаўляюць на сумесі ўкраінскай, польскай, беларускай і расейскай моў. Там такая салянка! Калі мне было 20, я, слухаючы яе, думаў: «Ну калгас. Што яна кажа наогул? "Цяпер жа бегаю за ёй і прашу растлумачыць значэнне некаторых слоў. Увогуле, падумаў, а чаму мы не можам гаварыць на сваёй мове, і адважыўся паспрабаваць. Я яшчэ не магу гаварыць свабодна на мове, бо яе няма вакол. Я не чую яе па тэлевізіі, у крамах, на вуліцах. Калі раней на мове ішлі навіны, перадачы, спартыўныя трансляцыі, то цяпер гэтага няма. Калі каментаваў футбол з Навіцкім, сказаў чыстую праўду - я вырас на яго беларускамоўных рэпартажах.

Наогул жа пачалося ўсё з інтэрв'ю Васіля Хамутоўскага, у якім ён прарэкламаваў кнігу Вадзіма Дзеружынскага «Забытая Беларусь». Зацікавіўся, купіў. Прачытаў 20 старонак і ўжо хацеў кідаць. Думаў, што нейкі апазіцыянер піша, шчыра. Вельмі ўжо крытычна разбіраў словы дзяржаўных дзеячаў. А я не люблю ўсякія такія палітычныя штукі. Але я ўпарты і заўсёды прымушаю сябе дачытваць кнігі да канца. Таму ў калекцыі шмат прачытаных нецікавых кніг.

І далей кніга Дзеружынскага раскрылася, стала вельмі цікавай. Яна змяняе свядомасць. Аўтар хоча чытачам адкрыць вочы, што наша гісторыя пачынаецца не 30 гадоў таму. І нават не сто. Мы не расейцы, не ўкраінцы. Мы - беларусы. Самастойная нацыя са сваёй мовай. У савецкі час беларускасць вынішчалі ўсімі спосабамі. Нават улюбёны ўсімі Пётр Машэраў. Прыязджае чалавек з вёскі ў горад, гаворыць па-беларуску, а яго пачынаюць абзываць калгаснікам. І пад ціскам ён пераставаў гаварыць.

Цяпер, дарэчы, справа пастаўлена так, што калі я загавару на мове, усе будуць лічыць мяне апазіцыянерам. Тое ж самае і з "Пагоняй". Гэта наш гістарычны сімвал. Наконт сцяга не ведаю, але герб дакладна. І мяне карабаціць, што цяпер, калі я надзену майку з "Пагоняй", мяне назавуць апазіцыянерам. Чаму?! Я не разумею гэтага. Трэба, наадварот, прасоўваць мову і ўсё культурнае, а не ствараць такія ўмовы.

Пра чытанне і кнігі Святланы Алексіевіч

- Дома заўсёды было шмат кніг. Неяк наткнуўся на адзін з раманаў Валянціна Пікуля. Кніга мне настолькі спадабалася, што я прачытаў яго ўсяго. Абсалютна ўсе кнігі. Ён піша гісторыю, дадаючы невялікія штрыхі мастацкай літаратуры. Супер. У мінулым годзе паставіў задачу прачытаць усю расейскую класіку.

Чытаю толькі «паперу». Ніколі не разумеў, як той жа Юра Каламыц «чытаў» аўдыёкнігі. Казаў, што акцёр часам вельмі эмацыйна чытае. Мне гэта дзіўна, бо ты ж не паспяваеш візуалізаваць прачытанае, уявіць героя, абдумаць яго словы. Захочацца затрымацца на нейкай думцы і перачытаць, а цябе гоняць далей.

Пры гэтым не скажу, што я чытаю запоямі. У асноўным на зборах або заездах. Дома часу няма - а 7:20 адводжу дзяцей у сад і школу, а там і на трэніроўку ў Салігорск трэба. А вось летам кайфую. Прачынаюся а сёмай раніцы, іду на кухню і ціхенька чытаю гадзінку, пакуль усе спяць.

Пасля таго, як Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, азнаёміўся з яе творчасцю. Прачытаў дзве кнігі - пра Чарнобыль і пра развал Савецкага Саюза.

Я сам з чарнобыльскай зоны і ў дзяцінстве бясплатна ездзіў аздараўляцца ў санаторыі. Зараз старэйшы сын ідзе тым жа шляхам. Таму мне было вельмі цікава прачытаць «Чарнобыльскую малітву». І я скажу, гэта жорсткая і вельмі цяжкая кніга. Мне было неймаверна складана прапускаць праз сябе пакуты людзей, але я даведаўся праўду пра тое, як усё адбывалася. Доўгі час я рос з такім веданнем: грымнуў рэактар, і ўсіх вывезлі. І толькі пасля чытання даведаўся, як людзі пакутавалі, калі пакідалі свае дамы, як станавіліся адрынутымі на новых месцах, як СССР усе хаваў.

Маё меркаванне - не кожны гатовы даведацца гэтую праўду. І я не рэкамендую чытаць кнігу ўражлівым людзям.

А вось пра развал СССР вельмі спадабалася. Цяпер мне становіцца зразумелай прырода паводзінаў тых жа прадавачак з салігорскага ўнівермага. Гэтая кніга пра іх. Пра людзей, якія пражылі вялікую частку жыцця пры Саюзе, якія так і не змаглі перабудавацца і прыстасавацца да новага часу.

У жонкі два браты ў Мікашэвічах займаюцца прадпрымальніцтвам. Калі да іх у краму заходзяць пакупнікі, іх атачаюць увагай. Падказваюць, што лепш выбраць. Да людзей ставяцца паважліва, таму што яны прынеслі свае грошы. І ў гэтую краму будуць прыходзіць, нягледзячы на тое, што там трохі даражэй. А нядаўна быў у салігорскім універмагу. За прылаўкам сядзіць жанчына з такім выглядам, быццам я ёй павінен усё на свеце. Пытаюся: «А дзе ў вас вось гэта?» - «А, ідзі вунь там паглядзі». Робіць мне ласку. Раней асуджаў такія паводзіны, а цяпер разумею. Вось менавіта гэтаму навучыла мяне кніга «Час second hand» - разумець людзей, якія не змаглі перабудавацца пасля развалу СССР.

Яшчэ спадабалася біяграфія Маргарэт Тэтчэр. Моцная кніга пра Жалезную лэдзі. Было вельмі цікава даведацца, як яна мяняла Вялікабрытанію. З яе слоў, было гэта вельмі цяжка. За месяц беспрацоўе магло вырасці з аднаго мільёна да трох! І трэба было спраўляцца з незадаволенасцю, але Тэтчэр прывяла ўсё ў норму. Яшчэ крутая кніга Златана Ібрагімавіча. Рэкамендую ўсім. А цяпер чытаю Уладзіміра Познера «Развітанне з ілюзіямі».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках