24 красавiка 2024, Серада, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іосуб: Беларуская эканоміка б'е ўсе сусветныя рэкорды падзення

19
Іосуб: Беларуская эканоміка б'е ўсе сусветныя рэкорды падзення
ВАДЗІМ ІОСУБ
ФОТА: ONLINER.BY

Беларусь рызыкуе ўгразнуць у трэцяй запар рэцэсіі.

Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Валавы ўнутраны прадукт у 2016 годзе скараціўся на 2,6% у параўнанні з 2015 годам, калі падзенне ВУП склала 3,8%.

Што перашкаджае беларускай эканоміцы акрыяць?

— Вельмі неэфектыўная структура, — кажа ў інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб. — Многія дзяржпрадпрыемствы працуюць у страту, а расплачвацца за неэфектыўную вытворчасць даводзіцца бюджэтнымі сродкамі.

На думку экспэрта, беларускую эканоміку падкасіла і неспрыяльная замежная кан'юнктура.

— Хоць гэта далёка не самы галоўны фактар. Аднак нельга скідаць з рахункаў зніжэнне попыту на беларускую прадукцыю на рынку РФ, памяншэнне паставак расейскай нафты ў выніку газавага канфлікту, — адзначае Вадзім Іосуб.

— Наколькі нечаканым было такое падзення ВУП у 2016 годзе?

— Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназавалі зніжэнне ў 2,5-3%. Цягам года дынаміка падзення ВУП змянялася. Былі перыяды, калі зніжэнне складала больш за 3%, але да канца года ўдалося скараціць падзенне да 2,6%.

— Гэта шмат ці мала ў цяперашніх умовах?

— Гледзячы з чым параўноўваць. Але гэта заўсёды дрэнна, асабліва калі гаворка ідзе пра падзенне ў эканоміцы, што развіваецца, якая для таго, каб скараціць адставанне з развітымі эканомікамі, павінна расці высокімі тэмпамі.

— Як бы вы ахарактарызавалі сённяшні стан беларускай эканомікі?

— Наша эканоміка ў глыбокай рэцэсіі. Калі зыходзіць з прагнозу, што падзенне працягнецца і ў 2017-м, то гэта будзе трэцяя рэцэсія запар. Па-мойму, Беларусь – адзіная ў свеце можа ўсталяваць такі сумны рэкорд. Прычыны крыюцца ўнутры нашай краіны. Ніякага сусветнага эканамічнага крызісу няма. Глыбокі эканамічны крызіс у Беларусі не варта спісваць на знешнія фактары: між іншым, на падзенне коштаў нафты або праблемы ў Расеі як асноўнага гандлёвага партнёра.

Прагназуецца, што ў 2017 годзе расейская эканоміка пакажа невялікі рост, а беларуская — працягне падзенне. Хоць гэта зніжэнне замарудзіцца і будзе, хутчэй за ўсё, парадку 1%.

— На ваш погляд, наколькі эфектыўныя прымаемыя ўрадам антыкрызісныя меры?

— Каб штосьці змяніць, трэба памяняць так званую ўнікальную беларускую эканамічную мадэль, якая зводзіцца да дамінавання дзяржаўнай уласнасці і штучнага падтрымання на паверхні стратных прадпрыемстваў.

Для выхаду з гэтай сітуацыі, неабходныя карэнныя пераўтварэнні, на якія ў беларускага ўрада наогул няма паўнамоцтваў. Такія пастановы могуць быць прыняты выключна кіраўніком дзяржавы. Але ён дэкларуе, што з нашай эканамічнай мадэллю ўсё ў парадку і «нічога ламаць праз калена не трэба».

— Як вы лічыце, ці прыносяць карысць частыя паездкі кіраўнікоў Беларусі па свеце ў пошуках грошай і рынкаў збыту?

— Кожны замежны візіт трэба ацэньваць асобна: мэты і задачы такіх паездак розныя. Калі казаць аб нядаўнім наведванні ўрадавай дэлегацыяй у Ганконгу, то гэта відавочна зандаванне глебы на прадмет размяшчэння там еўрабондаў. Але нават калі спроба будзе ўдалай, сума гэтых запазычанняў будзе ў разы меншай, чым крэдыт МВФ, а кошт, працэнтная стаўка будзе ў разы большай. Размяшчэнне еўрабондаў – гэта сярэднетэрміновая спроба пазычыць грошай, яна закрывае існую патрэбнасць фінансавання, але кардынальна ніякіх праблем у эканоміцы не развязвае.

— Ці могуць паказчыкі падзення ВУП негатыўна адбіцца на перспектывах атрымання крэдыту МВФ і ад іншых міжнародных фінансавых арганізацый?

— Няма такога патрабавання, што краіна павінна паказваць рост эканомікі для атрымання дапамогі міжнародных фінансавых арганізацый.

Больш таго, дзяржавы, якія дэманструюць устойлівы рост, хутчэй за ўсё, зусім не маюць патрэбу ў такіх крэдытах. За такімі запазычаннямі звяртаюцца краіны, у якіх з эканомікай далёка не ўсё ў парадку.

А такія арганізацыі, як Міжнародны валютны фонд, выдаюць крэдыты пад праграмы рэформаў. Будуць рэформы, якія ў перспектыве змогуць вывесці эканоміку з гэтага тупіка, тады і сродкі выдзяляюцца.

МВФ не дае Беларусі крэдыт менавіта таму, што дзяржава не дэманструе жадання штосьці сур'ёзна мяняць у эканамічнай мадэлі.

— У 2018 годзе пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Расеі. На Ваш погляд, варта ці чакаць у гэтай сувязі афіцыйнаму Менску нейкага шырокага жэсту ад Крамля?

— Мне здаецца, што рабіць прагнозы з нагоды расейска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва на 2018 год абсалютна бескарысны занятак. Незразумела, як будуць развівацца гэтыя стасункі найбліжэйшы квартал. Мы бачым абвастрэнне газавага канфлікту, які ператварыўся ў нафтавую вайну. Зазіраць так далёка наперад не мае сэнсу.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках