25 красавiка 2024, Чацвер, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што змянілася ў Беларусі з 1 студзеня

10
Што змянілася ў Беларусі з 1 студзеня

Беларусы хутка адчуюць на сабе шэраг новаўвядзенняў урада.

«Радыё Свабода» падрыхтавала агляд 10 найбольш важных зменаў, якія ўжо з 1 студзеня адчуюць на сабе беларусы.

1. Пачынаецца паэтапнае павелічэнне пенсійнага ўзросту.

З 1 студзеня штогод на шэсць месяцаў будзе падвышацца пенсійны ўзрост да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў (раней пенсійны ўзрост для мужчын пачынаўся ў 60 гадоў, для жанчын — у 55 гадоў).

Адпаведна ў 2017 годзе ўсталёўваецца пенсійны ўзрост для мужчын — 60 гадоў і 6 месяцаў, для жанчын — 55 гадоў і 6 месяцаў.

2. Падвышэнне падатку на электрасувязь

З 1 студзеня ўсе паслугі электрасувязі будуць абкладацца падаткам на дададзеную вартасць паводле падвышанай стаўкі 25%. Раней гэтая стаўка прымянялася толькі ў дачыненні да паслуг, якія аказваліся абанентам.

3. Выраслі тарыфы на некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі

Згодна з пастановай ураду, з 1 студзеня цеплаэнэргія стала даражэйшай на 17% — 15,6098 рубля за 1 Гкал. На 17% вырасла і цана прыроднага газу ў ацяпляльны перыяд для насельніцтва.

Пры павелічэнні тарыфаў разліковыя плацяжы сямʼі з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры, пры нарматыўным спажыванні паслуг узрастуць на 10,98 рубля і складуць у ацяпляльны пэрыяд 79,38 рубля.

4. На цэнніках будуць пісаць кошты кілаграма і літра

З 1 студзеня прадуктовым крамам рэкамендавана пазначаць на цэнніках, колькі каштуе кілаграм ці літр тавару. Гэты крок у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю тлумачаць тым, што ўпакоўкі бываюць нестандартныя, што не дазваляе пажылым людзям зарыентавацца, калі яны хочуць купіць таннейшы тавар.

Калі тавар меншы за 250 грамаў ці мілілітраў, рэкамэндуецца пазначаць цану за 100 г (мл); для тавараў звыш 250 г (мл) — цану за 1 кг (л).

Пакуль на выкананне рэкамендацыі гандлёвым абʼектам даецца два месяцы, а з 1 ліпеня 2017 года рэкамендацыя стане абавязкам.

5. Усе інтэрнэт-крамы асвояць АРІП

З Новага году ўсе інтэрнэт-крамы мусяць забяспечыць магчымасць аплаты праз сістэму АРІП. Гэтае патрабаванне тычыцца як юрыдычных асобаў, так і прадпрымальнікаў, якія прадаюць тавары ў інтэрнэт-крамах.

АРІП (Адзіная разліковая інфармацыйная прастора) — аўтаматызаваная сістэма, якая дазваляе імгненна аплачваць тавары і паслугі праз інтэрнэт. Яна была створана ў 2008 годзе.

6. Новы ўзровень мінімальнага заробку

Паводле пастановы ўраду, ад сённяшняга дня сума месячнага мінімальнага заробку павялічваецца да 265 рублёў.

Мінімальны заробак устанаўліваецца штогод 1 студзеня і індэксуецца ў залежнасці ад інфляцыі. Дагэтуль ён складаў 230 дэмінаваных рублёў.

7. Новая базавая велічыня

Базавая велічыня вырасла з 21 да 23 рублёў (на 9,5%). Апошні раз базавая велічыня павышалася год таму — з 180 тысяч да 210 тысяч рублёў (недэнамінаваных).

8. Беларуская чыгунка спрасціла правілы правозу дамашніх жывёл

Новаўвядзенне тычыцца пасажыраў, якія перавозяць жывёл у тары, якая не перавышае па суме трох вымярэнняў 200 см. У гэтым выпадку пасажыру не трэба выкупляць усе месцы ў купэ, як было раней.

Дадатковая плата за правоз пакаёвых жывёл у гэтым выпадку таксама брацца не будзе.

Аднак вялікія сабакі павінны перавозіцца ў асобным купэ купэйнага вагона пры наяўнасці намордніка і смыка.

9. Старымі грошамі больш нельга расплачвацца

З 1 студзеня больш нельга расплачвацца беларускімі рублямі ўзору 2000 году.

Іх можна абмяняць на новыя цягам наступных 5 гадоў без абмежаванняў і спагнання камісійнага ўзнагароджання ў банках.

10. Зменшыўся падатак на сабак

Згодна з новымі правіламі, стаўка падатку, незалежна ад росту сабакі, не можа перавышаць 0,3 базавай велічыні для звычайных пародаў і 1 базавай велічыні для патэнцыйна небяспечных парод.

Як раней, канкрэтную стаўку падатку вызначаюць мясцовыя ўлады, але яны ня могуць зрабіць яе меншай за палову максімальнай стаўкі. Плаціць падатак трэба ўладальнікам сабак, якія старэйшыя за 3 месяцы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках