Стала вядома, калі пачне дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым
7- 11.01.2017, 10:46
- 17,786
Сёння ўказ Лукашэнкі з'явіўся на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла на сваёй старонцы ў мікраблогу, што пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт «Менск», у нашу краіну пачне дзейнічаць з 12 лютага, пішуць naviny.by.
11 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ Лукашэнкі ад 9 студзеня №8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», які ўваходзіць у дзеянне праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання. Як паведамлялася, дакумент устанаўлівае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш за пяць дзён праз нацыянальны аэрапорт Менск. Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвяз, а таксама Бразілію, Інданэзію, ЗША, Японію і некаторыя іншыя дзяржавы.
5-дневный безвизовый режим въезда в #Беларусь вступает в силу с 12 февраля 2017 года https://t.co/ui7UfCg4RH pic.twitter.com/OEJqEvdnm2
— МИД Беларуси (@BelarusMID) 11 января 2017 г.
Са слоў начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Ігар Фісенкі, МЗС не выключае магчымасці пашырэння ў будучыні пераліку краін, грамадзяне якіх змогуць уязджаць у Беларусь без візы на пяць дзён.
«Што датычыцца развіцця гэтага пераліку краін, то, вядома, гэта магчыма. У першую чаргу мы будзем адказваць узаемнасцю на такія меры з боку іншых дзяржаў, а таксама з улікам таго, што міжнародныя стасункі развіваюцца і нашы двухбаковыя стасункі з замежнымі дзяржавамі развіваюцца, з'яўляюцца новыя партнёры, натуральна, яны могуць уключацца ў пералік па меры развіцця стасункаў», — адзначыў прадстаўнік знешнепалітычнай установы.
На думку экспэртаў, указ варта ўспрымаць са стрыманым аптымізмам і не варта чакаць імгненных вынікаў з ростам наведвальнасці Беларусі замежнымі турыстамі.