29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: Інвестары не павераць Лукашэнку

24
Экспэрты: Інвестары не павераць Лукашэнку

Скасаванне віз на пяць дзён мала для таго, каб прывабіць замежны капітал у дыктатарскую краіну.

Увядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін, у тым ліку Еўразвязу, значна палягчае жыццё інвестарам і партнёрам па бізнэсу. Цяпер яны могуць свабодна прылятаць у Беларусь: пяць дзён для правядзення перамоў і абмеркавання стану спраў цалкам дастаткова, піша «Заўтра тваёй краіны».

Якія яшчэ пастановы трэба прыняць міжведамаснай рабочай групе для ўдасканалення інвестыцыйнага клімату і прыцягнення ў эканоміку новых капіталаўкладанняў з-за мяжы?

Пагаршэнне фінансавага стану кампаній, у тым ліку якія маюць замежны капітал, зніжэнне прадукцыйнасці працы, нестабільныя правілы гульні для бізнэсу, вялікая колькасць крымінальных спраў у дачыненні да буйных бізнэсоўцаў — усе гэтыя фактары негатыўна адбіваюцца на прывабнасці Беларусі для замежных інвестараў, якія і без таго не вельмі імкнуцца ўкладваць капітал у беларускую эканоміку.

Летась зніжэнне інвестыцыйнай актыўнасці працягнулася. Паводле звестак Белстата, за дзевяць месяцаў прамыя замежныя інвестыцыі ў эканоміку скараціліся на 6,4% у параўнанні з такім жа перыядам 2015 года.

Планы ўрада і прагноз Сусветнага банка на 2017 год па магчымым аб'ёме прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове супадаюць — 1,4-1,5 мільярдаў даляраў.

Распачала працу міжведамасная група закліканая распрацаваць крокі для паляпшэння інвестыцыйнага клімату і прыцягнення замежнага капіталу. Да пачатку лютага арганізацыям падпарадкаваным ураду трэба будзе прэзентаваць у Міністэрства эканомікі прапановы па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату. А да 20 лютага ўстанова прэзентуе рабочай групе план мерапрыемстваў у гэтым кірунку.

Упор на інстытут прыватнай уласнасці і гарантыі бяспекі

Аб'ём прамых замежных інвестыцый Беларусі, як правіла, невялікі – 1,5-2 мільярда даляраў у год. Паказчык прамых замежных інвестыцый на душу насельніцтва практычна не мяняўся цягам шасці гадоў, складаючы прыкладна 180 даляраў на душу насельніцтва.

Скарачэнне прамых замежных інвестыцый назіраецца не першы год: 2, 1 мільярда ў 2013 годзе, 1,8 – у 2014-м, 1,6 – у 2015-м. Пры гэтым блізу 80% штогадовых укладанняў – рэінвеставаныя актывы.

Каб павялічыць колькасць новых інвестыцый, ураду трэба будзе шмат папрацаваць, перш за ўсё, на паляпшэнне бізнэс-клімату ў краіне, мяркуе экспэрт у эканоміцы Ліберальнага клуба Антон Балточка. Бо менавіта на дзелавы клімат для ўнутранага бізнэсу звяртае ўвагу інвестар.

– Інвестар, які разлічвае на доўгатэрміновае супрацоўніцтва, не паверыць, што да яго будуць ставіцца лепш, чым да нацыянальнага бізнэсу. Прыцягваючы замежных інвестараў, варта зыходзіць з прынцыпу: усё, што добра для нацыянальнага бізнэсу, будзе таксама добра і для іх, – каментуе эканаміст.

Сярод канкрэтных крокаў, экспэрт называе забеспячэнне правоў уласнасці. Каб інвестар не баяўся экспрапрыяцыі маёмасці.

— Без такой гарантыі прытоку інвестыцый чакаць не варта, — перакананы Антон Балточка.

Адмова ад дырэктыўнай эканомікі і вяртанне айчыннага капіталу

– Каб стварыць спрыяльны дзелавы клімат, варта адмовіцца ад ручнога кіравання эканомікай, змяніць прававую, судовую сістэму, змяніць стаўленне да прыватнай уласнасці, – лічыць экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.

Экспэрт кажа, што замежны капітал прыйдзе ў краіну пасля таго, як у ёй пачнуцца структурныя рэформы, у рамках якіх адбудзецца паляпшэнне бізнэс-клімату. Гэта адаб'ецца ў першую чаргу на вяртанні выведзенага за межы краіны капіталу айчыннага бізнэсу.

– Прыцягваць у эканоміку варта любых інвестараў, і дробных, напрыклад, з Балтыйскіх краін, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, і буйных. Прамыя замежныя інвестыцыі, разам з дасягненнем станоўчага сальда гандлёвага балансу, дазволілі б назапасіць золатавалютныя рэзервы да патрэбнай велічыні — як мінімум да 10 мільярдаў даляраў, – кажа экспэрт.

Прыцягваць інвестыцыі можа і сам бізнэс, калі атрымае ўмовы, якія дазволяць яму стаць на ногі.

– Ажывіць бізнэс дапаможа зніжэнне падаткаабкладання. Падатак на дададзеную вартасць – хаця б да ўзроўню Расеі і Казахстан, – лічыць Станіслаў Багданкевіч. – Не перашкодзіць адмовіцца і ад празмернага ўмяшання наглядных органаў, падатковай інспекцыі і Дзяржкантролю.

Але глабальныя перамены, на думку фінансіста, адбудуцца толькі пасля карэнных змен у макраэканоміцы.

– Ёсць прамая залежнасць паміж эканамічным развіццём і палітычнай сістэмай. Гісторыя мае нямала доказаў таго, што краіны, дзе прытрымліваліся прынцыпу неўмяшання ўладаў у эканоміку, а заканадаўства ў дачыненні да бізнэсу было больш ліберальным, ішлі хуткімі тэмпамі, а там, дзе квітнеў аўтарытарызм, былі рэцэсія, стагнацыя, дыспрапорцыі ў эканоміцы, – кажа экс-кіраўнік Нацбанка.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках