19 красавiка 2024, Пятніца, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінцаў з ID-картамі адпраўляюць назад на беларускай мяжы

7
Украінцаў з ID-картамі адпраўляюць назад на беларускай мяжы

Са студзеня грамадзяне Украіны атрымліваюць пасведчанні асобы новага ўзору - біяметрычныя карты.

Апошнім часам суседзі сталі выкарыстоўваць ID-карты не толькі ўнутры краіны, але і пры перасячэнні мяжы. Такія спробы перасекчы мяжу зафіксаваныя ў тым ліку і ў ПП «Макраны» - як на ўезд у Беларусь, так і на выезд.

Ранейшы папяровы пашпарт-кніжка, з'яўляючыся ўнутраным дакументам, дазваляе яго ўладальніку на падставе двухбаковага пагаднення аб бязвізавым рэжыме паміж урадамі Беларусі і Украіны спакойна ездзіць туды-сюды. Між тым, паводле ўсё таго ж пагаднення паміж дзвюма дзяржавамі, унутраны ўкраінскі пашпарт новага ўзору не можа разглядацца як дакумент для пропуску праз мяжу Рэспублікі Беларусь.

- Калі гаворка ідзе пра ўезд у нашую краіну, то парадак просты. Мы тлумачым, што з новым пашпартам перасекчы Дзяржаўную мяжу нельга. Для гэтага патрэбен альбо замежны, альбо ўнутраны пашпарт старога ўзору. Часцей за ўсё бывае, што ў чалавека, з ID-картай, ёсць і патрэбныя дакументы. Калі ж іх няма, на жаль, даводзіцца вяртаць чалавека дадому, - распавёў «Вечернему Бресту» начальнік аддзялення памежнага кантролю «Макраны» Сяргей Бышык.

Ва Украіне ID-карта служыць афіцыйным пасведчаннем асобы грамадзяніна, тамтэйшая памежная служба не мае права забараніць пакінуць краіну з гэтым дакументам.

На думку Сяргея Бышыка, ёсць падабенства з сітуацыяй датычнай расейскіх мігрантаў (з Чачэніі і Дагестана), якія праз Берасце спрабуюць без віз трапіць у Польшчу. Для знаходжання ў Беларусі ім не патрэбная віза. А пры афармленні на цягнікі польскага кірунку «зялёныя фуражкі» іх інфармуюць, што па той бок Буга ім патрэбная віза. Але забараніць выезд з Берасця, да прыкладу, у Тэрэспаль памежнікі такім падарожнікам не могуць.

Праблемы ва ўкраінцаў узнікаюць і пры выездзе з Беларусі, калі выяўляецца, што, акрамя карты, у грамадзяніна Украіны няма ніякіх дакументаў. Тут адразу два адміністрацыйныя парушэнні: рэжыму дзяржаўнай мяжы (арт 23.31 КаАП РБ) і заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (арт 23.55). Пакуль што ў ліку такіх парушальнікаў у асноўным моладзь ва ўзросце ад 16 да 20 гадоў.

Першым разам абыходзяцца папярэджаннем.

- І пакуль ніякіх змен няма. Украінская старана дагэтуль не ініцыявала працэдуру аб прызнанні гэтага новага пашпарта ў якасці сапраўднага дакумента для перасячэння беларускай мяжы, - заявіў прэс-сакратар МЗС РБ Дзмітрый Мірончык.

Нагадаем, электронныя пашпарты Украіна ўвяла 1 студзеня 2016 года. 5 сакавіка стала вядома пра заяву беларускіх памежнікаў, якія адмовіліся прапускаць грамадзян Украіны пры падачы новых ID-карт. Пасля МЗС Беларусі прапанаваў украінскім калегам правесці кансультацыі аб гэтым пытанні.

Украінскі МЗС заяўляе, што ўзоры гэтага дакумента былі накіраваныя ў Менск у снежні 2015 года.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках