25 красавiка 2024, Чацвер, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па прадукцыйнасці працы Беларусь адстае ад развітых краін у пяць разоў

17
Па прадукцыйнасці працы Беларусь адстае ад развітых краін у пяць разоў
Фота: bymedia

Таксама адзначаецца трохразовае адставанне ад узроўню развітых краін у долі высокіх тэхналогій.

Беларусь у долі высокатэхналагічных вытворчасцей адстае ад развітых краін утрая, паводле ўзроўню прадукцыйнасці працы — у чатыры-пяць разоў. Такія звесткі прыводзяцца ў дакладзе дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі Аляксандра Чарвякова, апублікаваным у апошнім нумары «Эканамічнага бюлетэня», што выдаецца інстытутам, паведамляе БелаПАН.

Чарвякоў канстатуе, што цягам многіх гадоў эканамічная мадэль Беларусі «грунтавалася на такіх традыцыйных механізмах эканамічнага росту, як павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці за кошт дазагрузкі вытворчых магутнасцяў; прамое субсідаванне асобных дзяржпрадпрыемстваў; мяккая манетарная і фіскальная палітыкі». Фактары, якія раней забяспечвалі рост эканомікі, паступова сталі стрымліваючымі, а крызісныя з'явы на сусветным рынку толькі ўзмацнілі гэтыя працэсы.

«Па-першае, дырэктыўнае крэдытаванне і дзяржпадтрымка абмежаванай колькасці прадпрыемстваў, стварэнне для іх «цяплічных» умоў не стымулявала іх да павышэння аддачы ад укладзеных сродкаў і росту канкурэнтаздольнасці. Па-другое, захоўваліся невысокі інавацыйны складальнік эканомікі і нізкая аддача ад інвестыцый», — адзначае Аляксандр Чарвякоў.

«У 2015 годзе ў прамысловасці доля высокатэхналагічнага сектара склала 3,2%, а нізкатэхналагічных вытворчасцяў — больш за 33%. У той жа час у Нямеччыне доля высокатэхналагічнага сектара перавышае 9%, Францыі і ЗША — 13%. У выніку адзначаецца амаль трохразовае адставанне ад узроўню развітых краін па долі высокіх тэхналогій і чатырох-пяціразовае — па ўзроўні прадукцыйнасці працы ў прамысловасці», — гаворыцца ў дакладзе.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках