23 красавiка 2024, aўторак, 22:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нашы дзеці - добраахвотнікі, а не найміты»

4
«Нашы дзеці - добраахвотнікі, а не найміты»
Фота: «Наша Ніва»

У Менску стварылі Камітэт бацькоў добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну.

У Менску праходзіць прэс-канферэнцыя бацькоў беларусаў, якія ваююць за Украіну. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Мікалай і Алена Скоблы - бацькі Аляксея Скоблы; Вольга Шаўлюкевіч, маці «Зубра» з «Азова» і Віктар Мельнікаў, паведамляе «Наша Ніва».

Старшыня аргкамітэта для стварэння БХД Павел Севярынец ва ўступным слове адзначыў, што ціск на гэтых бацькоў - гэта ўсё праз ціск расейскіх уладаў. Ва ўсіх бацькоў былі ператрусы, адабраная маёмасць - тэхніка. Таксама ціснуць спецслужбы на сяброў хлопцаў.

Віктар Мельнікаў у сваім выступе адзначыў: «Увайсці ў камітэт бацькоў добраахвотнікаў мяне падштурхнула тое, што, перакройваецца заканадаўства РБ - уводзіцца паняцце «найміцтва» і «тэрарызм». Гэты артыкул супярэчыць міжнародным актам - трэба з гэтым нешта рабіць».

Вольга Шаўлюкевіч адзначыла: «Я маці, я люблю свайго сына, адракацца ад яго не збіраюся. Мяне білі, я запалоханая, але ўсё адно буду ісці наперад», - кажа Вольга. Вольга Шаўлюкевіч распавядае пра выпадак, калі невядомы ўдарыў яе па галаве, калі яна выйшла з прыгараднай электрычкі.

«Наш сын Лёша ўспрымае Украіну як суседа, на якога напалі. Наш сын - дарослы чалавек, я не буду каментаваць ягоны выбар. Да нас прыходзілі, забралі планшэт - мой планшэт. Пра нейкія наркотыкі, фальшывыя грошы казалі. Але гэта смешна - год прайшоў, усё ўжо перакладзенае з месца на месца даўно. Планшэт нам не вярнулі», - адзначыла Вольга.

Сёння ў Менску быў створаны Камітэт бацькоў добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне (кіраўнікі - Шаўлюкевіч і Мельнікаў).

Яго мэта - абараніць бацькоў і дзяцей, якія ваююць. Мяркуецца зрабіць спробу яго рэгістрацыі, а затым звяртацца ў «палату прадстаўнікоў» з патрабаваннем скасаваць папраўкі ў закон аб «найміцтва», а таксама да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

«Тыя, хто ваююць за Украіну - яны добраахвотнікі. Тыя, хто змагаецца за «ДНР» ці «ЛНР» - найміты», - мяркуюць у камітэце.

Са словаў Віктара Мельнікава - бацькі Яна Мельнікава, на сёння блізу 120 беларусаў ваюе за Украіну, а блізу 200 чалавек за так званую «Наваросію».

Ініцыятары стварэння камітэта яшчэ не звязваліся са сваякамі ўсіх добраахвотнікаў, якія ваююць супраць сепаратыстаў, але плануюць гэта зрабіць.

«Мы простыя людзі, у нас ёсць праца, мы можам тры гады гаварыць, але трэба пачаць дзейнічаць, каб рэабілітаваць нашых хлопцаў», - кажа Віктар Мельнікаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках