25 красавiка 2024, Чацвер, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мсціславе дзвюм вуліцам вярнулі гістарычныя назвы

4
У Мсціславе дзвюм вуліцам вярнулі гістарычныя назвы
ФОТА: NLB.BY

Акрамя таго, назву набыла і плошча ў цэнтры горада.

У Мсціславе 24 верасня праходзіць абласны фэст-кірмаш «Дажынкі-2016». На пачатку гэтай падзеі дзвюм гарадскім вуліцам вернутыя гістарычныя назвы.

Як паведаміў начальнік галоўнай управы ідэалагічнай дзейнасці, культуры і спраў моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, цяпер у гістарычнай частцы Мсціслава з'явіліся вуліцы з ранейшымі назвамі - Кармеліцкая і Пірагоўская. Акрамя таго, раённыя ўлады назвалі плошчу ў цэнтры места імем Пятра Мсціслаўца. Раней яна не мела назвы, паведамляе БелаПАН.

Згодна з праграмай фэсту, сёння ў горадзе праходзяць святочныя набажэнствы, у тым ліку асвячэнне рэканструяванай Свята-Траецкай царквы. Акрамя таго, напярэдадні «Дажынак-2016» у Мсціславе з'явіліся аб'екты ў стылі драўлянага сярэдневечнага замка з элементамі музеефікацыі.

«Ужо заканчваюцца работы для ўзнаўлення вежы «данжон», дзе размесціцца музейная экспазіцыя пад умоўнай назвай «Дрэва жыцця». Ідэя гэтай экспазіцыі - сабраць экспанаты, якія вырабленыя з дрэва. А такіх экспанатаў шмат - пачынаючы ад берасцяной граматы, знойдзенай у Мсціславе, і заканчваючы прадметамі побыту жыхароў гэтых мясцін», - сказаў начальнік абласной управы ідэалогіі.

Паводле ягоных слоў, побач з гэтай вежай адноўлены будынак, які дазволіць зрабіць больш самавітым для агляду месца раскопак горада XII стагоддзя.

«Там жа плануецца выставіць археалагічныя артэфакты, знойдзеныя менавіта на Замкавай гары і на тэрыторыі Мсціслава. Дарэчы, гэты праект выйшла рэалізаваць дзякуючы ўніверсітэту імя Куляшова - ягоным выкладчыкам і студэнтам», - адзначыў Кунцэвіч.

Ён таксама падкрэсліў, што побач са Свята-Траецкай царквой для агляду адкрыты элемент старога мсціслаўскага бруку XIX стагоддзя. Такі брук, выкладзены чырвонай цэглай, рабілі ў свой час у Галандыі.

Да «Дажынак» у Мсціславе праведзены і бягучы рамонт фасаду кармеліцкага касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках