28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каб не даваць жылля, у шматдзетнай маці забралі дзяцей

8
Каб не даваць жылля, у шматдзетнай маці забралі дзяцей

Дзяцей кобрынскія ўлады забралі нават без выраку суда.

Такая пастанова, заснаваная толькі на высновах камісіі ў справах непаўналетніх з'яўляецца парушэннем заканадаўства. Пры гэтым няма ніводнага факту, які дакументальна пацвярджае знаходжанне дзяцей у «сацыяльна небяспечным становішчы».

Затое цяпер маці вымушаная змагацца за дзяцей, а не развязваць жыллёвае пытанне. Больш падрабязна пра гэта ў матэрыяле «Белсату».

У вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёна ў шматдзетнай маці Нэлі Дзіткоўскай забралі чацвярых дзяцей. Камісія ў справах непаўналетніх Кобрынскага райвыканкама пастанавіла, што ім патрэбная дзяржаўная абарона.

«Галаслоўна напісана, што мы злоўжываем алкаголем, хаця пацвярджэння гэтаму няма», — сцвярджае Нэлі.

Мясцовы ўчастковы не падаў ніводнага пратакола затрымання

Нэлі або яе грамадзянскага мужа Уладзіміра ў нецвярозым стане ніхто не бачыў. Дакументальнага пацверджання фактаў буянства або хуліганства няма. Толькі на словах.

«У мінулы раз я прасіў, пад сваю адказнасць браў, што будзе парадак, п'яных не будзе. Але як ні зойдзеш — па калена гразь...добра, навялі парадак, потым глядзіш — ён напіўся», — кажа ўчастковы Сяргей Жолах.

Суседзі злоўжывання алкаголем у сям'і не пацвярджаюць

Абвінавачванні, што дзеці ходзяць брудныя ў школу, мясцовыя жыхары аспрэчваюць таксама.

«Я заходжу да яго, і мы разам ідзем на працу, ён заўсёды цвярозы», — кажа суседка Алена.

«Чацвёра дзяцей, дзеці не плачуць, не бегаюць, есці не просяць ні ў кога», — дадае суседка Вольга.

Няма заўваг да вяскоўцаў і на працоўных месцах. Нэлі працуе даяркай, а Уладзімір — паляводам і жывёлаводам.

Чаму ж забралі дзяцей?

Маці чацвярых дзяцей мяркуе, што гэта адбылося праз жыллёвае пытанне.

«Стаю з 2010-га года на паляпшэнне жыллёвых умоў. А ім прасцей не палепшыць мне ўмовы, а дзяцей забраць, менш праблем», — упэўненая шматдзетная маці.

Жыллё, якое прапаноўвалі шматдзетнай сям'і для паляпшэння ўмоў, не прыстасаванае не тое што да жыцця з дзецьмі, але і наогул да жыцця. Дах цячэ, тынкоўка са сцен абсыпаецца, а ваду жыхары суседняй кватэры праводзілі самастойна.

Прадстаўнікі мясцовай улады збеглі ад нязручных пытанняў

Праваабаронцы сцвярджаюць, што, забіраючы дзяцей без суда, чыноўнікі парушаюць і правы сям'і, і правы дзяцей.

«Мы мяркуем, што гэта злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, некампетэнтнасць і гэта не на карысць сям'і робіцца», — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Алег Волчак.

Змагацца ў такой сітуацыі складана.

Аднак праваабаронца адзначае, што ў нашай краіне не існуе адпаведнай прававой базы.

У выніку Нэлі і Уладзімір цяпер вымушаныя змагацца за паляпшэнне жыллёвых умоў, на якое маюць права, а за тое, каб вярнуць дзяцей дадому.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках