19 красавiка 2024, Пятніца, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы масава адмаўляюцца прымаць «лісты шчасця» ад паштальёнаў

84
Беларусы масава адмаўляюцца прымаць «лісты шчасця» ад паштальёнаў

У аддзяленнях пошты пыляцца стосы лістоў з падатковай інспекцыі, якія ніхто не прымае.

«Еўрарадыё» пабывала ў адным з менскіх аддзяленняў «Белпошты» і сфатаграфавала стос заказных лістоў з патрабаваннем выплаціць збор за «дармаедства». Кожны з гэтых канвертаў паштальёны спрабавалі даставіць адрасатам — згодна з дэкрэтам Лукашэнкі, іх трэба ўручыць пад подпіс або самім «дармаедам», або іх прадстаўнікам. Але з розных прычын гэта зрабіць не атрымалася.

Яшчэ адзін стос, меншы, ляжыць за спіной аднаго з паштальёнаў. Цяпер яны «лісты шчасця» па кватэрах не носяць, толькі нагадваюць людзям паведамленнямі, што «падатак» чакае іх на пошце.

«Мне аднойчы гэты ліст з падатковай інспекцыі проста кінулі ў твар», - распавядае паштальён.

«А я ў інтэрнэце чытала, што тых, хто не будзе плаціць, будуць саджаць у турму», - кажа іншая.

«У мяне такі выпадак быў: прынесла два лісты ў адну кватэру. Там у жанчыны двое дзяцей: дачка жыве за мяжой, а сын — тут. Ён працаваў і працуе, але быў неяк з памылкамі аформлены на працы, і за яго тая арганізацыя не пералічвае грошы. Яны ў мяне пытаюцца, што ім рабіць, а я не ведаю, што адказаць», - далучаецца да размовы яшчэ адна супрацоўніца аддзялення.

«А мяне сустрэў потым адзін чалавек, якому я ліст прынесла, і кажа: «Дзякуй за навагодні падарунак», - дадае тая, што згадвала турму. - А я кажу: «Прабачце, не ад мяне залежыць!».

Са слоў супрацоўніц пошты, іх аддзяленне атрымала блізу тысячы «лістоў шчасця» з падатковай. Палову з іх яны ўручылі людзям («Спачатку гэтыя лісты без праблем бралі, таму што не ведалі, што там»). Прыкладна 500 канвертаў з квітанцыямі чакаюць адрасатаў на пошце.

Паводле звестак на пачатак 2016 года, у «Белпошты» было 3255 аддзяленняў сувязі.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках