29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шымон Перэс: Марыць пра большае

11
Шымон Перэс: Марыць пра большае
Шымон Перэс

За год да смерці Шымон Перэс выступіў у Кіеве з прамовай, тэзісы якой актуальныя і для беларусаў.

Летась, як высветлілася, за год да смерці, 92-гадовы Шымон Перэс, дзевяты прэзідэнт Ізраілю і ўраджэнец беларускага Вішнёва (цяпер у Валожынскім раёне Менскай вобласці), прыехаў у Кіеў. Гэта быў самы цяжкі год для Украіны - толькі што пала Дэбальцэва, краіна пераадольвала наступствы вайны. Перэс прыляцеў, каб гаварыць пра ляноту, смеласць і дзёрзкасць надзеі.

- «Мы марылі аб сваёй зямлі, але зямля, якую мы атрымалі, не была марай. Гэта быў маленькі кавалачак, адна тысячная частка Блізкага Усходу. Гэтая зямля не вельмі добра да нас паставілася. Там былі балоты, маскіты, пустыня на поўдні, камяні. Выбіраць трэба было паміж камарамі і камянямі. На ёй было два возеры — адно мёртвае, другое перасыхаючае. Была легендарная рака — але і ў ёй вады не было. Гэта значыць вады не было ўвогуле. Ніякіх прыродных рэсурсаў таксама не было — ні золата, ні нафты. Тады казалі, што на Блізкім Усходзе ёсць два тыпы краін — краіны нафтавыя і краіны святыя. Наша была абсалютна святая, бо ў нас наогул нічога не было.

Мы былі ў адзіноце там. У нас не было брата па рэлігіі, сястры па мове, суседа па гісторыі. Усё гэта адбывалася пасля Халакосту. Мы прыйшлі туды і не ведалі наогул, што рабіць. Насамрэч не ведалі.

І мы падумалі: самае вялікае багацце прыроды — гэта чалавек. Людзі ўзбагацілі зямлю, а не зямля — людзей.

Мы ўсе сталі навукоўцамі. Кожны фермер у Ізраілі, кожны кібуц пачаў глядзець, як развіваць сельскую гаспадарку без вады, без зямлі. Мы пачалі развіваць яе. Гэта была першая сельская гаспадарка ў свеце, заснаваная на высокіх тэхналогіях. Я сам быў тады студэнтам у сельскагаспадарчым універсітэце, мы спрабавалі праводзіць ірыгацыю — палівалі дрэвы гарачай вадой, думалі, што яны так будуць лепш расці.

На вялікае здзіўлення, высветлілася, што сельская гаспадарка, якая заснавана не толькі на зямлі, але і на высокіх тэхналогіях, працуе. У нас сёння дастаткова вады. Ваду звычайна знаходзяць — яе не здабываюць. А мы сталі яе здабываць. І мы займелі поспех. Мы пачалі апрасняць ваду, мы адшуквалі гародніну, якая не занадта шмат «п'е», займаліся селекцыяй. Вось вам сапраўдны сакрэт: для будучага важна не тое, што вы знаходзіце, а то што вы робіце.

У нас не было ні людзей, ні ўзбраення, мы ніколі не ваявалі, у нас было ўсяго 450 тысяч насельніцтва, не было генералаў, не было вайсковага досведу. ААН наважыла стварыць дзяржаву Ізраіль, але фактычна ішла вайна. Што мы маглі рабіць? Дзве рэчы.

Першае — людзі павінны былі стаць мужнымі і храбрымі. Яны павінны былі зразумець, што ў нас няма выбару — мы павінны толькі перамагчы. Калі мы хоць адзін раз прайграем — усё.

Другое — паколькі ў нас не было зброі, мы пачалі яе вырабляць. Каб удасканальваць армію, нам давялося развіваць IT. Ізраільскі IT-сектар працаваў на войска. Таму што мы былі адны у варожым асяроддзі.

Навошта я вам гэта распавядаю? Дагэтуль я кажу маладым хлопцам або дзяўчатам: сябры, у вас ёсць значна больш, чым вы думаеце. Не лянуйцеся. У вас ёсць значна больш, чым зямля вам можа прапанаваць. Вы можаце вырабляць рэчы, якія не дадзеныя вам. Гэта ўрок для ўсіх.

Украіна — адна з самых важных у свеце краін у сферы сельскай гаспадаркі. Вы сапраўды шмат пастаўляеце, і вы не павінны ад сельскай гаспадаркі адмаўляцца — вы можаце і павінны мадэрнізаваць, аб'яднаць рэсурсы і таленты людзей.

Патэнцыял ва ўсіх людзей — вельмі вялікі. Але ўсе яны трошкі гультаяватыя. Калі хочаце чагосьці дамагчыся, трэба працаваць.

Нічога не падае з неба. Мы ў Ізраілі вельмі шмат працавалі. Што ў гэтым дрэннага? Не ведаю… Людзі ідуць у адпачынак — гэта пустая трата часу. Мне ўжо 90, і я ніколі не быў у адпачынку.

Мне кажуць: «Ты што, ненармальны? Як жа ты адпачываеш?» А я найлепш буду працаваць. Я ад працы атрымліваю радасць.

І не будзьце песімістамі — гэта таксама пустая трата часу, асабліва калі часы мяняюцца.

Трэба ісці за навукай. У навукі няма межаў, абмежаванняў, навука не мае рэфлексіі.

Не спрабуйце вырашыць праблемы мінулага, я не ведаю, ці магчыма гэта наогул. Мінулае наогул не грае ніякай ролі. Проста вывучыце яго, каб вы не паўтаралі старых памылак. У мінулым няма ні будучыні, ні надзеі.

Большасць людзей хочуць памятаць, а не ўяўляць — гэта самая вялікая памылка. Што вы хочаце памятаць? Усе зробленыя вамі памылкі? На гісторыю нельга абапірацца. Гісторыкі былі вестунамі каралёў і тых, хто быў пры ўладзе — яны казалі тое, што трэба.

Людзі баяцца чагосьці… Толькі Бог ведае, што з намі будзе.

Мяне пытаюцца часам: калі азірнуцца назад, якімі былі вашы самыя вялікія памылкі? Я адкажу: мы думалі, што ў нас вялікія мары. А цяпер мы разумеем, што яны былі не такімі ўжо вялікімі. Трэба марыць пра большае. Чым большая ваша мара, тым большага вы даможацеся.

Ваша маладое пакаленне — цудоўнае. Але што мяне злуе ў іх — яны пагарджаюць палітыкамі. Яны кажуць: палітыка карумпаваная, яна не для нас. Я адказваю: вы сумленныя, вы хочаце сумленнай палітыкі — ідзіце і рабіце сумленную палітыку.

Гэта ўсё ўрокі, якія я сам вынес з мінулага.

Яшчэ людзі пытаюць мяне, як заставацца актыўным. Гэта вельмі проста. Лічыце у розуме вашыя дасягненні і мары. Калі вашых мараў больш, чым дасягненняў — значыць, вы ўсё яшчэ маладыя. Калі наадварот — вы старыя».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках