25 красавiка 2024, Чацвер, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нашы сяброўкі - п'яўкі ды жабы»

2
«Нашы сяброўкі - п'яўкі ды жабы»

Луканоміка асуджаная таптацца ў балоце.

Вядомы беларускі прадпрымальнік, сузаснавальнік групы кампаній «Сармат-СТІ» Аляксандр Кныровіч разважае на сайце myfin.by на тэму, які рост ВУП павінен быць у Беларусі, каб не «дагнаць і абагнаць Амерыку», а хаця б не адставаць ад Польшчы.

Дакладна пастаўленыя мэты вельмі важныя. Як для кампаніі, так і для дзяржавы, для грамадства.

Джон Кэнадзі аднойчы пазначыў мэту амерыканцаў - праз 10 гадоў апынуцца на Месяцы. Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў як апанент Джона ў палітычнай дзейнасці таксама сказаў, што яшчэ цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме. Ён жа акрэсліў і іншую мэту - дагнаць і перагнаць Амерыку.

Валавы ўнутраны прадукт ЗША яшчэ ў 2015 годзе склаў 56 тысяч даляраў на аднаго чалавека. У 2016-м эканоміка ЗША паказала рост крыху больш за 3 адсоткі. Гэта азначае, што на кожнага грамадзяніна яна дадала 1 800 даляраў.

Пакінем пакуль у баку эканоміку нашай радзімы. Усё ж невялікая Беларусь - толькі частка значна больш магутнай эканамічнай прасторы нашага партнёра Расейскай Федэрацыі. Суадносіны нашых эканомік - 1 да 30.

Дык вось задумаемся: з якой хуткасцю павінна расці эканоміка Расеі, каб - не, не дагнаць - каб хаця б разрыў паміж ёй і ЗША не павялічваўся? Нескладаныя падлікі кажуць, што гэтая лічба - 7 адсоткаў на год. Гэта значыць, пры такой хуткасці росту эканомікі Расеі разрыў паміж ёй і ЗША захаваецца назаўжды.

Калі ж кіраўніцтва суседняй ядзернай дзяржавы паставіць задачу ўсё ж калі-небудзь дагнаць Амерыку і акрэсліць мэтай рост 10 адсоткаў за год, тады на гэта сыдзе 40 гадоў. Ну, можа быць, ня цяперашняе пакаленне, але дзеці дзяцей цяперашніх грамадзян Расеі будуць жыць гэтак жа, як цяперашнія амерыканцы.

«Нашы сяброўкі - п'яўкі ды жабы»

Ну а што ж Беларусь? З пункту гледжання суадносін эканамічных хуткасцяў развіцця ў нас усё тое ж самае, толькі ў 1,5 разы горш. Гэта значыць 10-адсоткавы рост эканомікі Рэспублікі Беларусь толькі захавае адставанне ад ЗША.

Але Амерыка - яна недзе далёка. Параўнаем Беларусь з нашай суседкай з захаду - з Польшчай. Там ВУП - 26 500 даляраў на чалавека. Летась эканоміка Польшчы паказала рост 2,5 адсоткі. Нам, для таго каб проста захоўваць гэты разрыў паміж узроўнямі развіцця Польшчы і Беларусі, трэба расці з хуткасцю 4 адсоткі гадавых.

Шмат гэта ці мала - 4 адсоткі, 7 адсоткаў, 10 адсоткаў? Такія паказчыкі росту - паміж 7 і 10 адсоткамі - былі ў Рэспублікі Беларусь у той перыяд, калі яна дазагружала савецкія магутнасці. Такія ж былі ў Кітая ў перыяд бурнага рыўка ад практычна беднай краіны да сённяшняга вельмі годнага ўзроўню.

Абсалютна відавочна, што ў найбліжэйшыя гадоў 5 няма ніякіх прычын, ніякіх падставаў меркаваць, што альбо мы, альбо наш старэйшы ва ўсіх сэнсах брат пакажа хоць што-небудзь блізка адпаведнае гэтым выдатным тэмпам.

Мы асуджаныя. Мы асуджаныя таптацца ў балоце. І нашы сяброўкі на найбліжэйшыя 5 гадоў - тыя самыя п'яўкі ды жабы.

«Мы вам яшчэ ўсім пакажам»

У чым жа прычына такіх невясёлых перспектыў, такога непрыемнага паху загнівання вакол? На двары, як бы ні хацелася некаторым, - не 15-е, не 19-е і нават не 20-е стагоддзе. Мы жывем ужо ў 2017 годзе, і гэты перыяд мае асаблівасці. Свет глабальны. І выбар у краін, фактычна, толькі адзін.

Альбо ты неяк убудаваны ў сусветную супольнасць - хоць пудзілам, хоць тушкай, але неяк удзельнічаеш у сусветным падзеле працы, маеш магчымасці карыстацца дасягненнямі навукі ўсяго свету, а не толькі асобных разумных грамадзян ва ўласнай краіне.

Альбо ты займаешся самаізаляцыяй, будуеш вакол краіны вось такі паркан і з-за гэтага паркана ўсім крычыш: «А мы і самі з вусамі. Мы вам яшчэ ўсім пакажам».

На жаль, наш галоўны эканамічны партнёр зрабіў выбар на карысць самаізаляцыі. І настолькі сёння яму гэта падабаецца, што прычын меркаваць аб нейкіх значных змяненнях, нейкіх нечаканых зменах курсу няма ніякіх.

На жаль, наша партнёрства з усходнімі калегамі ніяк не назавеш раўнапраўным. Ну, а ці могуць быць раўнапраўнымі настолькі розныя па вазе суб'екты? Нагадваю: 1 да 30.

Ды і акрамя разрыву, ёсць жа яшчэ адно адрозненне. У нас сёння ўсё яшчэ значна большая доля дзяржавы ў эканоміцы, чым у Расейскай Федэрацыі. Гэта робіць нас больш уразлівымі і менш канкурэнтаздольнымі.

Гэта значыць, там, дзе ў Расеі падзенне эканомікі мінус 0,5 адсотка, у нас - мінус 2,7-2,9 адсотка. Невядома яшчэ, што пакажа наша беларуская статыстыка.

«Хацелася б нейкага руху»

Аднак рэформы ідуць. Нельга сказаць, каб мы не мяняліся. Пытанне толькі ў хуткасці гэтых рэформаў. Паміж прыняццем указа аб развіцці ўязнога турызму і скасаваннем віз для 80 краін свету прайшло 12 гадоў.

І ў пытаннях прыватызацыі, напэўна, мы таксама павінны пачаць адлічваць гэтыя самыя 12 гадоў дзесьці з 2015-га. З таго моманту, калі стала відавочна, што МАЗ, МТЗ і многія іншыя выдатныя савецкія прадпрыемствы з’яўляюцца не лакаматывамі развіцця эканомікі, а гірамі, якія вісяць на нагах у беларускага грамадства.

Усё гэта неяк ужо вельмі падобнае на балота, калі і ўніз ніяк, і ўверх таксама ніяк. І да паху паступова звыкаешся, і вось гэтыя мухі з камарамі перастаюць раздражняць. Але хацелася б нейкага руху.

Хуткасць прыняцця пастаноў, вядома, бывае розная. Як у тым анекдоце. Суддзя звяртаецца да падсуднага: «Скажыце, вось вы пражылі з жонкай 60 гадоў, а потым яе забілі. Як гэта так?» - «Не ведаю, Ваша гонар. Усё неяк адкладваў, адкладваў...»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках