25 красавiка 2024, Чацвер, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пакаранне без злачынства

2
Пакаранне без злачынства
Ильдар Дадин
Фото: Василий Петров / Facebook

Гісторыя апанента расейскага рэжыму Ільдара Дадзіна.

Ільдар Дадзін зноў знайшоўся. Пра месцазнаходжанне расейскага апазіцыянера, які «за шмат якія парушэнні» закона аб сходах і мітынгах у снежні 2015 года быў прысуджаны да трох гадоў турэмнага зняволення (пасля абскарджання прысуду тэрмін зняволення быў скарочаны да двух з паловай гадоў), не было вядома больш за месяц, піша Frankfurter Allgemeine Zeitung (пераклад - inosmi.ru).

8 студзеня жонка Дадзіна Анастасія Зотава паведаміла, што ён знаходзіцца ў калоніі №5 у Алтайскім краі, і, з ягоных слоў, ён здаровы. Яна сказала, што ёй удалося коратка паразмаўляць з ім праз тэлефон. Больш нічога. Цягам 37 дзён блізкія Дадзіна заставаліся ў няведанні пра тое, куды яго адправілі з калоніі №7 у карэльскай Сегежэ. «Фізічна Ільдар адчувае сябе добра, але эмацыйна ён перажывае за людзей, якія засталіся ў калоніі ў Карэліі», — сказала Зотава.

Таму што мінулай восенню ў сваім лісце, у якім ён распавёў аб катаваннях у карэльскай калоніі (дзе частку свайго дзесяцігадовага зняволення правёў і Міхаіл Хадаркоўскі), Дадзін звярнуў увагу на парушэнні, аб якіх у Расеі даўно вядома, але рэдка згадваюць, у тым ліку таму, што людзі, якія падымаюць тэму, разглядаюцца як «замежныя агенты». Дадзін набыў усеагульную вядомасць дзякуючы свайму ўдзелу ў пратэстах супраць такой сітуацыі ў Расеі. Яго выпадак ўвасабляе не толькі катаванні, якія практыкуюцца ў расейскіх калоніях, але і палітычны пераслед.

Дадзін — адзін са 102 палітычных зняволеных, зарэгістраваных у праваабарончым цэнтры «Мемарыял» на канец кастрычніка мінулага года. Гэтая лічба перасягае мінулагоднюю больш чым удвая. Дарэчы, цэнтр «Мемарыял» таксама ўважаецца за «замежнага агента».

34-гадовы Дадзін неаднаразова выходзіў на мітынгі пратэсту ў цэнтры Масквы, выступаючы ў абарону правоў палітвязняў, сэксуальных меншасцяў, а таксама супраць вайны на Украіне. За ўдзел у чатырох такіх несанкцыянаваных акцыях у 2014 годзе яго асудзілі да зняволення. Падчас працэсу сведчанні супраць яго даў нават ягоны ўласны бацька. З ягоных слоў, ён больш не размаўляе з сынам, таму што Расеі «пашанцавала», што ў яе ёсць такі прэзідэнт, як Пуцін.

Дадзін стаў першым актывістам у Расеі, асуджаным у адпаведнасці з узмоцненым летам 2014 года законам: з тых часоў за яго парушэнне «больш двух разоў цягам 180 дзён» пагражаюць да пяці гадоў пазбаўлення волі. Гэты закон стаў адным з найбольш дзейсных захадаў, якія прымушаюць расейцаў адмаўляцца ад удзелу ў дэманстрацыях пратэсту, нягледзячы на тое, што Канстытуцыя краіны прадугледжвае свабоду сходаў. Калі хтосьці, такі як Дадзін, хоча выйсці на адзіночны пікет, то ён не абавязаны ўзгадняць гэты крок — у адрозненне ад дэманстрацый, якія павінны быць санкцыянаваныя ўладамі.

Аднак гэта не перашкаджае праваахоўным органам затрымліваць удзельнікаў адзіночных акцый. У выпадку з Дадзіным побач з ім сталі некалькі правакатараў, і тым самым адзіночны пікет, з пункту гледжання закона, ператварыўся ў несанкцыянаваную дэманстрацыю. «Дэманстрантаў» затрымалі, але неўзабаве правакатары былі адпушчаныя, а супраць Дадзіна была заведзеная крымінальная справа. «Прамаўчы — калі заўтра прыйдуць па цябе, прамаўчыць наступны», — напісаў Дадзін на сваім плакаце.

Восенню 2016 года Дадзін напісаў жонцы ліст, які стаў крыкам аб дапамозе, — яго таемна вывез з калоніі ягоны адвакат. Там, з ягоных слоў, дзейнічае «цэлая мафія», пачынаючы ад начальніка калоніі і заканчваючы лекарамі. Яму адразу па прыбыцці падсунулі два лязы для галення, пасля чаго пасадзілі ў карцар. На знак пратэсту ён абвясціў галадоўку, і тады яго збілі 10 ці 12 чалавек. На наступны дзень ахоўнікі надзелі на яго кайданкі і падвесілі на іх, а яшчэ яго раздзявалі і пагражалі згвалціць, калі ён не спыніць галадоўку, і мачалі галавой ва ўнітаз. «Калі будзеш скардзіцца, цябе заб'юць і выкінуць за агароджу», — сказаў яму начальнік калоніі. Надалей, са слоў Дадзіна, яго па некалькі разоў на дзень збівалі.

Расейскія папраўчыя ўстановы размяшчаюцца, як правіла, у аддаленых і цяжкадаступных рэгіёнах. Утрыманне — дрэннае. Там распаўсюджаныя выпадкі выкарыстання гвалту, але гэта практычна немагчыма давесці. Акрамя таго, стасункі зняволеных з вонкавым светам вельмі абцяжараныя. Сістэма лагераў, у якіх, паводле звестак на снежань 2016 года, утрымліваліся больш за 630 тысяч чалавек, з'яўляецца, фактычна «дзяржавай у дзяржаве», і ў ёй дзейнічаюць свае правілы, пануе самавольства і гвалт. Менавіта на гэта Дадзін звярнуў увагу з дапамогай сваіх сяброў і прыхільнікаў.

У ягоную падтрымку выступілі праваабаронцы і журналісты, а перад будынкам Федэральнай службы выканання пакаранняў у Маскве сабраліся на дэманстрацыю дзясяткі людзей. Некаторыя называюць Дадзіна «новым Магніцкім»: адвакат, які выкрыў падманныя бізнэс-схемы дзяржаўных чыноўнікаў, памёр у 2009 годзе ад наступстваў катаванняў у адным з маскоўскіх следчых ізалятараў.

Гэтая гісторыя выклікала настолькі магутны рэзананс, што прэс-сакратар Пуціна паведаміў, што прэзідэнт праінфармаваны аб справе Дадзіна. А пуцінская ўпаўнаважаная ў правах чалавека Таццяна Маскалькова выступіла на дзяржаўнай тэлевізіі з ініцыятывай перавесці Дадзіна ў іншую калонію. Еўрапейскі суд правоў чалавека таксама выказаўся ў абарону Дадзіна, і 24 студзеня расейскі Канстытуцыйны суд павінен прыняць пастанову аб узмацненні жорсткасці закона, у адпаведнасці з якім Дадзін быў асуджаны.

Такім чынам, атрымліваецца, што справа Дадзіна — адная з многіх, але ў той жа час не зусім тыповая. У тым ліку і з улікам асобы самога зняволенага: у аўторак алтайская рэгіянальная камісія правоў чалавека паведаміла, што Дадзін у лісце выказаў пажаданне, каб яго вярнулі назад у карэльскую калонію, бо ягонае знаходжанне там падвысіць грамадскую цікавасць да варункаў, у якіх утрымліваюцца зняволеныя, у сувязі з чым іх становішча магло б палепшыцца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках