23 красавiка 2024, aўторак, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-камбат «Поўначы» выступіў у судзе аб справе Нямцова

5
Экс-камбат «Поўначы» выступіў у судзе аб справе Нямцова
АЛІБЭК ДЗЕЛІМХАНАЎ
ФОТА: РІА «НОВОСТИ»

Суддзя зняў амаль усе «нязручныя» пытанні адваката да яго.

Былы камандзір батальёна «Поўнач» Алібэк Дзелімханаў даў паказанні ў Маскоўскім акруговым судзе на працэсе ў справе аб забойстве апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова, куды яго выклікалі ў якасці сведкі, паведамляе Расейская служба ВВС.

Ён стаў першым з высокапастаўленых чачэнцаў, якія пагадзіліся даць паказанні ў справе аб забойстве Нямцова. Алібэк Дзелімханаў - родны брат дэпутата Дзярждумы ад Чачэніі Адама Дзелімханава, які ўважаецца за правую руку кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава.

Былы камандзір «Поўначы» пацвердзіў, што ягоны экс-намеснік Руслан Герамееў даводзіцца яму далёкім сваяком. Дзе цяпер знаходзіцца Герамееў, Дзелімханаў не ведае. Сям'я Нямцова мяркуе, што Герамееў можа быць датычны да забойства, але ў матэрыялах справы сярод меркаваных заказчыкаў або арганізатараў злачынства ён не фігуруе.

Дзелімханаў таксама паведаміў, што пазнае сярод падсудных свайго былога падначаленага Заура Дадаева, які служыў у батальёне «Поўнач». Дадаеў уважаецца за меркаванага выканаўцу забойства Барыса Нямцова.

Вадзім Прохараў, адвакат сям'і Нямцова, пытаўся ў Дзелімханава аб падрабязнасцях камандзіровак ягоных падначаленых, аб працэдуры звальнення і адстрэле зброі звольненых супрацоўнікаў.

«Я не ведаю [ці вырабляецца адстрэл здадзенай зброі]. Там ёсць камандзір палка. Я ўжо не камандзір палка. Гэтым займаецца штаб палка. Я не гатовы вам дэталёва цяпер адказваць на гэтае пытанне, - заявіў Дзелімханаў. - Я проста не памятаю ўжо. Два гады мяне там няма. Трэба звярнуцца ў полк. Я не памятаю, два гады ўжо прайшло».

Алібэк Дзелімханаў заявіў, што не адпраўляў Дадаева ў камандзіроўку ў Маскву і не падпісваў дакументы аб камандзіроўках сваіх падначаленых. Былы камандзір «Поўначы» не змог адказаць на большасць іншых пытанняў, спаслаўшыся на тое, што не памятае дэталяў.

Усяго ў адваката Прохарава было нарыхтавана 45 пытанняў, але задаў ён толькі каля паловы. Як перадае з залы суда карэспандэнт Рускай службы BBC, суддзя зняў амаль усе пытанні аб Герэмееве і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.

Дапытаць Алібэка Дзелімханава павінны былі яшчэ 11 студзеня, аднак ён адмовіўся даваць паказанні, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне з-за падвышанай тэмпературы.

Дачка забітага палітыка Жанна Нямцова звярталася да следства з просьбай аднавіць расследаванне справы і дапытаць Дзелімханава і яго намесніка Руслана Герамеева.

Брату Руслана Герамеева, Артуру Герамееву, паводле выпісу з Росреестра, належыць маскоўская кватэра, дзе, па дадзеных следчых, жылі абвінавачаныя ў забойстве. Знайсці братоў Геремеевых следству не ўдалося.

Прадстаўнікі Нямцова таксама прасілі дапытаць па гэтай справе Рамзана Кадырава, Адама Дзелімханава і сенатара ад Чачні Сулеймана Герамеева. Але ў гэтым адвакатам было адмоўлена.

Усяго абвінавачанымі па справе аб забойстве палітыка праходзяць пяць выхадцаў з Чачні. Акрамя Дадаева, гэта Анзор Губашаў, Шагід Губашаў, Хамзат Бахаеў і Тамерлан Эскерханаў. Усе яны адмаўляюць сваю датычнасьць да забойства палітыка.

Паплечнікі мяркуюць, што абвінавачванні былі прад'яўленыя толькі выканаўцам забойства, але не яго арганізатарам.

Барыс Нямцоў быў застрэлены 27 лютага 2015 года на Вялікім Маскварэцкім мосце ў Маскве. Палітык, які быў аўтарам некалькіх крытычных дакладаў, у тым ліку аб прэзідэнце Расеі Уладзіміры Пуціне, неаднаразова скардзіўся на пагрозы ў свой адрас.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках