20 красавiка 2024, Субота, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Няўжо беларусы ўсё гэта стрываюць?

64
Няўжо беларусы ўсё гэта стрываюць?
ФОТА: BELSAT.EU

Усе, хто прабраўся ў «палатку» пасля гэтай фальшывай кампаніі, - самазванцы.

За 19 гадоў працы журналісткай я бачыла шмат розных «выбараў» і «рэферэндумаў» у Беларусі. Амаль усе яны праходзілі паводле аднаго сцэнару: прымусовае датэрміновае галасаванне, укідванне фальшывых бюлетэняў, адсутнасць рэальнага падліку галасоў прыгоннымі настаўнікамі і перадавікамі сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, і паўпустыя ўчасткі ў асноўны дзень, бо ніводзін нармальны чалавек не стане ўдзельнічаць у бессэнсоўным і бескарысным мерапрыемстве.

Але сёлета шоў Ярмошынай пад назвай «парламенцкія выбары» не проста зазнала крах. Згарэў сам цырк.

11 верасня ўчасткі ва ўсёй краіне проста пуставалі. Гэта зафіксавалі і назіральнікі на ўчастках, і незалежныя журналісты. Сябры выбаркамаў сядзелі ўвесь дзень у журботнай адзіноце, буфетчыцы сумавалі за прылаўкамі з таннымі пойлам і пратэрмінаванымі прадуктамі, а ансамблі народнай творчасці спявалі і скакалі для заснулых каля выбарчых скрыняў міліцыянтаў. Дайшло да таго, што да канца дня на адным з участкаў у Менску сталі бясплатна наліваць піва. Адзін голас - адзін літр. У выніку да ўчастку сцягнулі мясцовых алкаголікаў, дадаўшы ў агульную сітуацыю «выбараў» сакавітыя фарбы.

Ніхто з маіх шматлікіх сваякоў і знаёмых на гэтыя «выбары» не хадзіў. Поўнае ігнараванне назіралася і ў сацсетках: нават абсалютна далёкія ад палітыкі людзі палічылі патрэбным паведаміць, што ў фарсе ўдзельнічаць не маюць намеру.

Знаёмы медык распавёў, што галоўнага лекара ягонай лякарні выклікалі на трывогу ў выходны дзень на працу, каб ён асабіста хадзіў па палатах са скрыняй і прапаноўваў хворым прагаласаваць. У спісах тых, хто прагаласаваў, апынуліся нават людзі, якія даўно ляжаць у коме.

У істэрыцы Ярмошына загадала выдаляць незалежных назіральнікаў і журналістаў з участкаў і не даваць здымаць пустэчу, а міністарка інфармацыі Ананіч прыстрашыла разабрацца з незалежнымі журналістамі. Гэтыя жанчыны, відавочна, надумалі канчаткова дабіць свайго патрона.

Усе, хто ў выніку прабраўся ў «палатку» пасля гэтай фальшывай кампаніі, - самазванцы. Не дае спакою адно пытанне: няўжо беларусы і гэта стрываюць?

Здзівіла, што ў гэтым дрэнна зрэжысаваным спектаклі ўзялі ўдзел некаторыя апазіцыянеры. Зрэшты, калі бачыш, што ў асноўным гэта былі прадстаўнікі партый, якія на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года вылучылі кандыдатамі Кастусёва і Раманчука, пытанні знікаюць. Нагадаю, што абодва гэтыя персанажы, калі ўсе незалежныя кандыдаты і чальцы іх штабоў сядзелі ў турме КДБ, выступалі па БТ з даносамі на палітвязняў.

Дарэчы, яшчэ тады, у 2010-м, супрацоўнікі КГБ, спрабуючы вербаваць арыштаваных актывістаў, прапаноўвалі ім абавязкова ўзяць удзел у «парламенцкіх выбарах», абяцаючы разнастайную падтрымку. Не, я, вядома, не хачу сказаць, што ўсе кандыдаты ад апазіцыі - агенты, але нават тыя, хто шчыра хацеў данесці да людзей альтэрнатыўную інфармацыю падчас так званай выбарчай кампаніі, міжволі сталі падбрэхічамі Ярмошынай. Абсалютная большасць назіральнікаў сышлася ў меркаванні, што ні на вострую крытыку рэжыму, ні на яскравыя выступы на радыё і ТБ у сённяшніх рэаліях апазіцыянеры не адважыліся. Казалі, у асноўным, пра рэформы ЖКГ і адукацыю ў дыктатарскай краіне, дзе не выконваюцца элементарныя правы чалавека, а нешматлікія пікеты, хоць і пад бел-чырвона-белымі сцягамі, толькі падыгралі ўладам у іх патугах стварыць бачнасць нейкага выбарчага працэсу.

11 верасня стала цалкам зразумела, што няма ў Лукашэнкі будучыні - адгуляў сваё. Ні заляцанні з Захадам, ні галоп макеяў і купчыных па Еўропах ніяк не запусцяць збанкрутавалую луканоміку.

Ён трымаецца толькі таму, што людзі трываюць здзекі з сябе. Мала хадзіць у вышымайках, наведваць курсы «Мова нанова», спяваць песні BRUTTO на футбольных матчах і крычаць «Жыве Беларусь» на канцэртах Лявона Вольскага.

Каб сапраўды змяніць сітуацыю, трэба наважыцца на актыўныя дзеянні.

Я ведаю, што сёння а 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска выйдуць адважныя людзі. Каб абараніць гонар нацыі і паказаць свету, што беларусы не згодныя з выбарчым фарсам і хочуць быць свабоднымі.

Трываць больш нельга.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках