28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палова гарадзенскіх ІП наважылі спыніць працу

5
Палова гарадзенскіх ІП наважылі спыніць працу

Калі падатковая інспекцыя прыйдзе, то 80% з пакінутых гандляроў збіраюцца закрываць сваю справу.

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны» пануе атмасфера, якая даўно ўстанавілася: нешматлюдна, гандляры таварамі лёгкай прамысловасці сядзяць побач са сваімі працоўнымі месцамі і сумна пазіраюць на нешматлікіх пакупнікоў, якія ходзяць па гандлёвых шэрагах.

Журналісты «Радыё Свабода» запыталіся ў мужчыны, які гандлюе курткамі і швэдрамі, як працуецца. Ён у адказ паказвае рукой на рынак: маўляў, паглядзіце, пакупнікоў амаль няма і гандляроў значна зменшылася.

- У нас палова пустых месцаў, прыкметна, што гандляры пачалі закрываць гэты бізнэс, бо не выжыць: падаткі заплаціш і на жыццё не застаецца. Няма грошай у людзей, а значыць, няма бізнэсу.

Да размовы далучаюцца іншыя гандляры, бо працай ніхто не заняты. Журналісты пытаюць, ці выконваюць на рынку патрабаванні ўказа №222, ці маюць усе адпаведныя дакументы? Гандляр джынсамі ўпэўнена кажа, што цяпер гэтае пытанне не самае актуальнае.

- У нас на рынку цяпер толькі кропкавыя праверкі, часам санстанцыя прыйдзе, а падаткавікі не ходзяць. Таму што, калі яны прыйдуць, то 80% людзей, якія сёння яшчэ гандлююць, адразу разбягуцца, бо не маюць адпаведных дакументаў.

Яго адразу падтрымлівае жанчына-прадавачка і кажа, што ўлады трохі паразумнелі ў дачыненні да іх, але ёсць яшчэ над чым думаць:

- Яны ведаюць, што мы не выконваем гэты ўказ і наш бізнэс, па сутнасці, ледзь трымаецца, але нас не чапаюць, бо хоць нейкія падаткі ў бюджэт яшчэ атрымліваюць. А калі нас не стане, то і гэтага ў бюджэце не будзе. Зразумела, калі каманда паступіць, то прыйдуць адразу. Але шкада, што яны ніяк не могуць сваім розумам дайсці да таго, каб стварыць нам для працы нармальныя ўмовы, каб мы больш зараблялі і больш плацілі падаткаў.

Яшчэ адзін мужчына ўдакладняе:

- Яны ж выдатна ведаюць, што мы нічога не крадзем, не парушаем, а дакументы, якія паводле гэтага ўказу патрабуюць, наогул не існуюць у прыродзе, то безумоўна лепш, каб мы працавалі і плацілі нешта ў бюджэт. А нам за месяц трэба аддаць на падаткі, арэнду і астатнія выплаты не менш за 500 рублёў. А яшчэ трэба зарабіць штосьці на жыццё...

Іншая жанчына кажа, што ўсё гэта сітуацыю і так не ратуе. Яна паказвае на пустыя гандлёвыя шэрагі і кажа, што ўсё адбываецца само сабой.

- Вось пасядзіць чалавек тыдзень, другі, трэці - і ніякага прыбытку, і па тавар ехаць няма грошай, бярэ і закрываецца. Цяпер гэта ўсё так проста выглядае, бо і пазычыць ты ўжо нідзе не зможаш. І вось так незаўважна людзі знікаюць з рынку.

Адна з гандлярак распавядае сваю гісторыю, маўляў, пакінула ўжо гандаль, знайшла працу прыбіральшчыцай на два мільёны, але грошай не хапала на пражыванне, таму вымушана была вярнуцца на рынак.

- Я жыву адна, думала, што на адной працы 2 мільёны зараблю, уладкуюся яшчэ на адну. Але на першай працы пачалі патрабаваць, каб сядзела цэлы дзень з 9 да 18 - і гэта за два мільёны! Шукала нешта іншае, абышла невядома колькі розных фірмаў - няма працы. Вярнулася сюды і таксама сяджу, продажаў няма, давядзецца зноў усё згортваць. Не ведаю, што далей рабіць, так ужо сумна жыць стала, і нідзе нікому ты не патрэбная... У газеце чытаеш, што ў нас 380 даляраў заробку, а куды ні пойдзеш, то і двухсот людзі не зарабляюць.

Як правіла, першымі гандляваць перасталі людзі маладыя, і большасць з іх паехалі працаваць за мяжу. ІП удакладняюць, што восем чалавек толькі з гэтага рынку нядаўна з'ехалі ў Швэцыю. Адзін з прадпрымальнікаў кажа, што з гэтага таксама нічога добрага не будзе:

- Яны ўсе маладыя, прычым паехалі парамі, а дзяцей пакінулі на бабак і дзядоў. Можа, і запрацуюць, а дзеці ж без іх будуць расці...

Жанчына перадпенсійнага ўзросту ўпэўненая, што і гэтыя гандляры адсюль бы разышліся, але няма куды ісці.

- Вы паглядзіце, людзі атрымліваюць па два мільёны і зубамі трымаюцца за гэтую працу. Я хадзіла шукаць працу, але безвынікова. У нас усе імкнуцца з'ехаць за мяжу, іншага выйсця няма. Мы вось тут падлічылі, што за год у пенсійны фонд пералічваем 600 даляраў, а пенсію калі нашы жанчыны атрымліваюць, то толькі па 1700 тысяч недэнамінаванымі. Наша суседка тут была: 20 гадоў на заводзе адпрацавала і 12 на рынку - і такая пенсія. Вось як гэта можа быць такое?

Паводле звестак Белстата, на 1 ліпеня 2016 года колькасць ІП у Беларусі скарацілася на 3,7%.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках