19 лютага 2017, Нядзеля, 17:18

«Заробкі ў Беларусі будуць па 40 даляраў»

50
Фота: Reuters

Лукашэнкаўская эканоміка абрынецца без расейскай падтрымкі.

Пра гэта маскоўскі палітолаг беларускага паходжання Дзмітрый Балкунец заявіў у інтэрв'ю «Нашай Ніве»:

- Незалежнасць Беларусі - гэта першасная рэч. Яна павінна заставацца незалежнай краінай. Але пытанне: што зрабіў Лукашэнка за 22 гады для таго, каб Беларусь стала незалежнай? Беларусь не змяніла сваю залежнасць ад расейскай нафты або газу? Стала развіваць яна сваю альтэрнатыўную энэргетыку?

- Былі спробы дыверсіфікацыі паставак нафтапрадуктаў з Венесуэлы, Азербайджана. Яны вельмі нервова ўспрымаліся ў Маскве.

- Венесуэльская нафта каштавала 850 даляраў. Паводле некаторых звестак, гэтыя грошы не былі заплачаныя Венесуэле. Гэта быў ўзаемазалік за некаторыя праекты і асаблівыя адносіны Чавэса і Лукашэнкі. У той час як расейская нафта з усімі мытамі была 500 даляраў. Таму гэты варыянт хутка закрыўся. Беларусь на гэты момант не мае магчымасцяў знайсці альтэрнатыўныя варыянты, каб утрымліваць эканоміку. Беларусь атрымлівае, напэўна, самы танны ў Еўропе газ.

Калі ўзнікаюць інфармацыйныя скандалы ў сферы энэргетычнага супрацоўніцтва, гэта прыводзіць да вельмі негатыўнага ўспрымання краіны ў медыяпрасторы. Улады Беларусі выступаюць у ролі жабракі, які спрабуе атрымаць субсідыі або грошы на расейскім рынку.

- Вы прытрымліваецеся думкі, што без Расеі Беларусь пры сённяшняй уладзе не выжыве?

- Я прытрымліваюся думкі, што сённяшнія беларускія эканамічныя рэаліі паказваюць, што лукашэнкаўская эканоміка не ў стане існаваць без расейскай падтрымкі. Вядома, можа, але заробак у краіне будзе 40-50 даляраў. Паглядзіце, колькі беларусаў едзе на заробкі ў Расею. Паводле маіх ацэнак, лічба дасягае паўмільёна чалавека. У 2011-2013 гадах было блізу 800 тысяч. Менавіта гэта стала адной з прычын увядзення бессэнсоўнага падатку на «дармаедаў».

Колькі грамадзян Расеі прыехала на працу ў Беларусь? Калі такія і ёсць, то іх вельмі мала. Беларусь нічога не робіць, каб сысці ад расейскай залежнасці. Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, то ён сваімі дзеяннямі дамогся міжнароднай ізаляцыі краіны.

Лукашэнка як быў персонай нон-грата на Захадзе, так і застаецца. Тое ж рашэнне аб візах, я толькі яго падтрымліваю, але яно спазнілася гадоў на пятнаццаць.