20 красавiка 2024, Субота, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць пытанняў пра таямнічую рэзідэнцыю Лукашэнкі

30
Пяць пытанняў пра таямнічую рэзідэнцыю Лукашэнкі

Журналісты раскрылі новыя падрабязнасці пра 17-ю рэзідэнцыю дыктатара.

Нядаўна журналісты тэлеканала «Белсат» знайшлі ў лесе пад Радашкавічамі сядзібу і палічылі яе чарговай, 17-ай па ліку, рэзідэнцыяй Лукашэнкі, затым рэзідэнцыю прыпісалі да расейскага алігарха Міхаіла Гуцарыева.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» таксама з'ездзілі ў радашковічскі лес і паспрабавалі знайсці адказы на некалькі пытанняў.

1. Што ўяўляе сабой рэзідэнцыя?

Сядзібу «Краснасельскае», што месціцца за 40 кіламетраў ад Менска на беразе ракі Удры, хавае ад вачэй балоцісты лес. Ля павароту на «Краснасельскае» стаіць знак «Уезд забаронены». Адсюль да плота, што агароджвае тэрыторыю 11 гектараў, яшчэ з кіламетр.

Ля самай брамы стаіць ахова з сабакам, уздоўж агароджы — камеры відэаназірання. Ніякага будаўнічага пашпарта аб'екта тут, вядома, няма.

Журналістаў не пусцілі далей за плот, — маўляў, «прыватная тэрыторыя».

Дырэктар сядзібы Андрэй Анатольевіч, як да яго звярнуўся калега, — сказаў, што будаўнічыя працы цягнуцца. З ягоных слоў, у рэпартажы «Белсату» праўды — 10%. Маўляў, ніякага Бярозаўскага тут ніколі не было.

Паводле інфармацыі tut.by, на беразе возера пабудаваны трохпавярховы гатэль і тры жылыя дамы. «Там ёсць басейн, лазні, тэнісныя корты, корпус для прыслугі, гелікоптэрная пляцоўка», — удакладняе «Белсат».

2. Каму належыць сядзіба?

Замежнікі не могуць валодаць зямлёй, таму яе бяруць у арэнду. Дамова паміж Рэспублікай Беларусь і замежным будаўнічым унітарным прадпрыемствам «СертусАвія» была заключаная ў чэрвені 2012 года тэрмінам на 100 гадоў.

Што такое «СертусАвія»? Актыўнасць гэтай кампаніі ў Беларусі была звязаная з будаўніцтвам ангара ў аэрапорце «Менск-2».

Крыніцы Tut.by паведамляюць, што яна звязаная з асобай расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Гэта мільярдэр, які сябруе з Аляксандрам Лукашэнкам. Яму належаць мінскі гатэль «Рэнесанс», кампаніі «Слаўкалій» і «Слаўнафта».

Мясцовыя чыноўнікі ў якасці кантактнай асобы «СертусАвія» называюць Сяргея Фёдаравіча Лапцёнка, поўнага цёзку топ-мэнэджара «Слаўнафтахіма».

А вось будынкі на тэрыторыі рэзідэнцыі належаць кіпрскай афшорнай кампаніі. «Блатберг Холдынгс Лімітэд» з Нікасіі выкупіла яе ў 2012 годзе. Прычым прадаўцамі былі разам «СертусАвія» і «Дыпсервіс».

«Дыпсервіс» — арганізацыя, у абавязкі якой уваходзіць забеспячэнне дзейнасці вышэйшых службовых асобаў, у тым ліку прэзідэнта. Большасць рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі належыць менавіта «Дыпсервісу». Кампанія ўгоду не каментуе.

3. Пры чым тут Лукашэнка?

Мясцовыя жыхары расказваюць, што ў сядзібу часцяком наведваюцца расейцы, а часам адпачывае і Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, прыязджаў у мінулую суботу, 14 студзеня. У той жа дзень, кажуць, паехаў назад. Усё сыходзіцца — у нядзелю Лукашэнка паляцеў у Егіпет.

«У гэтую суботу прыязджаў. Усё ачапілі, на дарогу не выйсці, толькі ў двор, — кажа вясковец у суседнім Даўбораве. — Бывае тут перыядычна, прыязджае раз на месяц».

Нібыта Лукашэнка сустракаў тут Новы год — мясцовыя запомнілі шыкоўны феерверк.

Мясцовыя цікавяцца сядзібай, часам адпраўляюцца на шпацыр паглядзець, што там адбываецца.

Жыхароў у наваколлі мала, пераважна адны дачнікі, якія зімой тут не бываюць. Бліжэйшае больш-менш ажыўленае мястэчка — Шаршуны, што за сем кіламетраў ад «Краснасельскага». Шаршуноўцы таксама не раз бачылі картэж дыктатара, які накіроўваўся ў бок «Краснасельскае».

4. Што ад гэтага мае Беларусь?

Агульная сума, за якую кіпрыёты і расейцы набылі сядзібу, невядомая. Але адна толькі драўляная лазня плошчай менш за 50 м2 каштавала $1,04 млн.

Што тычыцца арэнды зямлі, то бюджэт атрымлівае сімвалічную плату. Штомесяц «СертусАвіа» плаціць за арандаваныя гектары... 131,6 рубля, гэта блізу $67,5 у эквіваленце. З некалькіх дамоваў асобных участкаў, у большасці з іх сума пазначана ў беларускіх рублях і застанецца нязменнай цягам стагоддзя.

Варта згадаць яшчэ некалькі працоўных месцаў, у офісе працуюць пераважна мясцовыя жыхары.

5. І пры чым тут Беразоўскі?

Мясцовыя жыхары расказваюць, што, раней на месцы сядзібы «Краснасельскае» быў санаторый, які належыў таварыству паляўнічых. Тады ж і стварылі вадасховішча, якое дазвалялі наведваць мясцовым жыхарам. Напрыканцы 90-х санаторый збанкрутаваў, і тэрыторыя адышла ва ўласнасць дзяржавы.

Пасля нібыта з'явіўся інвестар — Барыс Беразоўскі. Жыхары найбліжэйшых вёсак ўпэўненыя, што раней расейскі бізнэсовец хаваўся ў сядзібе.

У 2013 годзе часопіс Forbes пісаў, што ў Беларусі Барыса Беразоўскага з самалёта «сустракала машына з «мігалкай», і ў суправаджэнні аховы ён ехаў у рэзідэнцыю ў Радашковічах пад Менскам». «Ён там пабудаваў сабе вёску і кайфаваў. Бярозы, свежае марозіва па 20 капеек, чорны хлеб. Ён адчуваў сябе на радзіме», — распавядаў часопісу сябар Беразоўскага.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках