25 красавiка 2024, Чацвер, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Кангрэс даследчыкаў Беларусі «пераязджае» ў Варшаву?

1
Чаму Кангрэс даследчыкаў Беларусі «пераязджае» ў Варшаву?

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў 2017 годзе адбудзецца не ў Каўнасе, дзе праходзілі папярэднія шэсць кангрэсаў, а ў Варшаве.

Арганізатары спадзяюцца, што арганізацыя мерапрыемства на новым месцы дазволіць прыцягнуць да яго большую колькасць экспэртаў з еўрапейскіх краін. «Гэтая ідэя досыць доўга абмяркоўвалася аргкамітэтам. З аднаго боку, ёсць шмат плюсаў пры правядзенні кангрэса ў адным горадзе - і арганізацыйных і тэхнічных. Аднак ёсць і мінусы, звязаныя з тым, што з'яўляецца пагроза замыкання супольнасці, што можа перашкаджаць пашырэнню яе ўтрымання. Для таго, каб развівалася супрацоўніцтва з экспэртамі з іншых краін, патрабуецца рух. Асноўная прычына правядзення кангрэса ў Варшаве - жаданне прыўнесці ў яго нешта новае», - сказаў у інтэрв'ю thinktanks.by дырэктар інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», каардынатар кангрэса Андрэй Казакевіч.

З ягоных слоў, з Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, які быў партнёрам Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі з моманту яго заснавання, захоўваюцца цесныя дачыненні. «Універсітэт застаецца асноўным партнёрам мерапрыемства. Перанос месца правядзення быў цалкам з ім узгоднены, супрацоўніцтва з ім будзе прадаўжацца і пры правядзенні кангрэса ў Варшаве», - паведаміў Андрэй Казакевіч. З польскага боку асноўным акадэмічным партнёрам кангрэса стане Collegium Civitas, які спецыялізуецца на сацыяльна-палітычных дысцыплінах і шмат працуе са студэнтамі з Усходняй Еўропы.

Андрэй Казакевіч распавёў, што арганізатары ўжо неаднаразова абмяркоўвалі магчымасць хоць бы раз правесці кангрэс у іншым горадзе, каб узбагаціць яго новымі акадэмічнымі партнёрамі, удзельнікамі, ідэямі і тэхнічнымі навацыямі. Арганізатары разлічваюць, што новае месца зможа прыцягнуць большую колькасць удзельнікаў з Польшчы і Заходняй Еўропы, не выклікаўшы пры гэтым вялікіх зменаў у складзе і колькасці прадстаўнікоў Беларусі. «Мы спадзяемся, што зможам падключыць да кангрэсу тых людзей, якія не даехалі б да Каўнаса праз нязручную лагістыку», - растлумачыў Казакевіч.

На сёння невядома, якія менавіта тэмы могуць быць прыўнесеныя ў парадак дня мерапрыемства ў выніку пераезду. «Мы пакідаем старую схему: структура кангрэса будзе вызначаная паводле выніку збору заявак. Як і раней, тэматыку будзе вызначаць не аргкамітэт, а самі даследнікі. Аб прыярытэтных тэмах кангрэса можна будзе казаць толькі пасля заканчэння збору заявак (10 сакавіка 2017 года - заўв.)», - адзначыў Казакевіч.

Пры гэтым ён больш падрабязна пракаментаваў тэмы сацыяльна-палітычнага блока, бо сам з'яўляецца экспэртам у гэтай сферы: «Тут шмат увагі будзе нададзена не толькі рэгіянальным, але і сусветным працэсам, звязаным з крызісам дэмакратыі, працэсам радыкалізацыі і ростам палітычнага папулізму. Гэтыя тэндэнцыі кардынальным чынам мяняюць расклад сілаў на еўрапейскім кантыненце, з імі звязаныя новыя выклікі і перспектывы».

Пакуль што не зусім зразумела, як зменіцца склад удзельнікаў пасля пераносу кангрэса ў Варшаву. Арганізатары разлічваюць знайсці новыя каналы выхаду на даследчыкаў Беларусі і Усходняй Еўропы, якія працуюць за межамі нашай краіны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках