29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Вайцюшкевіч плануе напісаць альбом «беларускага кантры»

Зміцер Вайцюшкевіч плануе напісаць альбом «беларускага кантры»
ЗМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Вядомы музыка распавёў аб даволі смелых творчых планах.

Зміцер Вайцюшкевіч збіраецца ў тур па Паўночнай Амэрыцы. За два тыдні музыка сыграе дзесяць канцэртаў у Злучаных штатах і Канадзе. Праграма "Новае і Найлепшае", якую Зміцер пакажа тамтэйшым беларусам, складаецца з асноўных гітоў за 16 гадоў існавання гурта WZ Orkiestra, а таксама прэм'ер песень на вершы Уладзіміра Някляева ды іншых паэтаў.

"На канцэрты там прыходзяць збольшага беларусы. У тым ліку тыя, чые сям'і ўжо некалькі пакаленняў жывуць у Штатах, але не страцілі сваёй ідэнтычнасці. Гэта людзі, якія рэалізавалі сябе, якія спакойна размаўляюць на розных замежных мовах, але пры гэтым шануюць сваё, беларускае, ― распавядае Вайцюшкевіч. ― Амэрыка прасякнутая ідэяй рэалізацыі мары, і гэтым мне вельмі падабаецца. У Канадзе апынуся ўпершыню, кажуць, што гэта наогул нейкі ідэальны свет".

Акрамя ўласна выступаў і новых цікавых знаёмстваў, Зміцер мае даволі смелыя творчыя планы.

"Для мяне гэта неацэнны досвед, ― працягвае музыкант. ― Бо я змагу ўбачыць, так бы мовіць, аднапавярховую Амэрыку і Канаду. Я там буду перасоўвацца не толькі самалётамі, але і аўтамабілямі, аўтобусамі і цягнікамі. Усё-ткі Сан-Францыска ў адным баку, Канада ― у другім, Нью Ёрк ― у трэцім... Так што, можа, нейкі альбом з'явіцца накшталт кантры па-беларуску. Але не ў тым разуменні кантры, як мы звыклі, бо амэрыканскае кантры ― панятак шырокі".

Выступы Вайцюшкевіча адбудуцца ў Нью Ёрку (28.01 і 30.01), Нью Джэрсі (29.01), Вашынгтоне (1-2.02), Таронта (3-4.02), Атаве (5.02) і Сан-Францыска (10-11.02).

Тым часам 4 сакавіка Зміцер Вайцюшкевіч, WZ-Orkiestra і паэт Уладзімір Някляеў дадуць вялікі канцэрт у Вільні з праграмай "Нашы каханыя", прымеркаванай да 10-годдзю супрацоўніцтва музыкі ды паэта.

"У Вільні мы прэзэнтуем дыск найлепшых песень за апошнія дзесяць гадоў з варшаўскім аркестрам, дзе будзе і некалькі новых твораў, ― кажа Зміцер. ― І гэта будзе такі музычна-паэтычны вечар. Някляеў апошнія сем гадоў амаль не выступае ў якасці паэта, таму ён там будзе чытаць свае вершы, а я буду спяваць песні на ягоныя вершы. То бок, гэта такі новы для нас літаратурны фармат".

Квіткі на віленскі канцэрт каштуюць ад 31,5 да 47,5 рублёў, продаж ― праз "Тэатральную касу" і Kvitki.by. Беларусы маюць магчымасць атрымаць дармовыя візы, дзякуючы падтрымцы МЗС Літвы. Падаць дакументы на бясплатную візу трэба з 15 студзеня да 15 лютага ўключна. Крокавая інструкцыя тут.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках