25 красавiка 2024, Чацвер, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хадаркоўскі выдаткуе 210 мільёнаў на журналісцкія расследаванні

2
Хадаркоўскі выдаткуе 210 мільёнаў на журналісцкія расследаванні
Міхаіл Хадаркоўскі
ФОТА: GETTY IMAGES

Мэта праекта «Адкрытыя медыі» - вяртанне РФ на еўрапейскі шлях развіцця.

Экс-кіраўнік ЮКАСа і заснавальнік грамадскай арганізацыі «Адкрытая Расія» Міхаіл Хадаркоўскі ў чацвер абвясціў аб запуску новага праекту «Адкрытыя медыі». Хадаркоўскі паведаміў РБК, што гатовы падтрымаць не больш за сем медыястартапаў, якія будуць займацца журналісцкімі расследаваннямі. На кожны з праектаў будзе выдаткавана да 30 млн рублёў.

Аб запуску праекта Хадаркоўскі паведаміў у чацвер у сваім Twitter. «Запусцілі новы праект «Адкрытыя медыі». Удзельнічайце, зайздросціце, крытыкуйце», - гаворыцца ў паведамленні.

У Facebook экс-кіраўнік ЮКАСа растлумачыў, што гэта «грамадскі, а не палітычны праект», які «стварае дадатковыя магчымасці для людзей праявіць сябе ў сферы развіцця новых сродкаў масавай інфармацыі ў варунках паступовай манапалізацыі рынку дзяржавай». Хадаркоўскі запэўніў, што «перад праектам не стаіць задача «расхіствання рэжыму». «Мая мэта - дапамагчы стварыць умовы для паступовага вяртання краіны на еўрапейскі шлях развіцця пасля непазбежнага падзення», - напісаў ён.

Журналістам, якія збіраюцца стварыць свой медыяпраект, прапануецца падаць заяўку з выкладаннем канцэпцыі і плана арганізацыі працы. Падаць заяўку можна на сайце «Адкрытая Расія».

«Адкрытыя медыі» прапануюць стваральнікам новых праектаў фінансавую падтрымку, платформу для публікацыі матэрыялаў і інфраструктурную падтрымку, прававую падтрымку ў абароне аўтарскіх правоў і ўзаемадзеянні з Ракамнаглядам. Прадугледжаны таксама журналісцкія гранты, прэміі за ўдалыя публікацыі, майстар-класы, кароткатэрміновыя школы, онлайн-курсы.

Хадаркоўскі распавёў РБК, што экспэртная камісія ўхваліць «пяць-сем праектаў» і выдаткуе на запуск кожнага з іх ад 3 млн да 30 млн рублёў. У апісанні праекта на сайце «Адкрытая Расія» паказана, што экспэртная рада арганізацыі адбярэ пяць найлепшых праектаў для першага этапу.

Прэс-сакратарка Хадаркоўскага Кюле Піспанен паведаміла, што падаваць заяўкі змогуць не толькі журналісты, але таксама актывісты і грамадскія дзеячы. У апісанні праекта гаворыцца, што «Адкрытая Расія» аб'яўляе прыём заявак «на стварэнне сучасных медый, здольных даць дзясяткам мільёнаў людзей у Расеі магчымасць адчуваць сябе паўнавартаснай часткай глабальнага свету».

«Наша агульная мэта - стварэнне каналаў камунікацыі ўнутры расейскай аўдыторыі, якая ўспрымае сябе як самастойную і незалежную ад дапамогі дзяржавы частку грамадства», - адзначаецца ў паведамленні.

Мяркуецца, што ў кожнага праекту будзе галоўны рэдактар і некалькі чалавек у штаце рэдакцыі. Паводле словаў Хадаркоўскага, у яго ўжо ёсць дамоўленасці з некалькімі камандамі і ў найбліжэйшы час яны збіраюцца прыступіць да працы.

Як стала вядома, абмяркоўваецца запуск праектаў у расследаваннях у сферы эканомікі, культуры, у сферы ўзаемадачыненняў бізнэсу з уладай. Асобны праект, як плануецца, будзе вывучаць працу найбуйнейшых сацыялагічных службаў.

Адной з магчымых платформаў для публікацыі першых тэкстаў можа стаць сайт «Адкрытай Расіі», удзельнікам таксама прапануюць запускаць уласныя старонкі ў сацыяльных сетках. Афіцыйны запуск паспяховых праектаў запланаваны на пачатак снежня, да гэтага яны будуць працаваць у тэставым рэжыме.

Нагадаем, Міхаіл Хадаркоўскі ўдзельнічаў у стварэнні парталу «Медуза». У жніўні выданне паведаміла, што Хадаркоўскі і бізнэсовец Барыс Зімін выдаткавалі на запуск праекта па 250 тысяч даляраў, аднак не змаглі дамовіцца аб далейшым супрацоўніцтве з кіраўніцтвам выдання. Гэтымі грашыма «Медуза» расплацілася з тымі, хто бясплатна дапамагаў запускаць праект, пакуль ішлі перамовы, гаварылася ў матэрыяле.

Паведамлялася, што першы галоўны рэдактар «Медузы» Галіна Цімчанка ў 2014 годзе вяла перамовы з Хадаркоўскім як з патэнцыйным інвестарам. Калі ж бізнэсовец запатрабаваў захавання за сабой кантролю ў выданні, Цімчанка адмовілася ад супрацоўніцтва. Услед за Хадаркоўскім з праекта выйшаў і Зімін.

Вясной 2014 года пад кіраўніцтвам былога намесніка галоўнай рэдактаркі часопіса «Коммерсант-Власть» Веранікі Куцылы быў запушчаны сайт «Адкрытая Расія».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках