28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі суддзя адмовіўся арыштаваць апазіцыянера

10
У Гомелі суддзя адмовіўся арыштаваць апазіцыянера
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзіміра Няпомняшчых затрымалі 12-верасня, калі ён збіраўся з'ехаць у Менск на акцыю пратэсту супраць вынікаў «выбараў».

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 27 верасня разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя міліцыянтамі ў дачыненні да актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі, экс-кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Няпомняшчых.

Ён быў затрыманы 12 верасня, калі збіраўся з'ехаць у Менск для ўдзелу ў акцыі пратэсту супраць вынікаў «выбараў». Апазіцыянера абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (арт. 17.1 КаАП) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Сваю віну Няпомняшчых не прызнаў, піша БелаПАН.

«Я збіраўся ў Менск, і толькі выйшаў з тралейбуса каля чыгуначнага вакзала, як мяне схапілі супрацоўнікі АМАПу, нічога не тлумачачы, зацягнулі ў аўтамабіль і адвезлі ў Чыгуначны РАУС. Потым у матэрыялах справы яны напісалі, што я нібыта мацюкаўся, размахваў рукамі, на заўвагі не рэагаваў, спрабаваў ад іх уцячы. Я, стары дзед з велізарным заплечнікам 10-15 кг, спрабаваў уцячы ад бугаёў з адкормленымі мордамі?» - заявіў журналістам да суда Няпомняшчых.

Справу разглядаў суддзя Мікалай Бакуноў. Ён адхіліў практычна ўсе хадайніцтвы, якія падаў актывіст АГП: аб прыцягненні да справы абаронцы, аб выкліку ў суд сведак-міліцыянтаў, пра тое, каб выключыць і разгледзець запісы з камеры назірання і відэарэгістратара ў міліцэйскім аўтамабілі.

«Мяне пазбавілі законнага права на якую-небудзь абарону, адмовіліся праглядзець запісы, выклікаць у суд супрацоўнікаў АМАПа. Я вымушаны прасіць адвод суддзі», - заявіў Няпомняшчых.

Гэтае хадайніцтва не было задаволена, як і просьба правесці актывісту АГП псіхіятрычную экспертызу.

«Калі я цвярозы, еду ў Менск, выходжу на прыпынку і лаюся матам, размахваю рукамi i не рэагую на заўвагі, то, можа, я неадэкватны і мне трэба правесці экспэртызу?» - прапанаваў на судзе апазіцыянер.

Таксама ў адміністрацыйным справе змяшчалася хадайніцтва ў суд ад АУС Чыгуначнага раёна з просьбай пакараць актывіста АГП арыштам, бо ён не ўпершыню прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці.

«Гэта - ціск на суд. Ці ў нас ужо арганізаваліся «тройкі» для судоў? А калі такую паперу не паслалі ў пракуратуру, то, выходзіць, «двойкі»?» - адзначыў на судзе Няпомняшчых.

Суддзя пастанавіў прызнаць яго вінаватым і пакараць штрафам сумаю трох базавых велічынь (63 рублі).

Апазіцыянер лічыць рашэнне суда неправамерным і будзе яго абскарджваць. «Разам з тым я думаю, што суддзя зрабіў сумленна. Думаю, ён выдатна разумее, што я не вінаваты, і даў мне мінімальнае пакаранне. Так, ён зрабіў дрэнна, але мог бы даць і 50 базавых, і арышт, так што і на гэтым дзякуй», - заявіў актывіст АГП.

Праваабаронца Леанід Судаленка падкрэсліў, што рашэнне суда трэба ў абавязковым парадку абскардзіць ва ўсіх інстанцыях і ў Камітэце ААН правоў чалавека.

«Гэта трэба зрабіць, каб заўтра маіх і вашых дзяцей супрацоўнікі АМАПа не сустракалі на вуліцы, не прад'яўлялі неабгрунтаваныя патрабаванні, не ілжэсведчылі, выконваючы загад начальства», - патлумачыў праваабаронца.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках