28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казна пустая: так мала жылля будавалі толькі ў 2004 годзе

4
Казна пустая: так мала жылля будавалі толькі ў 2004 годзе

Будаваць жыллё за кошт дзяржбюджэту ў 2017 годзе практычна не будуць.

Кожны год савет міністраў публікуе дакумент з планамі будаўніцтва жылля. У якіх галінах і колькі квадратных метраў будзе пабудавана. Так, на 2017-ы год у Беларусі ўзвядуць 3,5 мільёна квадратных метраў жылля. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў за мінулыя гады. Так мала будавалася толькі ў 2004 годзе, тыя ж 3,5 мільёна квадратаў. Больш за ўсё дамоў пабудуюць у Менскай вобласці - 972 тысячы кв. м., а менш за ўсё ў Віцебскай - 251 тысячу. У Менску сёлета, паводле планаў урада, узвядуць 644 тысячы квадратных метраў жылля. Калі перавесці ўсе гэтыя квадратныя метры ў больш зразумелыя нам дамы, то ў Менску гэта будзе прыкладна 58 дзевяціпавярховых дамоў на чатыры пад'езды, а для краіны - 318 дамоў, піша kp.by.

Цэны - стрымаць, квадратны метр - зрабіць таннейшым!

У пастанове Савета Міністраў сказана, што Міністэрству будаўніцтва і архітэктуры трэба ўдакладніць пералік праектаў эканамічных жылых дамоў спажывецкіх якасцяў, каб знізіць кошт будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай. Гэта значыць, будуць будаваць самае таннае жыллё. Ну, і ўдасканальваць яго пастаянна - каб зрабіць таннейшым.

Таксама чыноўнікам далі заданне стрымліваць рост кошту будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай.

Дарэчы пра кошт. Ва ўрадзе ўсталявалі гранічны нарматыў кошту квадратнага метра: 660 беларускіх рублёў, прыкладна 330 даляраў. Менавіта ад гэтай сумы будуць адштурхоўвацца ў банках, калі будуць вылучаць льготны крэдыт на будаўніцтва. Для шматдзетных сем'яў або сельскіх жыхароў лімітавы кошт квадратнага метра складае 940 рублёў, або блізу 470 даляраў. Дарэчы, такі ж парадак лічбаў быў і ў 2016 годзе. Цяпер зразумела, чаму трэба стрымліваць кошт будаўніцтва і па максімуме рабіць таннейшым узвядзенне дамоў.

Дарэчы, усяго на будаўніцтва жылля ў 2017 годзе збіраюцца выдаткаваць 3704 млн. рублёў. Гэта блізу 1,8 млрд. даляраў. Прычым значную частку з гэтага (2859,332 млн. рублёў) павінны выдаткаваць людзі. Мяркуючы па ўсім, нас заклікаюць даставаць скарбонкі і ўкладвацца ў жыллё. Краіна на будоўлю выдаткуе па мінімуму.

Менск, забудзься пра арэндныя дамы!

Каля пяці гадоў таму ў сталіцы зрабілі стаўку на дзяржаўнае арэнднае жыллё. Зняць кватэру ў такім доме танней, чым у прыватніка, а самі дамы новыя. Такім чынам дзяржава планавала і грошы на здачы жылля зарабляць, і рынак арэнды перавесці ў сумленнае рэчышча, выцесніўшы нелегалаў. Але ў апошні год рынак арэнднага жылля рэзка зменшыўся. А на 2017 год у Менску, да прыкладу, і зусім пабудуюць толькі адзін арэндны домік. Мяркуючы з дакументаў, будаваць яго будуць за кошт нейкага суб'екта гаспадарання, а не за кошт бюджэту. Яшчэ адзін дом пабудуюць у Віцебскай вобласці. Затое ў Гарадзенскай вобласці абяцаюць узвесці 51,3 тысячы квадратных метраў арэнднага жылля - 5 - 7 дамоў.

Ільготнікам дастанецца менш жылля

З 3,5 мільёна квадратных метраў жылля ільготнікам дастанецца толькі 375 тысяч квадратных метраў, амаль дзесятая частка ад усяго аб'ёму. Прыкладна кожны трэці квадратны метр пабудуюць у сельскай мясцовасці.

Зусім мала жылля дастанецца шматдзетным - 259,74 тысячы квадратных метраў. У сярэднім кожнай сям'і дастанецца па кватэры ў 60 квадратных метраў. Усяго такіх сем'яў, якім пабудуюць жыллё ў гэтым годзе, - 4329.

Дарэчы, ад дзяржаўнага заказу ў краіне амаль адмовіліся. Толькі ў Гомельскай вобласці пабудуюць адзін такі дом. Нагадаем, што дзяржзаказ - гэта такі метад фінансавання будаўніцтва. Дзяржава будуе дом, а калі застаецца даслоўна пару месяцаў да ўводу дома ў эксплуатацыю, у выканкам запрашаюць тых, хто жыве ў нястачы - таго, хто стаіць на чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў, - і прапануюць канкрэтную кватэру. Калі чалавек згодны, ён заключае дамову, ідзе ў банк і атрымлівае крэдыт. Такім чынам абараняліся сродкі ад падаражэння падчас будаўніцтва жылля. Гэта значыць атрымліваеш і кватэру, і крэдыт. І не хвалюешся пры гэтым: ці зацягнецца будоўля, ці падаражэе яна. Але зараз пра гэта можна забыцца.

Гарады-спадарожнікі засталіся толькі каля Берасця і Горадні

Будаўніцтва жылля ў гарадах-спадарожніках ужо набіла аскому, прынамсі, менчукам. Нам некалькі гадоў распавядалі пра Фаніпаль, Дзяржынск, Смалявічы, Рудзенск, Лагойск, Заслаўе. Прычым у Смалявічах нават пачыналі будаваць жыллё для тых менчукоў, якія ўсё-такі захочуць жыць на выселках і ездзіць на працу ў сталіцу. Але не пракаціла - камунікацыі былі занадта дарагія, праз гэта квадратны метр не моцна адрозніваўся па цане ад сталічнага.

У планах па будаўніцтву жылля на 2017 год ва ўрада засталіся толькі Жабінка (горад-спадарожнік Берасцейскай вобласці) і Скідзель (Гарадзенская вобласць). З улікам агучаных аб'ёмаў будаўніцтва, у кожным з гарадоў з'явіцца па адным доме.

За чый кошт пабудуюць дамы?

Бюджэт - 160,068 млн. руб.

Банкаўскія крэдыты - 245,31 млн. руб.

Сродкі арганізацый - 439,29 млн. руб.

Сродкі насельніцтва - 2859,332 млн. руб.

Усяго: 3704 млн. руб.

Колькі і дзе пабудуюць у 2017-м?

Берасцейская вобласць - 472 тыс. кв. м.

Віцебская вобласць - 251 тыс. кв. м.

Гомельская вобласць - 391 тыс. кв. м.

Гарадзенская вобласць - 490 тыс. кв. м.

Менская вобласць - 972 тыс. кв. м.

Магілёўская вобласць - 280 тыс. кв. м.

Менск - 644 тыс. кв. м.

Разам - 3500 тыс. кв. м.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках