20 красавiка 2024, Субота, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаеды»: Мы будзем змагацца і знойдзем падтрымку ў нашага народа

18
«Дармаеды»: Мы будзем змагацца і знойдзем падтрымку ў нашага народа

Незадаволенасць антыканстытуцыйным дэкрэтам Лукашэнкі расце, як снежны ком.

«Я не буду маўчаць. Я буду пра гэта казаць. І я думаю, што я знайду падтрымку ў нашага народа. Таму што, я ўпэўненая, што не адна такая ў нас у Рэспубліцы Беларусь», - кажа беспрацоўная ў відэасюжэце «Белсата».

Маці, якая самастойна выхоўвае дваіх дзяцей. Дачка, якая апякуецца маці-інвалідам. Грамадзянка, якая мае працоўны стаж з 89-га года.

Падаткаплатніца, якая спраўна выплачвае адсоткі дзяржаве за здачу ў наём кватэры. Жыхарка сталіцы Жанна Гаўрыловіч выявілася сярод тых чатырохсот тысяч беларусаў, якія трапілі ў спіс дармаедаў і атрымалі «лісты шчасця» ад падатковай.

«Мы ў дзяржавы нічога не просім. Мы плацім падатак на здачу кватэры. У нас усё легальна. Мы цалкам можам існаваць, незалежна ад дзяржаўных датацый на апякунства — мы не просім. Але мы просім — пакіньце нас у спакоі», — кажа Гаўрыловіч.

Параілі здаць маці ў інтэрнат і ісці працаваць

Са слоў чыноўнікаў, падатак на дармаедства за 2015-ы год павінен выплаціць сын жанчыны, які ў той час быў студэнтам дзённага аддзялення. Сама ж Жанна як быццам завінавацілася дзяржаве Br 162 — за тое, што не працуе, бо даглядае хворую маці.

«Мне патлумачылі, што, калі я не ў стане працаваць і даглядаць за маці, адначасова быць апекуном, то я павінна здаць сваю маці ў дом-інтэрнат і ісці працаваць», — распавяла жанчына.

Як далей жыць у так званай сацыяльна арыентаванай дзяржаве, мянчанка не разумее. Жанна гатовая прасіць прытулак за мяжой.

Незадаволенасць неадпаведным Канстытуцыі дэкрэтам, падпісаным Лукашэнкам, расце.

«Жабрак народ, няма працы, жабрацкія заробкі, і вы яшчэ бераце падатак на дармаедства? Таму, улады, ідзіце на... Падатковая Віцебскай вобласці, ідзіце на...».

Відэа ў сеціве з такім «прывітаннем для ўлады» апублікаваў юнак, які апошнія гады не жыве ў Беларусі, але таксама атрымаў ліст ад падатковай. На гэтым жа відэа мужчына, які атрымаў «ліст шчасця», разам са сведкам прыйшоў у Гомельскую падатковую пісаць заяву, што мае на ўтрыманні дзіця. У адказ на цалкам законнае вядзенне відэазапісу маладзёны сутыкнуліся з татальным няведаннем закона тымі, хто, фактычна, стаіць на яго варце.

Як законна супрацьстаяць паборам?

Апеляваць да сваіх праў заклікае і прапануе падтрымку цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву».

«Ёсць закон аб звароце грамадзян і Канстытуцыя, якія дазваляюць чалавеку абскардзіць усякае дзеянне службовай асобы. Там мы знайшлі такую форму — праз Канстытуцыю і закон аб звароце грамадзян. Наша мэта — пачынаючы абскарджваць пастанову раённай падатковай, дайсці да міністра падаткаў. Калі гэта не дапаможа, далей наш алгарытм — гэта суд», — патлумачыў праваабаронца Алег Воўчак.

Юрысты ініцыятывы гатовыя з ахвотнымі прайсці ўсе інстанцыі, каб абараніць права беларусаў не быць рабамі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках