25 красавiка 2024, Чацвер, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каўбаса з баброў можа стаць «залатой»

41
Каўбаса з баброў можа стаць «залатой»

Чым абернецца здабыча нядаўняга рэдкага віду?

Да канца 2017 года ў Беларусі з'явіцца тушонка і каўбаса з мяса баброў, паведаміў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Шастакоў. Зялёны партал папрасіў пракаментаваць наступствы такога кроку для папуляцыі звера. загадчыка лабараторыі тэрыялогіі Навукова-практычнага цэнтра біярэсурсаў НАН Беларусі, кандыдата біялагічных навук Рыгора Януту, які спецыялізуецца на вывучэнні гэтага віду.

Мімаходзь згадаем, што яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя рачны бабёр быў на грані поўнага знішчэння. Невялікая папуляцыя захавалася толькі на тэрыторыі каля ракі Бярэзіны, дзе дзякуючы гэтым жывёлам і заснавалі ў 1925 годзе Бярэзінскі запаведнік. Від па гэты дзень уключаны ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды, а ў Беларусі аж да 2014 года лічыўся ў рэестры прафілактычнай аховы.

«Галоўнае — каб каўбаса не стала залатой»

«Размеркаванне рачнога бабра па тэрыторыі Беларусі нераўнамернае. У Віцебскай вобласці яго больш, у Гарадзенскай — менш. Цяпер паводле даследаванняў, якія я праводжу на стацыянарах у Гарадзенскай, Менскай і Берасцейскай абласцях, можна зрабіць высновы, што колькасць звера істотна знізілася ў параўнанні з 2013 і 2014 гадамі. На некаторых участках на 40-50% ад колькасці баброў у 2013 годзе. Для ацэнкі лімітаў ліквідацыі жывёл неабходна ў першую чаргу кіравацца прыростам у папуляцыі. Агулам у Беларусі ў 2014 годзе здабывалася блізу 6000 асобін. Здабыча жывёл звыш існых лімітаў ліквідацыі можа негатыўна адбіцца на папуляцыі», — перасцярог навуковец.

У 2015 годзе ў паляўнічых угоддзях Беларусі налічвалася 58 300 баброў, што на 13 600 менш за аптымальную колькасць. Паводле звестак карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў, колькасць віду на 1 красавіка 2016 года складала 49 900 асобін, што на 21 900 менш за аптымальную, праінфармавала прэс-сакратарка Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Лукашэнку Вольга Грамовіч.

У паляўнічым сезоне 2016-2017 гадоў запланавана выключыць 1750 баброў. У адпаведнасці з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання ў Беларусі іх здабыча дазволеная з 1 верасня 2016 года да 31 сакавіка 2017 года. Паляваць можна ў светлы час дня як ружэйным (з засады, з падыходу), так і іншымі спосабамі (капканамі).

«Трэба адзначыць, што паляванне на бабра — дастаткова складанае мерапрыемства, а яго эфектыўнасць шмат у чым залежыць ад досведу паляўнічых. Для наладжвання здабычы неабходна пралічыць, ці будзе рэнтабельным канчатковы прадукт. Галоўнае — каб каўбаса не стала залатой. Да прыкладу, маса рачнога бабра складае блізу 26-28 кг, а колькасць мяса на костцы з такой жывёліны будзе блізу 12 кг. Акрамя таго, неабходна арганізаваць дастаткова хуткае транспартаванне туш да месцаў перапрацоўкі», — звяртае ўвагу Рыгор Янута.

Станоўчым момантам у гэтых планах ён уважае распрацоўку тэхнічных умоў на мяса баброў, хоць, на ягоную думку, гэта зроблена са спазненнем на 3-4 гады.

Тэхнічныя ўмовы на мяса баброў спецыялісты прадпрыемства «Белдзяржпаляванне» распрацавалі год таму. Але прадукт пакуль не з'явіўся на прылаўках беларускіх крам і не выкарыстоўваецца ў шырокім доступе для падрыхтоўкі страў у рэстарацыях і кавярнях прадпрыемстваў для арганізацыі палявання.

А што будзе есці воўк?

Масавае выключэнне баброў з прыроды можа мець самыя негатыўныя наступствы. Паводле звестак доктара біялагічных навук Вадзіма Сідаровіча, у Налібоцкай пушчы значную частку здабычы ваўкоў складаюць менавіта бабры. У рацыёне драпежнікаў гэтыя грызуны займаюць 30-50%. Практычна асноўным харчаваннем яны служаць і для ваўкоў у Чарнобыльскім радыяцыйна-экалагічным запаведніку і іншых месцах Беларусі. Таму адабранне гэтых грызуноў у вялікай колькасці з прыроды асабліва не пажаданае цяпер, калі колькасць дзікіх кабаноў і іншых важных аб'ектаў у харчаванні ваўка падарваная праз іх знішчэнне ў барацьбе з афрыканскай чумой свіней, мяркуюць навукоўцы.

У Беларусі бабры належаць да нармаваных відаў паляўнічых жывёл. Купіць ліцэнзію на адстрэл бабра можна ў кожнай паляўнічай гаспадарцы. Разавы тур на паляванне каштуе 5 рублёў, сезонны — 60.

На думку паляўнічых, здабыча бабра мае шэраг складанасцяў. Жывёла вядзе пераважна начны лад жыцця, а паляванне дазволенае толькі ў светлы час сутак. Застрэлены ў вадзе бабёр часта тоне, што ўскладняе працэс яго здабывання. Паранены звер хаваецца ў нары або хатцы, адкуль дастаць яго практычна немагчыма. Мяса жывёліны, здабытай капканам, саступае ў якасці мясу застрэленага бабра.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках