29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі не беларуская мова, то што тады робіць нас беларусамі?»

19
«Калі не беларуская мова, то што тады робіць нас беларусамі?»
Марына Бацюкова

Фатограф Марына Бацюкова рыхтуе арт-праект, у якім кожны беларус можа ўзяць удзел у стварэнні нацыянальнай ідэнтычнасці.

Якія мы, беларусы — пытанне складанае. Гісторыкі кажуць, што ў нас унікальны шлях нацыянальнага развіцця. Аб пошуках ідэнтычнасці задумваюцца і мастакі: фатограф Марына Бацюкова займаецца падрыхтоўкай арт-праекта, у якім сваё слова пра сябе, пра краіну і пра наш час атрымае магчымасць сказаць кожны беларус. Марына запрашае ўсіх беларусаў узяць удзел у арт-праекце пра пошук ідэнтычнасці, піша tut.by.

— Зараз я працую над праектам, які звязаны з нашай нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. Вось жывем мы ў Беларусі, хтосьці за мяжой, нас хвалюе пытанне «хто мы?», хочацца ў сабе разабрацца. Кожны для сябе вызначае, якія мы, беларусы, і чым адрозніваемся? Што нас аб'ядноўвае як нацыю? Бо ад гэтага самавызначэння залежыць і тое, як мы прэзентуем сябе, як будуем стасункі з іншымі.

Удзел у гэтым даследчым арт-праекце, у абмеркаванні прымуць мае калегі — фатографы, а таксама літаратары, сацыёлагі, рэжысёры і мастакі... Што ёсць наша краіна і мы самі? Я разумею, што аднаго адказу тут няма, цікава як раз разнастайнасць, мазаіка меркаванняў. Акрамя публічных выказванняў людзей і экспэртаў, я б хацела атрымаць таксама і водгук ад усіх беларусаў, ад тых, хто гэтак жа, як і я, задумваецца над пытаннямі самаідэнтыфікацыі ў сучасным свеце.

Я запрашаю ўсіх узяць удзел у маім праекце і выказаць сваё меркаванне — што для вас важна тут, у гэтай краіне. Гэта можа быць любое слова, якое для вас вызначае наш час і наша месца.

Хачу адзначыць, што сэнс праекту — зразумець, чым мы зараз жывем. Я бы хацела пры дапамозе сабраных слоў «саткаць» тканіну, сетку важных і вызначальных паняццяў, і гэта пакажа, што сёння хвалюе людзей. Аднак праект нельга назваць нацыянальна накіраваным: спадзяюся, атрымаецца набор агульначалавечых пытанняў, якія блізкія нам усім. Гэта зрэз нашага часу. Кожны ўбачыць там што-нешта сваё...

— І якое слова, паняцце для вас характарызуе наш час і гэтую зямлю?

— «Імгненне», гэта кожнае асэнсаванае імгненне жыцця. Гэта такое паняцце, якое трохі схаванае, патаемнае, але калі ты ўсвядоміш гэта, магчыма, зменіцца іерархія каштоўнасцяў... Ды і ідэя гэтага праекта нарадзілася з момантаў зносін — з сям'ёй, з цікавымі людзьмі.

— Для фатографа паняцце «імгненне», напэўна, натуральна. А што для вас беларуская зямля, тут і цяпер?

— Гэтая зямля для мяне звязана са шматлікім: я люблю пах восеньскіх яблыкаў, люблю мох... Гэта стварае настрой. Гэта тое, чаму мне хочацца вярнуцца дадому нават з неверагодна прыгожых месцаў за мяжой.

— Што для вас азначае — «вярнуцца дадому»?

— Пахі, асацыяцыі — гэтага не стае. Для мяне Беларусь — гэта не плошча Перамогі, гэта, хутчэй, беларускі лес. Адчуванні дапамагаюць засяродзіцца, каб зразумець і вызначыць тое галоўнае слова — што для цябе месца, дзе ты жывеш.

Гаворым «Парыж» — адразу ўзнікаюць асацыяцыі: Эйфелева вежа, сыр, віно, каштаны... А пры слове Беларусь? Антонаўка? Мох? Лес? Можа быць многае... Выстава пакажа, што мы знаходзімся тут, на гэтай зямлі. А словы будуць візуалізаваныя.

— Вы кажаце, што цягне дадому, калі не ў Беларусі. Гэта цяга да зямлі ці людзей?

— Тут многае: і сям'я, і тваё асяроддзе, і сябры. Раніцай спевы птушак нават розныя — у розных краінах. Я вучылася год у Расеі, памятаю, як я бегала восенню і шукала клён. Я прывыкла, што ён жоўкне, прывыкла да яго асаблівага паху — і мне гэтага не хапала. Нават туманы ў нас іншыя, і тое, што бачыш скрозь гэты туман, і той, які ён па колеры. Тут усё маё, а там я любуюся як турыст. Як бы мне ні было цікава — мяне цягне дадому, у Беларусь.

Разам з тым я — гарадскі чалавек, і ў дзяцінстве была пазбаўленая канікулаў у вёсцы. А судакрананне з «беларускай мовай» прыйшло да мяне толькі ў 1994-м, у момант уступлення ў Саюз мастакоў. Пытанні самаідэнтыфікацыі, я пачала задаваць сабе яшчэ тады. Бо складана не заўважыць: у любой іншай краіне ўсе гавораць на мове сваёй краіны, а ў Беларусі — усё па-іншаму.

Але калі не беларуская мова, то тады што ж робіць нас беларусамі? Што адчуваюць людзі, якія нарадзіліся тут?

— Не так даўно вы зрабілі фотапраект «Сула. Бесперапыннае», дарэчы, прысвечаны традыцыям у беларускай глыбінцы...

— Мяне запрасілі прыехаць на Палессе (вёскі Стаўбун і Неглюбка) і паздымаць старадаўні абрад — «Сулу». Мяне зачапіла развіццё ў часе гэтага абраду, самабытны свет беларускай традыцыі, які ўсё ж звязаны з сучаснасцю.

Абрад «Сулы» — з паганскай традыцыі: жанчыны сялібы сыходзілі ў поле, дзе аддавалі цёмныя сілы і збіралі светлыя, каб быў добры год для сям'і і ўраджаю. Ідуць у поле, там хістаюцца, робяць зямлі свае дары — гэта іх малітва. У мой фотапраект (які паказвалі ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея летам 2016 г.) тады ўвайшло многае — і падрыхтоўка жанчын, і розныя пацешныя моманты.

— Сыходзяць народныя абрады і традыцыі ў Беларусі па-вашаму? Тое, што спрабуюць прайграць студэнты Інстытута культуры на сцэне — гэта ж шоў, фальклорны матэрыял.

— У некаторых вёсках традыцыя яшчэ жыве, я кажу пра тое, што бачыла сама. Жанчыны шчыра вераць у тое, што робяць, і ты разумееш, як абрад для іх важны і напоўнены асаблівым сэнсам, а значыць, і энэргіяй, і жыццём.

Калі ты бачыш, як па пыльнай сельскай дарозе жанчыны розных пакаленняў ідуць разам: заўважаеш і стаптаныя красоўкі «Адыдас» 80-гадовай бабулі пад народнай спадніцай, і татуіроўку на шчыкалатцы маладой дзяўчыны... А іх песні — гэта сапраўдны космас... Думаю, што захаванне гэтых традыцый залежыць ад гатоўнасці маладых пакаленняў іх падтрымліваць. Ці змогуць яны туды ўплесці сваю ўласную «нітачку», у гэтыя абрады?

— Якім чынам нашы чытачы могуць даслаць для арт-праекта пра самаідэнтыфікацыю сваё слова?

— Можна пакідаць яго ў каментарах да гэтага інтэрв'ю, таксама ёсць старонка на Facebook. І слова кожнага ўдзельніка з'явіцца ў экспазіцыі. Усё, што важна для кожнага з вас, важна і для мяне, нават калі адно слова будзе паўтарацца некалькі разоў. Гэта таксама цікава!

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках