24 красавiка 2024, Серада, 23:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мітрапаліт Павел у Смаленску адважыўся на прамовы, якія не наважваецца прамаўляць у Беларусі

28
Мітрапаліт Павел у Смаленску адважыўся на прамовы, якія не наважваецца прамаўляць у Беларусі

Як Еўфрасінню Полацкую робяць прадстаўніцай «расейскага свету».

У Смаленску адкрыўся III этап міжнароднага асветніцкага праекта «Еўфрасіння - асветніца Русі». Удзел у форуме ўзяла дэлегацыя Беларускай Праваслаўнай Царквы на чале з Патрыяршым Экзархам Беларусі мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам, піша «Беларускі партызан».

Беларусам коле вуха нават сама «пастаноўка тэмы» - Еўфрасіння Полацкая і Русь. Хоць напраўду так, асвета на заходнія абшары Русі ішла менавіта з нашых земляў, а не наадварот, як пераконвалі ў савецкіх падручніках.

Аднак Расейская праваслаўная царква ўшаноўвае Еўфрасінню Полацкую не як беларускую асветніцу, а як прадстаўніцу вялікай адзінай Русі - так званага "расейскага свету". І гэта сапраўды скандал.

Мітрапаліт Смаленскі і Раслаўльскі Ісідар недвухсэнсоўна патлумачыў, чаму для расейскай царквы важнае шанаванне святой Еўфрасінні Полацкай. У якасці актуальнасці гэтага шанавання мітрапаліт Ісідар падаў у прыклад павучальнае слова, якое прамовіў япіскап Менскі Міхаіл у 1910 годзе падчас сустрэчы мошчаў святой, якія былі прынесеныя ў межы Беларусі з Кіева-Пячэрскай лаўры. «За доўгія гады наша Белая Русь шмат чаго зазнала, шмат чаго спазнала, - цытаваў мітрапаліт Ісідар былога япіскапа менскага. - Здужалі яе ворагі, адхілілі ад адзінства з Вялікай Расеяй. І пачаўся з боку ворагаў прыгнёт... здзекі не толькі з жывых, але і з памерлых праваслаўных продкаў нашых, целы і косці якіх вырываліся з зямлі і аддаваліся ганьбаванню. І шмат хто тады баязлівы з нашых суайчыннікаў, асабліва баяры і дваране, не выстаялі ў Праваслаўнай веры сваіх бацькоў. І быў час, што здавалася, край гэты загінуў... Выратавала тады Беларусь толькі вера Праваслаўная, аб насаджэнні і ўмацаванні якой дбала прападобная Еўфрасіння. Цяпер намеры ворагаў нашых, ворагаў Расеі накіраваныя на гэтую сілу, на Царкву Праваслаўную... не шкадуюць для гэтага ні розуму, ні сродкаў».

Загаварыў на гэтую тэму і мітрапаліт Павел, цяперашні кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы. У Менску ён асцерагаецца такія прамовы прамаўляць, а вось у Смаленску прыстараўся.

«Вы, Уладыка, звярнулі асаблівую ўвагу на Русь Святую, на прападобную Еўфрасінню Полацкую, Вы вельмі важную дэталь заўважылі - яна з'яўляецца апякункай Святой Русі, - сказаў мітрапаліт Павел, звяртаючыся да мітрапаліта Ісідора. - Існуюць сёння некаторыя палітыкі, якія спрабуюць падзяліць наш славянскі народ з розных прычын, з розных нагод. Часта Святы Патрыярх Кірыл кажа аб расейскім свеце, аб праваслаўным свеце, і хтосьці з нежаданнем чуе заклік Святога Патрыярха. Але напраўду прападобная Еўфрасіння Полацкая з'яўляецца сапраўды апякункай Святой Русі».

Цытаты пададзеныя з сайту Смаленскай епархіі.

Нагадаем, што царкоўнае шанаванне Еўфрасінні (1110 - 1173) у Полацкай зямлі пачалося адразу пасля смерці, ужо ў канцы XII ст. Ужо ў гэты час існавалі царкоўная служба прападобнай Еўфрасінні Полацкай і агіяграфічны «Жыццяпіс» (напэўна, створаны ў адным з заснаваных Ефрасінняй манастыроў). Прычым царкоўнае шанаванне аж да 16 ст. мела толькі мясцовы характар, у Маскоўскай Русі імя Еўфрасінні амаль не было вядомае. На Макар’еўскіх саборах 1547 і 1549 гадоў афіцыйнай кананізацыі Еўфрасінні Полацкай таксама не адбылося. Агульная служба святой была зацверджана РПЦ параўнальна нядаўна - у 1893 годзе, калі ўлады Расейскай імперыі ўжо цудоўна разумелі аб'яднаўчую ролю царквы. У 1984 годзе яна была прылічаная да Сабора беларускіх святых і прызнаная святой апякункай Беларусі.

На пачатку ХХ ст. у друку з'явіліся звесткі аб кананізацыі Ефрасінні папам рымскім Грыгорыем Х яшчэ на другім Ліёнскім сходзе ў 1274 годзе. Праўда, гэтаму няма дакументальнага пацверджання, але паводле традыцыі Еўфрасінню прызнаюць святой і каталіцкая, і ўніяцкая цэрквы.

У дачыненні да Украіны Расейская праваслаўная царква «прыватызавала» князя Уладзіміра, у дачыненні да Беларусі «замахнулася» на Еўфрасінню Полацкую. Гэта не можа быць выпадковасцю, гэта палітыка.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках