25 красавiка 2024, Чацвер, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестары агаломшаныя варункамі працы ў Беларусі

33
Інвестары агаломшаныя варункамі працы ў Беларусі

Гісторыя чарговага канфлікту інтарэсаў дзяржавы і прыватнага інвестара.

Сёння інвестар, распрацаваўшы пад Менскам радовішча пясчана-гравійнай сумесі «Мазуры», якое спадабалася дзяржаве, закопвае выведаныя рэсурсы і згортвае вытворчую базу.

«Здаровы сэнс і логіка ў нашай краіне адступаюць, калі чыноўнік вялікага рангу бачыць у табе ворага», — рэзюмуе вынікі свайго досведу інвеставання Яўген Шулігін, галоўны інжынер і асноўны ўладальнік кампаніі «Дэлмакс», піша tut.by.

Уладальнікі ТАА «Дэлмакс», якія ўклалі 3 млн даляраў у вытворчасць будаўнічых вырабаў у Дзяржынскім раёне, відавочна, так і не змогуць «адбіць» свае інвестыцыі. Інвестары прайшлі праз суды і праверкі, але ў жніўні тэрмін, на які быў выдзелены надзел, скончыўся, выпрацаваць выведаны рэсурс цалкам не ўдалося — працу прыпынялі праз шматлікія праверкі, дадатковы надзел атрымаць не ўдалося праз «патрэбы дзяржавы».

«Мы да апошняга спадзяваліся, што Дзяржынскі райвыканкам падоўжыць нам магчымасць карыстання зямельным надзелам, раней аддадзены пад кар'ер, і дасць магчымасць асвоіць дадаткова выведаныя намі карысныя выкапні. Аднак пасля нашых шматлікіх зваротаў райвыканкамам цалкам скапіяваў адказ Менаблвыканкама і ў падаўжэнні тэрмінаў карыстання асноўнага і ўзгадненні дадатковага зямельнага надзела адмовіў», — разводзіць рукамі Шулігін.

Цяпер на патрабаванне Менаблвыканкама «Дэлмакс» займаецца рэкультывацыяй кар'ера, хоць частка выкапняў засталася ў грунце, «не кажучы ўжо пра дадаткова выведаныя запасы карысных выкапняў».

«Нам даводзіцца закопваць свае ж грошы. На адрас ТАА «Дэлмакс» з вуснаў старшыні Менаблвыканкама гучыць непрыхаваны паклёп: на селектарнай нарадзе ў Дзяржынскім райвыканкаме, куды мы былі запрошаныя, нас абвінавацілі ў раскраданні дзяржмаёмасці, у гандлі карыснымі выкапнямі без належнага ўліку, атрыманні велізарнага прыбытку «сабе ў кішэню», у захопе «расейцамі» беларускай зямлі з пагрозамі «далажыць прэзідэнту аб сітуацыі, якая склалася з кар'ерам «Мазуры», — здзіўляецца інвестар, які жыве, дарэчы, у Беларусі ўжо больш за 15 гадоў.

Пералічаныя вышэй факты аб'ектыўна нічым не пацверджаныя, больш таго, зняпраўджаныя наяўнымі дакументамі і пастановамі Эканамічнага суда Менскай вобласці, падкрэслівае Шулігін.

У выніку праз сваркі канчатковая мэта праекта — вытворчасць будаўнічых вырабаў на ўласных вытворчых плошчах з выкарыстаннем уласнай сыравіны — засталася не дасягнутай.

«Мне кажуць: пакажыце вашы інвестыцыі! Што вы зрабілі? Паставілі на кар'еры капеечныя бытоўкі, камеры, шалі, абсталяванне і пачалі здабываць і прадаваць карысныя выкапні... Мы ўклалі ўсе свае кроўна заробленыя грошы ва ўзгоднены і выдзелены выканкамам надзел, арыентавалі бізнэс на доўгатэрміновую перспектыву: будавалі ўласную вытворчую базу для выпуску будаўнічых вырабаў, РБУ, усталявалі абсталяванне для перапрацоўкі пяску, ПГС, прапаноўвалі прыцягнуць 15 млн даляраў у вытворчасць базальтавага валакна і вырабаў на яго аснове з выкарыстаннем пяску на плошчах уласнай вытворчай базы. А цяпер — усе ў лес... Усе праекты былі разлічаныя на выкарыстанне ўласнай сыравіны, а не той, якую трэба прывозіць за 170 кіламетраў! Мы закопваем уласныя ўкладанні, выведаныя запасы на мільярды, а гэта ж і ёсць працоўныя месцы, адлічэнні падаткаў, развіццё вытворчасці, аб якіх столькі гаворыцца...» — здзіўляецца інвестар.

Ён падкрэслівае, што пастановы Дзяржынскага райвыканкама «Аб спыненні права карыстання нетрамі ТАА «Дэлмакс» у Эканамічным судзе былі прызнаныя незаконнымі, факты несвоечасовага распачынання карыстання нетрамі, нямэтавага выкарыстання здабытых карысных выкапняў, сістэматычнага парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, адсутнасць вагавага ўліку не пацвердзіліся і былі зняпраўджаныя.

«Аднак Менаблвыканкам, нягледзячы на пастанову суда, якая ўвайшла ў дзеянне і зняпраўджвае гэтыя факты, прадаўжае намагаць на сваім, то бок, атрымліваецца, высновы і пастановы суда для чыноўніка не маюць прынцыповага значэння», — робіць выснову Яўген Шулігін.

«Мы былі гатовыя разгледзець пытанне аб бязвыплатнай перадачы дзяржаве долі статутнага фонду кампаніі з мэтай захавання прадпрыемства і працоўных месцаў, аднак пачулі толькі з'едлівыя каментары «пра імкненне прымазацца да дзяржавы», — адзначае ён.

У выніку, мяркуе інвестар, мясцовыя ўлады не далі магчымасці паспрабаваць выратаваць праект: на ліст з просьбай падоўжыць тэрміны рэкультывацыі кар'ера атрыманая адмова.

Тэрмін вяртання зямельнага надзела, выдзеленага пад кар'ер, ужо наступіў, аднак праз абмежаванасць матэрыяльных, тэхнічных магчымасцяў ТАА «Дэлмакс» рэкультывацыя кар'ера зацягнулася, вярнуць зямельны пляц у тэрмін не атрымалася. У выніку з кастрычніка 2016 года «Дэлмакс» выплачвае зямельны падатак у 10-кратнай суме, за апошні квартал 2016 года ён склаў амаль 24 тысячы дэнамінаваных рублёў.

«У прадпрыемства няма фінансавай магчымасці з такімі велізарнымі сумамі падатку прадаўжаць рэкультывацыю, якая, як мы асцерагаемся, можа моцна зацягнуцца. Мы дамовіліся з ТДА «Экалогія горада» аб магчымасці рэкультывацыі «Мазураў» сіламі гэтага прадпрыемства, якое мае такі досвед. Але і тут мы сутыкнуліся з нежаданнем пайсці нам на сустрэчу: было сказана, што рэкультываваць кар'ер могуць і яны, аднак зямельны надзел застанецца за вамі, што азначае неабходнасць аплаты зямельнага падатку ў дзесяціразовай суме ўвесь той час, пакуль будуць ісці работы ў рэкультывацыі кар'ера», — распавядае Шулігін.

«Выходзіць, патрэбная імгненная выгада: накласці штраф і абкласці падаткам у дзесяціразовым памеры, пачакаць, пакуль прадпрыемства «загнецца» і забраць яго маёмасць», — рэзюмуе ён.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках