3 лiстапада 2023, Пятніца, 6:16
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Фомачкін распавёў, як рыхтавалася шэсце з расейскім сцягам

69
Фомачкін распавёў, як рыхтавалася шэсце з расейскім сцягам
Андрэй Фомачкін
ФОТА: РІА «НОВОСТИ»

Чыноўнік Мінспорту падкрэсліў, што ягоны выхад быў добра прадуманы і спланаваны.

Андрэй Фомачкін, начальнік аддзела зімовых тыпаў спорту ўправы нацыянальных каманд Міністэрства спорту і турызму, які пранёс на цырымоніі адкрыцця сцяг адхіленай ад Гульняў Расеі, выклікаў сваім учынкам неадназначную рэакцыю не толькі ў шырокай грамадскасці, але і ў журналісцкіх кулуарах, піша tut.by.

Расейскія ўласныя карэспандэнты Першага канала, «НТВ» і «Расеі» чакалі ў аэрапорце «Мінск» ні больш ні менш - «героя Фомачкіна».

Беларускія калегі былі больш стрыманыя і ў эмоцыях, і ў прамовах удзячнасці на адрас Андрэя Фомачкіна. Як ні дзіўна, на сустрэчу не прыехаў ніхто з беларускіх або расейскіх афіцыйных асоб. Не было ні кветак, ні дывановай дарожкі, ні гукаў фанфар у гонар вяртання Фомачкіна.

Супрацоўнік Мінспорту з'явіўся перад журналістамі з жонкай і прэс-сакратаром Міністэрства Уладзімірам Несцяровічам - праз сорак хвілін пасля прызямлення. Пачаў віноўнік сустрэчы з выбачэнняў:

- Я атрымаў вельмі шмат званкоў. Але не мог адказваць на іх з прычыны таго, што ад маіх выступаў напэўна залежала пастанова камісіі аб поўнай альбо частковай дыскваліфікацыі каманды. Але мы абышліся мінімальнымі стратамі - быў выдалены толькі я.

Беларускі чыноўнік адзначыў, што не ляцеў у Бразілію са спецыяльнай місіяй:

- А як так атрымалася так, што менавіта я вынес сцяг. Нельга сказаць, што мяне абралі, проста я ўзяў на сябе смеласць рэалізаваць агульную ідэю. Алег Шэпель планаваў гэты крок яшчэ ў Беларусі. Уся паралімпійская супольнасць - дружная сям'я, якая была салідарная з нашай пастановай. Проста ёсць палітычныя прычыны, якія не дазваляюць астатнім шчыра выказваць сваю пазіцыю.

Андрэй Фомачкін падкрэсліў, што ягоны выхад быў добра прадуманы і спланаваны. Пастанова прымалася не за гадзіну і не за дзень. Доступ супрацоўніка Міністэрства спорту і турызму, згодна з правіламі, у алімпійскую вёску быў забаронены:

- У парадзе сцягоў бяруць удзел толькі спартоўцы і трэнеры. Раніцай у дзень мерапрыемства аргкамітэт прыняў пастанову, паводле якой суправаджальныя асобы генеральных сакратароў дапускаліся на шэсце нацый. Таму мая місія стала рэальнай. Мае адчуванні перад цырымоніяй былі падобныя на тыя, якія спартовец адчувае перад стартам - хваляванне. У мяне былі падрыхтаваныя два расейскіх сцягі. Я меркаваў, што сек'юрыці могуць канфіскаваць адзін з іх. А маёй мэтай было данесці сусветнай грамадскасці салідарнасць з адхіленымі расейскімі паралімпійцамі.

Прыгожа прагучала б, што я трымаў сцяг Расеі пад сэрцам. Але мне давялося схаваць яго пад пінжак. Міжнародныя карэспандэнты напісалі, што сваім учынкам мы азмрочылі такую шыкоўную працэсію. Я ж мяркую, што гэтым мы, наадварот, дадалі разыначку.

Андрэй Фомачкін заявіў, што «ўся каманда беларускіх паралімпійцаў была салідарная з гэтым крокам». Такім чынам яны падтрымалі не толькі расейскую каманду, але і выказалі ўласны пратэст супраць нядопуску беларускіх байдарачнікаў на Алімпійскія гульні-2016:

- Нам дакладна гэтак жа не падалі ніякіх довадаў віны, з якімі мы б маглі пагадзіцца. Усе разумелі, што могуць узнікнуць сур'ёзныя санкцыі ў дачыненні да каманды Беларусі праз з'яўленне расейскага сцягу. Але мы іх мінімізавалі. Я не думаў над тым, як буду апраўдвацца перад спартоўцамі ў выпадку дыскваліфікацыі каманды, бо такога не прагназавалася.

Адзіны расейскі сцяганосец на Паралімпіядзе ў Рыа сказаў, што спакойна адрэагаваў на ідэю аб прадстаўленні яго да Ордэна Дружбы і на прапанову назваць стадыён у Новасібірскай вобласці імем Андрэя Фомачкіна:

- Для мяне героі - гэта Ягораў і Кантарыя, якія ўзнялі Сцяг Перамогі на даху рэйхстага. А я ўсяго толькі выказаў агульную пастанову паралімпійскай сям'і. Напярэдадні на нарадзе адказнага сакратара папрасілі, каб я пакінуў краіну. І я зрабіў гэта ў самыя кароткія тэрміны. У мяне няма ніякага шкадавання.

нагадаем, што шэф беларускай місіі на паралімпійскіх гульнях Мікалай Шудзейка асудзіў дзеянні чыноўніка Мінспорта Фомачкіна падчас адкрыцця паралімпійскіх гульняў у Рыа.

У інтэрв'ю брытанскай The Guardian Мікалай Шудзейка сказаў, што каманда «засмучаная і абураная» тым, што яе спрабуюць выкарыстаць у палітычных мэтах.

Кіраўнік беларускай місіі заявіў, што чальцы беларускай каманды хацелі б адмежавацца ад Андрэя Фомачкіна, якога так уздымаюць улады Беларусі і Расеі за тое, што той таемна пранёс расейскі сцяг на стадыён Маракана і размахваў ім падчас параду спартоўцаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках