29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі дамагліся адтэрміноўкі пастановы аб сертыфікацыі бытавой тэхнікі

10
Прадпрымальнікі дамагліся адтэрміноўкі пастановы аб сертыфікацыі бытавой тэхнікі

Тэрмін абавязковай сертыфікацыі бытавой тэхнікі і электронікі можа быць перанесены з 1 лютага на 1 верасня.

Гэта прадугледжвае праект аб унясенні змяненняў у пастанову Савета міністраў №849, якім валодае БелаПАН.

Нагадаем, пастанова ўрада №849 была прынятая восенню 2016 года і меркавала, што да 1 лютага 2017 года практычна ўся бытавая тэхніка і электроніка, якая ўвозіцца ў Беларусь, павінна прайсці нацыянальную сертыфікацыю паводле беларускіх стандартаў энэргаэфектыўнасці. Дакумент выклікаў вельмі негатыўную рэакцыю ў бізнэс-супольнасці, якая ўспрыняла гэту пастанову як загараджальны бар'ер на шляху імпартнай бытавой тэхнікі і электронікі на беларускі рынак.

Прадстаўнікі кампаній, якія гандлююць тэхнікай міжнародных брэндаў, распавялі журналістам, што вытворцы пакуль займаюць чакальную пазіцыю, сочачы за рэакцыяй беларускага ўрада, які яшчэ ў снежні падчас нарады з удзелам віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі абвясціў пра планы перанесці раней устаноўленыя тэрміны нацыянальнай сертыфікацыі бытавой тэхнікі і электронікі.

Праект пастановы ўрада, копіяй якога валодае БелаПАН, прадугледжвае, што тэрмін нацыянальнай сертыфікацыі шэрагу тавараў паводле патрабаванняў энергаэфектыўнасці будзе перанесены з 1 лютага на 1 верасня. Між іншым, дакумент прадугледжвае, што да гэтага тэрміну паводле беларускіх стандартаў павінна быць сертыфікаваная кухонная тэхніка (мікрахвалевыя печы, тостэры, кававаркі і да т. п.), кампутарная тэхніка (прынтэры, сканеры, маніторы), а таксама іншая электроніка (відэакамеры, радыёпрыёмнікі і да т. п.).

Між тым прадстаўнікі бізнэсу сёння заяўляюць, што прайсці сертыфікацыю паводле правілаў, выкладзеных у праекце новай пастановы ўрада, таксама нерэальна.

Генеральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Ананьеў падкрэсліў, што праект пастановы ўрада змяшчае спасылкі на стандарты тэхнічнай бяспекі (СТБ), якіх дагэтуль няма ў вольным доступе.

«Праект пастановы аб пераносе тэрмінаў сертыфікацыі спасылаецца на некалькі СТБ. Мы правялі каля двух дзён у пошуках і не змаглі іх знайсці ў адкрытым доступе. А як можна праводзіць сертыфікацыю пры адсутнасці стандарту ў пытанні маркіроўкі на прадмет энергаэфектыўнасці? Сёння ўдзельнікам рынку незразумела, як і чым маркіраваць прадукцыю, якая падлягае абавязковай сертыфікацыі», — распавёў Ананьеў.

На ягоную думку, вялікага сэнсу ў арганізацыі нацыянальнай сертыфікацыі імпартнай тэхнікі і электронікі няма. «Многія вядомыя замежныя брэнды самі імкнуцца да пацвярджэння таго, што ў іх напісана на ўпакоўцы, і таму ў іх ужо даўно ёсць сертыфікаты, якія пацвярджаюць заяўленую якасць прадукцыі», — канстатуе кіраўнік Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій.

На ягоную думку, у арганізацыі нацыянальнай сертыфікацыі тэхнікі паводле беларускіх стандартаў энергаэфектыўнасці зацікаўлены профільныя камерцыйныя арганізацыі.

«Для таго каб загрузіць замовамі камерцыйныя арганізацыі, якія зарабляюць грошы на правядзенні выпрабаванняў для сертыфікацыі тэхнікі, могуць увесці не толькі гэтую, але прыдумаць якую-небудзь іншую сертыфікацыю», — мяркуе Дзмітрый Ананьеў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках