25 красавiка 2024, Чацвер, 17:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаедаў», якія жывуць за мяжой, запісваюць у базу «Беркут»

107
«Дармаедаў», якія жывуць за мяжой, запісваюць у базу «Беркут»

У базе звестак падаткавікоў яны чамусьці выявіліся, як цяперашнія грамадзяне Беларусі.

У рэдакцыю «Еўрарадыё» звяртаецца дзяўчына, якой падатковая даслала ліст з патрабаваннем аплаціць «збор на сацыяльнае ўтрыманства». У 2015 годзе яна працавала ў Тайландзе, але выязджала туды праз Расею, таму ніякіх адзнак ад беларускіх памежнікаў не мае. Згодна з Дэкрэтам «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», «ад выплаты збору вызваляюцца грамадзяне, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь менш за 183 каляндарныя дні». Вось толькі ў дакуменце не прапісана, якім чынам можна давесці сваю адсутнасць.

«Мяне таксама запісалі ў «дармаеды!» ― піша на сваёй старонцы ў Facebook журналіст Франак Вячорка, які працуе на «Радыё Свабода» ў Празе, у Беларусі дакладна не быў больш за паўгода. У падатковай, адстаяўшы вялікую чаргу, ён паказаў інспектару візавыя адзнакі ў пашпарце:

― Навошта мне ваш пашпарт?

― Пашпарт 2015 года, працаваў у Празе, у Беларусі быў менш за паўгода. Тут штампы Шэнгена.

― Штампы патрэбныя беларускія.

― Ну адкуль я вам вазьму беларускія. Беларускія ж у пашпарт не ставяць. Глядзіце ў базе Памежнага камітэта.

― Вось глядзіце! База «Беркут». Вы былі ў Беларусі!

― Ці магу я неяк інакш вам давесці, што я не вярблюд?

― Адкуль мы ведаем. Згодна з базай вы знаходзіліся ў Беларусі.

Атрымліваецца, што база ў падатковай не поўная?

«У сувязі з увядзеннем аўтаматызаванага памежнага кантролю ў Беларусі, штампы грамадзянам Беларусі ў пашпарты не ставяцца з 2008 года, ― каментуюць у прэс-службе Памежнага камітэта. ― Аднак уся інфармацыя аб перасячэнні мяжы грамадзянамі Беларусі захоўваецца ў базе. Яна можа быць запытаная грамадзянінам праз афіцыйны электронны зварот або пісьмовы на афіцыйны адрас Памежнага камітэта».

Якая база знаходзіцца ў падатковых інспекцыях, у прэс-службе памежнікаў не ведаюць, але яе ўнутраная назва сапраўды «Беркут».

А што рабіць дзяўчыне, якая звярнулася да журналістаў па дапамогу? Яна ж вылятала ў Тайланд з Расеі, а значыць, у базе беларускіх памежнікаў яе дакладна няма!

«Візавыя адзнакі, від на жыхарства, дамовы ― гэта значыць, усякія дакументы, якія б давялі, што вы знаходзіліся за межамі Беларусі больш за 183 дзён, ― кажуць у адной з падатковых. ― Але ў кожным выпадку, вам давядзецца да нас прыехаць, напісаць падрабязнае тлумачэнне, дзе вы былі, чым займаліся і гэтак далей. І мы тут зробім хаця б копіі тых візавых адзнак, што ў вас ёсць».

Менавіта такім шляхам і наважыў пайсці Франак Вячорка.

«Я звярнуўся да кіраўніцтва «Радыё свабода», мне выпісалі даведку з падатковай, што я пэўную колькасць месяцаў адпрацаваў у Чэхіі і заплаціў падаткі. Цяпер даведку трэба перавесці на беларускую мову, і буду дасылаць яе з пакетам дакументаў аб тым, што я не «дармаед», а працаваў у іншай краіне. А паводле закону аб недапушчэнні двайнога падаткаабкладання, маю права быць вызваленым ад адказнасці плаціць гэтыя падаткі ў Беларусі».

У прэс-службе памежнікаў пераконваюць, што іх база змяшчае ўсе легальныя факты перасячэння мяжы. Таму Франку ўсё ж раяць спачатку звярнуцца да іх, і ўжо з гэтай даведкай ісці ў падатковую.

Паводле апошніх звестак, падатковая разаслала больш за 250 тысяч «лістоў шчасця» падазраваным у «дармаедстве». Прызналі сябе ўтрыманцамі і аплацілі неабходныя 360 рублёў блізу 17 тысяч чалавек. Астатнія расставацца з грашыма не спяшаюцца і актыўна шукаюць падставы для гэтага. Чым скончыцца гісторыя супрацьстаяння карэспандэнта і падатковай, пакуль невядома.

А вось дзяўчына, якая звярнулася да журналістаў па дапамогу, у выніку пазбегла пакарання. У падатковай зрабілі копіі расейскіх і туніскіх візавых адзнак у ейным пашпарце, узялі тлумачэнні і закрылі пытанне.

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках