29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асуджанаму ў РФ беларусу Кірылу Сілівончыку адмовілі ва УДВ

Асуджанаму ў РФ беларусу Кірылу Сілівончыку адмовілі ва УДВ
Кірыл Сілівончык

Беларус, які апынуўся ў расейскай калоніі за падтрымку Украіны, застаецца за кратамі.

Як стала вядома charter97.org, 16 верасня суд Сямёнаўскага раёна Ніжагародскай вобласці канчаткова адмовіў грамадзяніну Беларусі Кірылу Сілівончыку, які адбывае пакаранне ў калоніі-пасяленні паводле артыкула 205.2 «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго» КК Расеі, ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. У Кірылы не было ніводнага спагнання (затое ў асабістай справе два заахвочванні), няма грашовага пазову, характарыстыка станоўчая. І пры гэтым - адміністрацыя ВК-14 не падтрымала яго хадайніцтва аб УДВ. Фармальная прычына - асуджаны знаходзіцца на прафілактычным уліку.

Нагадаем, што беларус Кірыл Сілівончык працаваў у «абаронцы» - сістэмным адміністратарам 170-га рамонтнага завода сродкаў забеспячэння палётаў у Ніжнім Ноўгарадзе. У снежні 2014 года яго арыштавалі, а ў красавіку 2015 года судзілі ў Маскоўскім вайсковым судзе і прыгаварылі да двух гадоў калоніі-пасялення паводле артыкула «публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго». Працуючы на расейскім авіярамонтным заводзе, Кірыл Сілівончык быў актыўным удзельнікам групы «Беларуска-ўкраінская салідарнасць» у сацыяльнай сетцы «У кантакце». Ён рэгулярна публікаваў запісы ў падтрымку Украіны, за вяртанне Крыма, супраць расейскіх войскаў у Данбасе. І, вядома, як гэта прынята ў сацыяльных сетках, рабіў рэпосты. Адзін з іх - карцінка, на якой украінскі жаўнер зварочвае шыю двухгаловаму арлу, а пад малюначкам - доўгі пафасны тэкст на тэму «падтрымай украінскіх братоў, уступай у шэрагі ўкраінскага войска». І ў гэтым тэксце, сярод іншага, фраза «забівай маскалёў». За гэта і арыштавалі, і судзілі ў вайсковым судзе, і далі «двушачку», як выказаўся б Уладзімір Пуцін.

Прафілактычны ўлік для Сілівончыка, праз які адмовіць яму ў УДВ, у гэтым выпадку выглядае здзекліва. У расейскіх калоніях на гэты ўлік ставяць тых, хто схільны да ўцёкаў, суіцыду, ці абвінавачаны ва ўжыванні наркотыкаў або алкаголю. Але прымяненне гэтай меры да зняволенага без парушэнняў, толькі з заахвочваннямі, - гэта абсурд. На думку ніжагародскіх актывістаў, Сілівончыка паставілі на ўлік, які пазбавіў права на УДВ, проста за артыкул, паводле якога ён асуджаны. Прадстаўніца адміністрацыі калоніі на судзе сказала, што ён знаходзіцца на ўліку як «асоба, што вывучае, вызнае, прапагандуе экстрэмісцкую ідэалогію». Калі сфармуляваць звычайнымі словамі - гэта проста прадузятае стаўленне адміністрацыі да палітвязняў, якое яна нават не спрабуе схаваць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках