19 красавiка 2024, Пятніца, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатковая хавае, колькі грошай было выдаткавана на пошук «дармаедаў»

17
Падатковая хавае, колькі грошай было выдаткавана на пошук «дармаедаў»
Фота: StreetSkills

Ужо зараз зразумела, што добраахвотна ніхто не аддасць уладам свае кроўныя $200.

Падатковыя інспекцыі адмаўляюцца называць суму дзяржаўных выдаткаў, выдаткаваных на «дармаедаў». Праваабаронцы раяць пісаць звароты ў вышэйстаячыя органы — аж да міністра падаткаў і збораў: на час разбору грамадзяніна з чыноўнікамі падатковы орган прыпыняе прыняцце мер спагнання збору, піша belprauda.org.

Жыхар Глуска Леанід Волчак, запатрабаваў тлумачэнне ад падатковай інспекцыі пра прычыны ўключэння яго ў спіс «дармаедаў», атрымаў адказ ад начальніка Глуской інспекцыі Р. Іларыёнава. Чыноўнік не адказаў ні на адно з шасці пытанняў, сфармуляваных жыхаром Глуска. Не знайшоў Леанід Воўчак адказу на пытанне, якія канкрэтна дзяржаўныя выдаткі ў 2015 годзе былі на яго выдаткаваныя, якім чынам падатковая ўстанавіла, што ён не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржвыдаткаў, з якіх даходаў і дзе беспрацоўны грамадзянін павінен узяць сродкі для аплаты гэтага падатку?

Адзіным адкрыццём, зафіксаваным у адказе, можна лічыць тое, што «дэкрэт падрыхтаваны ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі».

Гэта ўжо другі зварот у падатковую інспекцыю, а адказу фактычна Леанід Воўчак так і не атрымаў.

«На падставе інфармацыі, якая паступіла з дзяржаўных органаў і арганізацый, сфармавана база звестак, згодна з якой устаноўлена, што вы не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў у 2015 годзе», — паведамляе інспекцыя падаткаў і збораў Чыгуначнага раёна Гомеля Дар'і Вакуленцы, запісанай у «дармаеды».

ІМПЗ Чыгуначнага раёна Гомеля ўважае «немэтазгодным» зварот у Міністэрства падаткаў і збораў з прапановай скасаваць «дэкрэт аб дармаедстве».

«У частцы пытанняў, якія тычацца тлумачэння сумы панесеных дзяржаўных выдаткаў, а таксама іх канкрэтызацыі, зварот пакінуты без разгляду... За тлумачэннем гэтых пытанняў Вам трэба звярнуцца ў Гомельскі гарадскі выканкам», — паведамляе намеснік начальніка інспекцыі — начальнік упраўлення кантролю за падаткаабкладаннем ІП і ФА. Л. Беспаяська.

Каментуе кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

- Ужо прыходзяць адказы з іншых рэгіёнаў краіны. Як і варта было чакаць, урад не мае агульнай пазіцыі аб вызначэнні крытэрыю «сацыяльны ўтрыманец», кожны дзяржаўны орган па-свойму трактуе гэта паняцце. Мы бачым, што падатковыя органы сталі трактаваць заканадаўства (гэта могуць рабіць толькі «дэпутаты парламента»), адсюль — розныя адказы і падыходы да крытэраў адбору грамадзян у «дармаеды».

Службовыя асобы ўхіляюцца ад прамога адказу на пытанні грамадзян аб супярэчнасці гэтага дэкрэту Канстытуцыі і іншым міжнародным дамовамі, якія Беларусь абавязана выконваць.

Усё завуалявана ў адказах чыноўнікаў. Чалавек канкрэтна пытаецца, на падставе якога органа яго вызначылі ў «дармаеды», а ў адказ гучаць адпіскі. На пытанне, дзе ўзяць грошы для аплаты падатку беспрацоўнаму грамадзяніну, падаткавікі спасылаюцца на падатковы кодэкс, але там гаворка ідзе пра даходы. А ў беспрацоўнага няма даходу, бо ён не працаваў.

Разам з тым, мы заяўляем, што парушаючы патрабаванні арт. 14, 18 Закона РБ «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб» прадстаўнікі падатковых органаў не адказваюць на ўсе пастаўленыя пытанні. У адпаведнасці з законам адказы павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці – са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), утрымліваць канкрэтныя фармулёўкі, якія аспрэчваюць або пацвярджаюць довады заяўнікаў. Але гэтай матывацыі няма.

Таму ў грамадзян з'яўляецца ўсё больш і больш пытанняў аб правамоцнасці патрабаванняў аплаты гэтага падатку.

Мы раім зноў пісаць у гэты орган, каб далі канкрэтныя тлумачэнні на пастаўленыя пытанні. Калі зноў не будзе станоўчага і зразумелага адказу, трэба пісаць звароты ў вышэйстаячыя органы — аж да міністра падаткаў і збораў.

Згодна з дэкрэтам, на час разгляду грамадзяніна з чыноўнікамі падатковы орган прыпыняе прыняцце мер спагнання збору. Так што ў грамадзян ёсць магчымасць не плаціць, пакуль ідзе перапіска.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках