19 красавiка 2024, Пятніца, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адкуль у чыноўнікаў катэджы і паездкі на курорты?»

28
«Адкуль у чыноўнікаў катэджы і паездкі на курорты?»

Бізнэс назваў самыя карумпаваныя дзяржаўныя службы Беларусі.

Як беларускія прадпрымальнікі ўспрымаюць узровень карупцыі і яе наступствы? Каб даведацца гэта, аўтары даследавання «Праблемы карупцыі ў ацэнках беларускіх малых і сярэдніх прадпрыемстваў» параўналі вынікі апытанняў малога і сярэдняга бізнэсу з 2014 да 2016 года. Рэспандэнтам прапаноўвалася ацаніць узровень карупцыі па пяцібальнай шкале, дзе самая нізкая адзнака абазначае поўную яе адсутнасць, а самая высокая – яе прысутнасць паўсюдна.

У 2014 годзе сярэдні бал ацэнкі ўзроўню карупцыі складаў 2,85, у 2016-м – 2,64.

А колькасць апытаных прадпрымальнікаў, якія лічаць, што карупцыя ў дзейнасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў адсутнічае або распаўсюджаная нязначна, застаецца прыкладна аднолькавай. Амаль не змянілася і колькасць рэспандэнтаў, якія адносяць карупцыю да з'явы ўсёабдымнай (9-10%). Але тых, хто лічыць, што яна прысутнічае ў значнай ступені, у 2014 годзе было 25%, а ў 2016-м - 13%. За кошт гэтага адсотак, тых што лічаць узровень карупцыі ўмераным, павялічыўся з 24,3% да 32,2%, піша «Заўтра тваёй краіны».

Паводле звестак TransparencyInternational, індэкс успрымання карупцыі ў Беларусі ў 2014 годзе складаў 31 бал, а краіна была на 119-м радку рэйтынгу. У аўтараў даследавання вынік атрымаўся роўным 54 балы, што адпавядае 47 месцу ў рэйтынгу, разам з такімі краінамі, як Коста-Рыка, Вугоршчына, Маўрыкій.

— Калі б карупцыю ацэньвалі толькі з пункту гледжання прыватнага бізнэсу, то па шкале, якая ўжываецца TransparencyInternational, становішча краіны ў рэйтынгу апынулася б больш высокім, — каментуе суаўтар даследавання, старшыня назіральнай рады Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту Ігар Пеліпась.

Падлікі звестак за 2015 і 2016 год паказалі б узровень успрымання карупцыі ў 59 і 62 балы адпаведна – гэта 30-35 месца ў рэйтынгу TransparencyInternational, дзе знаходзяцца Польшча, Тайвань, Кіпр, Ізраіль, Літва, Славенія.

Такім чынам, узровень успрымання карупцыі сярод прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу істотна ніжэйшы, чым у грамадстве агулам.

Больш сціпла, але больш хітра

За апошнія тры гады прадпрымальнікі сталі больш востра адчуваць карупцыю як істотную перашкоду для развіцця прыватнага бізнэсу, росту эканомікі, эфектыўнасці органаў дзяржкіравання, прыцягнення інвестыцый, вырашэння гаспадарчых спрэчак у судах.

— І хоць усе праблемы разглядаюцца па вастрыні як сярэднія, агулам заклапочанасць бізнэсу расце, — адзначае Ігар Пеліпась.

У параўнанні з суседнімі краінамі ў Беларусі карупцыі менш, што прызнаюць і айчынныя, і замежныя прадпрымальнікі, адзначае сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў. Але бізнэсу ад гэтага лягчэй не становіцца.

— У Беларусі ўзровень карупцыі больш сціплы. У кабінетах грошы нават па дробязях мала хто дае і бярэ, але існуюць і больш хітрыя схемы, — каментуе прадстаўнік бізнэс-асацыяцыі.

Індэкс дзелавога аптымізму, які праводзіцца кожныя паўгода, пацвярджае, што, на думку бізнэсу, карупцыя ў краіне расце.

— У апошнія тры гады колькасць тых, хто лічыць карупцыю важнай праблемай эканомікі і бізнэсу, павялічылася ў 3-4 разы. Гэта азначае, што дзяржаўныя службоўцы ўсё больш адчуваюць няўстойлівасць свайго становішча, цяжкі матэрыяльны стан, які трэба папраўляць. Гэта чыноўнікі і выкарыстоўваюць у якасці фактараў, што апраўдваюць карупцыю, — кажа Віктар Маргелаў.

Хто вінаваты ў карупцыі?

Карупцыя вядзе да росту ценявой эканомікі і памяншэння падатковых паступленняў.

— З аднаго боку карупцыя – гэта сур'ёзная праблема макраэканамічнага характару. Яна таксама ўскладняе вядзенне бізнэсу, а страты ад хабараў кладуцца на плечы канчатковага спажыўца, — падкрэслівае Ігар Пеліпась. — У той жа час карупцыя выступае як змазачны элемент сістэмы, зыходзячы з беларускіх рэалій, некаторыя праблемы не змаглі б вырашыцца, калі б не было карупцыі. І гэта факт, хоць гэта і нельга лічыць апраўданнем наяўнасці карупцыі.

На пытанне, хто вінаваты ў карупцыі, 22% апытаных адказалі, што абодва бакі, 45% — не змаглі адказаць, астатнія ўважаюць, што ініцыятарамі выступаюць дзяржаўныя службоўцы.

Асноўнымі прычынамі наяўнасці карупцыі прадстаўнікі бізнэсу ўважаюць карысталюбства дзяржаўных службоўцаў, высокую ступень дзяржаўнага рэгулявання эканомікі, памяркоўнасць грамадства да карупцыі, недастатковы кантроль службовай дзейнасці дзяржаўных службоўцаў.

Але тое, як прыватны бізнэс бачыць развязанне праблем з карупцыяй, стала для аўтараў даследавання нечаканасцю.

Змагацца з карупцыяй можна двума метадамі: сілавымі (крымінальная пераслед карупцыянераў) і эканамічнымі (скарачэнне дзяржаўнага рэгулявання эканомікі).

— Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу імкнуцца да рашучых метадаў: узмацненне жорсткасці пакарання, кантроль, — адзначае Ігар Пеліпась. — Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, праца з заканадаўствам – іх бізнэс і называе асноўнымі прычынамі развіцця карупцыі – ставяць на больш нізкія пазіцыі ў рэйтынгу важных развязаняў у прадухіленні карупцыі. Атрымліваецца перавернуты малюнак у галовах у прадпрымальнікаў: бізнэс прызнае прычынамі наяўнасці карупцыі пэўныя фактары, але не бачыць неабходнасці змагацца ў першую чаргу менавіта з імі, — каментуе Ігар Пеліпась.

Экспэрт адзначае, што чым менш дзяржава рэгламентуе дзеянні бізнэсу, тым менш ніш для карупцыі. Найбольш эфектыўным крокам, з ягоных слоў, стала б абсалютная празрыстасць правядзення ўсіх працэдур і рашэнняў дзяржаўных структур.

— Калі не ўдаецца злавіць дзяржаўнага службоўца на ўтоеных даходах, яго часта можна злавіць на выдатках, што шматкроць перавышаюць афіцыйныя даходы. Задацца пытаннем, адкуль у яго катэджы, шыкоўныя аўтамабілі, паездкі на курорты. Злавіць усіх не атрымаецца, але многіх – так, — дадае лідар бізнэс-супольнасці Віктар Маргелаў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках