18 красавiка 2024, Чацвер, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суботкін на судзе: Галаву ў пясок як страус засоўваць не буду

Суботкін на судзе: Галаву ў пясок як страус засоўваць не буду
Максім СУБОТКІН
ФОТА: PRESSBALL.BY

Былы гендырэктар ХК «Дынама-Мінск» Максім Суботкін прызнаў, што ягоныя дзеянні прычынілі шкоду клубу, але не прызнаў свой карыслівы матыў.

Пра гэта ён заявіў 29 верасня ў судзе Першамайскага раёна Менска. «Асабістай карыслівай зацікаўленасці не было. У клубную кішэню я ніколі не залазіў», - цытуе Суботкіна БелаПАН.

Найбольш эмацыйна Суботкін казаў пра інкрымінаваны яму эпізод, які датычыцца пратэжэ былога генеральнага мэнэджара Уладзіміра Беражкова Леаніда Сагындыкава, якога ён прыняў на працу ў якасці спецыяліста ў развіцці дзіцяча-юначага спорту. Паводле абвінавачання, Сагындыкаву выплачваўся ў клубе заробак, але там яго ніхто не бачыў, а грошы за Сагындыкава атрымліваў Беражкоў і перадаваў Суботкіну. Гэтая інфармацыя фігуравала ў пісьмовых паказаннях Беражкова, дадзеных падчас папярэдняга следства.

Пра гісторыю з Сагындыкавым Суботкін распавядаў скрозь слёзы. Былы топ-мэнэджар цяпер шкадуе, што ўзяў пратэжэ на працу. Прывёў яго ў клуб Беражкоў, і на ягоную ініцыятыву ён атрымаў пасаду.

На вочнай стаўцы з Беражковым Суботкін, паводле ягоных слоў, пачуў, што нібыта ён атрымліваў у канчатковым выніку грошы, знятыя з карткі «альтруіста Сагындыкава». «Я не мог паверыць, што ён такія рэчы можа гаварыць, - плакаў у судзе Суботкін. - Я верыў гэтаму чалавеку. Я ніколі не браў гэтых грошай. Я вінаваты, што ўзяў яго на працу. Так, я, як кіраўнік, адказваю за ўсё, што адбываецца ў клубе і за маёй спіной. Была вялікая ступень даверу. Ён абгаварыў мяне».

Суботкін здзіўлены, што пачуў абвінавачванні на свой адрас ад Беражкова, якога заўсёды разглядаў як змагара з карупцыяй.

«Я разумею, што мяне абвінавачваюць у сур'ёзных злачынствах, што Беражкова ўжо памілавалі. Але я не браў ні капейкі. Уся мая праца ў клубе была накіраваная толькі на тое, каб клубу было добра. Я не кажу, што я белы і пухнаты. Я шмат памылак зрабіў і я гатовы адказваць за тое, што зрабіў. І галаву ў пясок як страус засоўваць не буду. Але пры гэтым адказваць гатовы толькі за тое, у чым вінаваты», - заявіў былы генеральны дырэктар ЗАТ «ХК «Дынама-Мінск».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках