19 красавiка 2024, Пятніца, 22:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Калі ўлада не пачуе «дармаедаў» - будуць мітынгі

20
Генадзь Фядыніч: Калі ўлада не пачуе «дармаедаў» - будуць мітынгі
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: GAZETABY.COM

Прафзвяз РЭП і праваабаронцы пачынаюць агульнанацыянальную акцыю для збору подпісаў за скасаванне дэкрэта «аб дармаедстве».

З 18 студзеня да 18 лютага ва ўсіх абласных цэнтрах у офісах прафзвязу РЭП будзе праходзіць збор подпісаў за скасаванне дэкрэту. Акрамя таго, з сённяшняга дня на сайце zvarot.by запушчана онлайн-петыцыя «Няма Дэкрэту №3 «аб дармаедах!», якую вы таксама можаце падпісаць.

Падпісаць онлайн-петыцыю «Няма дэкрэту «аб дармаедах»!» на сайце zvarot.by можна тут.

– Трэба сабраць 200 тысяч подпісаў, тады яны не асмеляцца нас ігнараваць, – сказаў лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч praca-by.info.

Арганізатары акцыі заклікаюць грамадзян адгукнуцца і праявіць грамадзянскую пазіцыю і салідарнасць, паставіўшы подпіс за скасаванне незаконнага і несправядлівага дэкрэта, і не толькі тых, хто атрымаў ад падатковай так званыя «лісты шчасця», але і тых, каму пакуль гэта не пагражае.

– Пры цяперашняй эканамічнай сітуацыі, калі ў краіне ідуць масавыя звальненні, скарачэнні, кожны грамадзянін у кожны момант можа апынуцца на месцы «дармаеда», – падкрэсліў праваабаронца Алег Воўчак. – Праз год пасля выдання дэкрэта настроі ў грамадстве моцна змяніліся. Калі год таму на форумах, у каментарах, з маіх назіранняў, 20-30% падтрымлівалі дэкрэт, цяпер зусім іншая сітуацыя. Практычна кожная другая сям'я сёння падпадае пад гэты дэкрэт, блізкія ці далёкія сваякі. Але самы моцны ўдар прыпаў, вядома, на маламаёмасных.

– Паставіць подпіс можна будзе ў нашых офісах ў Менску, Берасці, Гародні, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Воршы, а таксама ў офісах БНП у Салігорску і Наваполацку, – паведаміў Генадзь Фядыніч. – У рэгіянальных цэнтрах, дзе няма прафзвязных офісаў, будуць працаваць валанцёры. Мы не станем хадзіць па кватэрах і збіраць подпісы. Мы павінны дапамагчы самаарганізавацца тым людзям, якія патрапілі ў гэтую сітуацыю. Нашая задача – каардынаваць акцыю. Акрамя таго, мы заклікаем людзей асабіста адпраўляць у падатковыя заявы і скаргі.

Арганізатары акцыі паабяцалі рэгулярна інфармаваць аб ходзе збору подпісаў.

Алег Воўчак паведаміў, што на сённяшні дзень у прафзвяз РЭП і ў ягоную арганізацыю «Прававая дапамога насельніцтву» з просьбай аб дапамозе звярнуліся амаль 10 тысяч чалавек, з якіх прыкладна 40% – беспрацоўныя.

– Людзі ўзлаваныя. Самыя розныя выпадкі, і ніводзін з іх не ўлічваецца ў дэкрэце, – адзначыў праваабаронца. – Напісаў бацька, які адзін выхоўвае 11-гадовую дачку. Ён гатовы адседзець 15 дзён арышту, і пытаецца, што яму рабіць, бо няма з кім пакінуць дачку, няма родных. Жанчына напісала ў поўным адчаі, гатовая пайсці на суіцыд, у яе няма гэтых грошай, яна тры гады не можа ў сваім райцэнтры знайсці працу. Мы яшчэ і псіхолагамі выступаем. Я знайшоў адзіную форму, як супрацьстаяць дэкрэту. На перыяд разгляду заяў і скаргаў людзей у падатковыя органы, падатковы орган прыпыняе прыняцце захадаў для спагнання падатку, гэта прадугледжана ў дэкрэце. Таму я ўсім раю – пішыце і пачынайце з пытання: «Скажыце, дзе мне, беспрацоўнаму, узяць гэтыя грошы?»

У дадатак Генадзь Фядыніч папярэдзіў:

– Мы хочам мірным шляхам скасаваць Дэкрэт №3. Хочам, каб у нас гэта атрымалася, і хочам, каб пра гэта ведала ўлада. Калі ўлада не пачуе голас народа, тады мы вызначымся, што рабіць – мітынг у Менску, або адначасова ва ўсіх абласных цэнтрах, людзі вызначаць.

Вы можаце:

Падпісаць онлайн-петыцыю «Няма Дэкрэту №3 «аб дармаедах!» на сайце zvarot.by тут.

Спампаваць формы для збору подпісаў за скасаванне Дэкрэта №3 на беларускай і расейскай мовах і папрасіць сваіх родных, сяброў і суседзяў падтрымаць людзей, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, тут.

Падпісаць зварот у офісах прафзвязаў РЭП, БНП і СПМ, адрасы тут.

Спампаваць узоры заяваў у падатковыя органы, пракуратуру і КДК тут.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках