28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выконваючым абавязкі рэктара ЕГУ прызначаны грамадзянін Даніі

Выконваючым абавязкі рэктара ЕГУ прызначаны грамадзянін Даніі
ФОТА: EHU

Да прыходу ў ЕГУ Ёрген Ёргенсэн займаў пасаду Дырэктара адміністрацыі Орхускага ўніверсітэта, другога ў значнасці ўніверсітэта Даніі.

Агульны сход саўладальнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта прызначыў былога Дырэктара адміністрацыі Орхускага ўніверсітэта Ёрга Ёргенсэна выконваючым абавязкі рэктара, пачынаючы з 3 кастрычніка, паведамляе ru.delfi.lt.

Са словаў старшыні Усеагульнага сходу суўладальнікаў ЕГУ, прэзідэнта Фонду «Еўразія» Хортана Бібі-Сентэра: «ЕГУ ўдвая пашанцавала з прыходам сп. Ёргенсэна ва ўніверсітэт у якасці выконваючага абавязкі рэктара. Па-першае, ён прыўнясе выбітны досвед у галіне адукацыйнага адміністравання і глыбокія пазнанні ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва - якасці, неабходныя на існай стадыі развіцця ЕГУ. Па-другое, прызначэнне сп. Ёргенсэна стала магчымым, дзякуючы намаганням і падтрымцы ўрада Швэцыі, аднаго з асноўных партнёраў ЕГУ. Хачу пажадаць сп. Ёргенсэну поспеху ў новай ролі і разлічваю на цеснае супрацоўніцтва».

Пошук часовага рэктара вёўся ў цесным супрацоўніцтве са Швэдскім агенцтвам міжнароднага развіцця (SIDA), якое актыўна падтрымлівае ўніверсітэт і адмініструе фінансавую дапамогу ад Еўрапейскага Звязу ў дачыненні да ЕГУ. Са словаў кіраўніка Аддзялення навакольнага асяроддзя, рынкавага развіцця і Усходняй Еўропы Мір’і Петэрсан, «прафесійны досвед сп. Ёргенсэна - гэта тое, што неабходна ЕГУ цяпер».

«Мы чакаем, што ягоны прыход ва Універсітэт умацуе падмурак для будучага развіцця ЕГУ», - адзначыла яна.

Да прыходу ў ЕГУ Ё. Ёргенсэн займаў пасаду Дырэктара адміністрацыі Орхускага ўніверсітэта, другога ў значнасці ўніверсітэта Даніі. За час сваёй прафесійнай кар'еры Ё. Ёргенсэн працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Даніі і ў Міністэрстве аховы здароўя і ўнутраных спраў Даніі, муніцыпалітэце Капенгагена, а таксама больш за 20 гадоў узначальваў найбуйнейшыя лякарні Даніі, уключаючы лякарню Біспеб’ерг і Універсітэцкі шпіталь Капенгагена.

У сферу адказнасці Ё. Ёргенсэна ўваходзіла рэалізацыя структурных, фінансавых і арганізацыйных рэформаў, якія былі паспяхова праведзеныя дзякуючы строгай бюджэтнай палітыцы і стабільнаму павелічэнню выдаткаў на навуку і даследаванні.

Выконваючы абавязкі рэктара ў сваю чаргу падкрэсліў неабходнасць паслядоўнасці, стабільнасці і празрыстасці ў перыяд пераходу ЕГУ да ўстойлівай фінансавай дзейнасці і планавання. Паводле ягоных слоў, для яго гонар быць адабраным на злучную пасаду ў працэсе развіцця ЕГУ паміж папярэднімі і будучымі сталымі рэктарамі.

«У цесным супрацоўніцтве з сябрамі і партнёрамі ЕГУ мы павінны стварыць здаровую і ўстойлівую фінансавую аснову для будучага росту і развіцця гэтага ўнікальнага праекта, які як ніколі раней запатрабаваны ў беларускім грамадстве», - падкрэсліў ён.

Ё. Ёргенсэн скончыў Капенгагенскі ўніверсітэт са ступенню магістра эканомікі. Падчас сваёй кар'еры ў галіне топ-мэнэджмэнту ён таксама скончыў Еўрапейскую лідарскую праграму ў галіне аховы здароўя ў прэстыжнай французскай бізнэс-школе INSEAD.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках