23 красавiка 2024, aўторак, 16:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка баіцца партызан?

23

Да прыезду дыктатара ў Гомелі высякаюць хмызнякі, а ў лесе пракладваюць шырокія прасекі.

Ужо некалькі тыдняў паўтара дзясятка кіламетраў дарогі ад Гомеля праз урочышча Клёнкі і далей да ліцэя МНС сталі аб'ектам пільнай увагі мясцовых уладаў.

Дарожнікі спешна перакладалі асфальт у найбольш праблемных месцах, чыгуначнікі рамантавалі пераезд Клёнкі-Раманавічы. Камунальнікі з аграрыямі як апантаныя і цяпер чысцяць узбочыны дарогі і прылеглыя да яе лапікі зямлі, паведамляе «Радыё Свабода».

Рыбак Васіль, які ідзе ад ракі Іпуць у горад, з непрыхаванай усмешкай каментуе старанні мясцовага начальства:

«Прыгладжваюць, баяцца, што Лукашэнка павыганяе».

Размовы пра наведванне Лукашэнкам ліцэю МНС цыркулююць у Гомелі дзесьці з пачатку верасня. З яго візітам людская пагалоска і звязвае стараннасць многіх службаў на дарозе, пачынаючы ад вуліцы Скарыны ў бок Клёнак і Веткі.

Камунальнікі ўкладваюць бардзюры, прыводзяць у парадак з'езды да прыватнага сектару, кінуўшы недаробленую блізкую адсюль вуліцу Валадарскага, жыхары якой адмаўляліся нават ісці на выбары 11 верасня.

Перад рэчкай Іпуць і пасля яе ў дадатак да рэкламных шчытоў будаўнічых матэрыялаў устаноўленыя жоўтыя білборды з павучальнымі надпісамі па-беларуску, праўда, з некаторымі памылкамі: «Будзь моцным - данясі смецце да урны!», «Вучыце дзяцей добрым манерам!». У першым лозунгу не стае «ў» нескладовага. Білборды, высветлілі, вырабленыя на замову Гомельскага камітэта аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, пра што паведамляецца ўнізе дробнымі літарамі, напісанымі чамусьці па-расейску.

Ад развілкі дарог у бок дзіцячага летніка «Рамантыка» і райцэнтра Ветка ва ўсю шчыруюць працоўныя Раманавіцкага лясніцтва Гомельскага лясгаса. Ужо высечаны і спілаваны прыдарожны хмызняк. Цяпер ад шашы ўглыб лесу пракладваюць шырокія прасекі. Тутэйшыя агароднікі смяюцца:

«Партызан асцерагаюцца, ці што?»

«Можа, наадварот, лінію абароны рыхтуюць, як маладафронтаўцы», - выказвае меркаванне абазнаны ў грамадскім жыцці агароднік Алег, маючы на ўвазе, што акурат за ліцэем МНС, у лесе паблізу вёскі Рудня-Споніцкая, актывісты Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі рылі ў пачатку верасня патрыятычны акоп, каб ратавацца ад магчымай расейскай агрэсіі, накшталт той, што разгорнутая ва Украіне.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках