16 красавiка 2024, aўторак, 18:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады не зразумелі жартаў «Рудабельскай паказухі»

7
Улады не зразумелі жартаў «Рудабельскай паказухі»

Стваральнік сайта застаўся без працы праз сваю «дзейнасць».

Блогера і стваральніка сайта «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука з райцэнтра Акцябрскі, што на Гомельшчыне, не ўзялі працаваць настаўнікам біялогіі з фармулёўкай «за дзейнасць», паведамляе «Радыё Свабода».

Андрэй Павук наважыў уладкавацца ў школу пасля таго, як начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марыя Бабініч паведаміла, што ў Любанскай базавай школе адкрылася вакансія выкладчыка біялогіі і хіміі. Яна сама параіла Павуку паехаць у Любань, пагутарыць з дырэктарам.

«Я і паехаў, - распавядае Андрэй. - Да Любані два дзясяткі кіламетраў. Вядома, педагагічнага стажу ў мяне мала, раней вёў толькі гурток, але біялагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта завочна скончыў. Дырэктар школы Ірына Маскальчук папярэдзіла, што будзе накіроўваць запыт у міліцыю, каб мець афіцыйны адказ, ці няма ў мяне судзімасці - такі цяпер парадак. А мне што - накіроўвайце. Ну, і, павесялеўшы, вярнуўся дадому ў райцэнтр».

Пакуль былі канікулы, Павук чакаў. Дзятва з Любані, даведаўшыся аб новым біёлагу, нават пыталася Андрэя: праўда?

Андрэй у раёне ледзь ці не самы вядомы з жыхароў. Відэаблогер і бард, ён стварыў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» суполку «Рудабельская паказуха», якая згуртавала больш за тысячу чалавек.

Больш таго, у Кастрычніцкім раёне «Рудабельская паказуха» стала своеасаблівай народнай тэлевізіяй. Некаторыя відэасюжэты, заснаваныя на рэальных падзеях, набіралі да 30 тысяч водгукаў - у два з лішнім разы больш, чым усіх жыхароў у раёне.

Андрэй Павук – аўтар хіта «Я из деревни», які прагучаў у выкананні Ксенія Дзягелькі. Стварыў Андрэй і іншы хіт - «Скарына жыў у Піцеры і кнігі друкаваў...». У верасні 2016 года Андрэй Павук атрымаў ад «Беларускай асацыяцыі журналістаў» дыплом «За адданасць прафесіі».

Павук жанаты, гадуе з жонкай дваіх дзяцей. Акрамя Белдзяржуніверсітэта, ён скончыў яшчэ і тэхнікум, набыўшы спецыяльнасць дызайнера мэблі. Але да нядаўняга часу зарабляў на жыццё прадпрымальніцтвам - арандаваў на аўтастанцыі пакой пад фотастудыю.

Аднак дамову на арэнду памяшкання дырэкцыя нечакана скасавала, і Андрэй застаўся без справы. Іншага памяшкання для студыі ў райцэнтры дагэтуль «не знаходзіцца». Таму прапанова замяніць на час дэкрэта настаўніцу біялогіі і хіміі ў Любані было вельмі дарэчы.

«Зімовыя канікулы прайшлі, а з Любані ні слыху, ні духу, - кажа Андрэй. - Таму 9 студзеня я пайшоў растлумачыць сітуацыю да начальніцы раённага аддзела адукацыі. Марыя Міхайлаўна паказала мне надрукаваны на друкарцы ліст за подпісам бацькоў васьмярых любанскіх школьнікаў. Яны просяць не накіроўваць мяне ў школу настаўнікам, бо ў мяне няма досведу, а яны чулі пра маю «дзейнасць». Так і напісана ў двукоссі - «дзейнасць». Начальніца развяла рукамі: маўляў, нічога не зробіш - бацькі супраць. А раз супраць, то пісаць не спыняцца».

У дадатак Марыя Бабініч параіла блогеру папрацаваць над уласнымі маральнымі якасцямі, калі ён хоча працаваць у сістэме. І вельмі бедавала, што ў «Рудабельскай паказусе» суцэльная крытыка, а станоўчых матэрыялаў і сюжэтаў фактычна няма.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках