25 красавiка 2024, Чацвер, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Беларускі рубель будзе абясцэньвацца нават пры росце коштаў нафты

7
Экспэрт: Беларускі рубель будзе абясцэньвацца нават пры росце коштаў нафты

Курс рубля будзе вызначацца экспартам, а прадаваць уладам няма чаго і няма каму.

Курс беларускага рубля ў пачатку гэтага года значна менш залежыць ад сусветнага кошту нафты, чым гэта было ў 2016 годзе.

Цягам мінулага года назіралася цалкам выразная залежнасць – як толькі кошт нафты падаў, курс даляра ішоў уверх. І наадварот, як толькі кошт нафты на сусветных рынках павышаўся, беларускі рубель умацоўваўся. Аднак у гэтым годзе такой выразнай залежнасці не назіраецца.

«Апошнім часам кошты нафты пайшлі ўгару ў выніку таго, што краіны АПЕК прынялі пастанову скараціць здабычу. Сёлета кошт дасягае 55 даляраў за барэль пры тым, што летась ён падаў і да 40, і нават да 30 даляраў. Расейскі рубель адрэагаваў на павышэнне кошту нафты і ўмацаваўся, а вось беларускі рубель умацоўвацца не спяшаецца», -- адзначыла ў інтэрв'ю Thinktanks.by экспэрт Беларускага эканамічнага цэнтра BEROC Кацярына Барнукова.

Аднак гэты факт не азначае, што адбываецца збавенне ад нафтавай залежнасці, нягледзячы на тое, што доля нафты і нафтапрадуктаў у беларускім экспарце паменшылася.

«Гэта не было вынікам дыверсіфікацыі экспарту. Зніжэнне долі нафты ў экспартным кошыку адбылося летась праз істотнае скарачэння паставак расейскай нафты ў выніку газавага канфлікту. Менавіта з гэтай прычыны Беларусь сёння не можа напоўніцу адчуць выйгрыш ад росту кошту нафты», - кажа Кацярына Барнукова.

Зрэшты, на курс беларускага рубля негатыўна ўздзейнічаюць і іншыя фактары. Апошнім часам паўсталі сур'ёзныя праблемы з яшчэ адной важнай экспартнай пазіцыяй – калійнымі ўгнаеннямі. Кан'юнктура на гэтую прадукцыю на сусветным рынку складвалася не на карысць Беларусі -- падаў і попыт, і кошт прадукцыі, што прывяло да скарачэння даходаў ад экспарту. Сітуацыя пагоршылася тым, што адначасова пачалі зніжацца экспартныя кошты сельгаспрадукцыі.

Вынікам стала пагаршэнне сальда вонкавага гандлю. За студзень-лістапад 2016 года моцна скарацілася станоўчае сальда гандлю таварамі і паслугамі, а ў гандлі таварамі назіраўся значны дэфіцыт (-3,45 млрд даляраў).

Кацярына Барнукова адзначыла яшчэ адзін фактар, які ў 2017 годзе значна паўплывае на фармаванне сітуацыі на валютным рынку. Летась праз зніжэнне даходаў насельніцтва актыўна прадавала свае валютныя запасы. Чысты продаж валюты насельніцтвам у 2016 годзе перавысіў 2 млрд даляраў.

«Гэта ўплывала на наш валютны рынак, ствараючы перадумовы для ўмацавання беларускага рубля. Аднак гэтая тэндэнцыя не будзе захоўвацца, бо запасы валюты ў насельніцтва вычэрпваюцца. Апошнім часам людзі сталі менш прадаваць даляраў. Магчыма, таму, што даляравыя запасы ўжо падыходзяць да канца», - адзначыла Кацярына Барнукова.

Меркаванае далейшае скарачэнне чыстага продажу валюты насельніцтвам будзе адбывацца на фоне неабходнасці выплаты вонкавай пазыкі. Сёлета аплаты Беларусі павінны скласці больш за 3 млрд даляраў.

«Каб разлічвацца па абавязку, Нацбанку давядзецца купляць валюту ў экспарцёраў. Калі летась насельніцтва рабіла свой унёсак у фармаванне золатавалютных рэзерваў, то цяпер уся надзея на экспарт. Гэта будзе процідзейнічаць умацаванню беларускага рубля», - мяркуе экспэрт.

На думку Кацярыны Барнуковай, «той факт, што мы назіраем усё меншую залежнасць курсу беларускага рубля ад кошту нафты, не азначае, што мы цалкам пазбавіліся ад нафтавай залежнасці. У найбліжэйшы год на ўстойлівасць нацыянальнай валюты будуць прыкметна ўплываць такія фактары, як кошты іншых экспартных тавараў, аб'ёмы продажу валюты насельніцтвам і неабходнасць выплаты вонкавай запазычанасці. У той жа час, у выпадку, калі аб'ёмы паставак нафты ў 2017 годзе значна не ўзрастуць, з вялікай доляй імавернасці можна чакаць паслаблення беларускага рубля».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках