23 красавiка 2024, aўторак, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Ідзе працэс адхілення Лукашэнкі ад улады

36
Наталля Радзіна: Ідзе працэс адхілення Лукашэнкі ад улады
Наталля Радзіна

У гэтай сітуацыі надзвычай важна дапамагчы дэмакратычнай апазіцыі Беларусі.

Пра гэта ў праграме «Прасвет» на тэлеканале «Белсат» заявіла галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна.

– Наталля, на думку палітолага Дзяніса Мельянцова, стасункі з Захадам наладжваюцца. Усё выглядае файна і прыгожа. Стораны ідуць насустрач адна адной. Як быццам і не было ніякіх перашкод. А надоечы ж быў цэлы спіс патрабаванняў Еўразвязу да Беларусі. Звярталі ўвагу, што няма дэмакратыі, выбары несправядлівыя. Нядаўнія выбары АБСЕ не прызнала. Чаму Захад памяняў сваю пазіцыю і ўжо не кажа аб дэмакратыі, не звяртае на гэта ўвагу, а спрабуе дамаўляцца з Лукашэнкам?

– Сапраўды, цяпер назіраецца паляпшэнне стасункаў афіцыйнага Менска з заходнімі краінамі, аднак самае галоўнае не гэта. Самае галоўнае тое, што Лукашэнка ў абмен на гэта не атрымлівае той фінансавай дапамогі, на якую ён разлічвае. І я мяркую, што гэта правільна. Таму мяне не вельмі турбуе тое, што шэраг еўрапейскіх чыноўнікаў сёння ездзяць у Менск, самае галоўнае, каб сёння ў дыктатуру не ўкладаліся сродкі. Еўразвяз абумоўлівае падтрымку Менска, у тым ліку і фінансавую, жорсткімі ўмовамі выканання правоў чалавека, правядзення сумленных і свабодных выбараў. У гэтай сітуацыі аб якім-небудзь сур'ёзным паляпшэнні, аб нейкім «прарыве» на замежнапалітычным фронце казаць нельга. Дыктатура не атрымлівае грошы.

– Як Вы пракаментуеце той жэст, што ў «палату прадстаўнікоў», у недэмакратычны «парламент», нават не парламент да канца, дазволілі ўвайсці Канапацкай і Анісім? Гэта плата, каб Захад крыху аслабіў сваю рыторыку? Спрацаваў гэты жэст наогул?

– Назіральнікі АБСЕ зрабілі вельмі прынцыповы даклад аб тым, як былі праведзеныя «выбары», прызналі, што яны абсалютна не адпавядалі міжнародным стандартам і выставілі беларускім уладам 32 рэкамендацыі. Таму тое, што Лукашэнка пасадзіў у парламент дзвюх марыянетак, нібы ад апазіцыі, не адыграла той ролі, на якую ён разлічваў.

– Апошнія тыдні паміж Расеяй і Беларуссю адбываюцца нейкія беспрэцэдэнтныя манеўры. З аднаго боку была даволі інтэнсіўнай інфармацыйная атака на Беларусь з дапамогай тэлевізіі, шавіністычных сайтаў, відэаблогаў. Усе магчымыя сродкі былі выкарыстаныя на працягу апошняга месяца.

– Не было яшчэ фільмаў «Хросны бацька».

– Але «Хроснага бацьку» можна выключыць, як гэта зрабілі некалькі гадоў таму. Што гэта наогул такое? На што такая рэакцыя расейскіх улад і каляўладных колаў?

– Я думаю, што ідзе павольны працэс замены Лукашэнкі і адхілення яго ад улады. І найперш гэта паказваюць не выказванні некалькіх расейскіх шавіністаў ці афіцэра спецслужбаў Рашэтнікава, а найперш пра гэта сёння кажа эканоміка. Паглядзіце, што адбываецца: Расея моцна скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь, 18 мільёнаў тон нафты, якія Беларусь атрымала ў гэтым годзе і 18 мільёнаў тон атрымае ў наступным замест 24-25 мільёнаў тон, а гэта вельмі істотнае абразанне фінансавання Лукашэнкі.

– Расейскіх грантаў рэжыму Лукашэнкі, так некаторыя называюць.

– Так. Дагэтуль не ўрэгуляваная газавая запазычанасць. Газавая вайна працягваецца і пераносіцца на 2017 год. Рассельгаснагляд безупынна кантралюе беларускую мяжу і спыняе фургоны ўжо не толькі з рээкспартаванай прадукцыяй, але і проста беларускімі прадуктамі. Паглядзіце, што адбываецца далей. Скарачаюцца пастаўкі нафтапрадуктаў, і сёння на 38% упаў экспарт нафтапрадуктаў у краіны Еўразвязу.

– Гэта значыць, асноўная крыніца даходу рэжыму?

– Натуральна. Гэта самы галоўны наш экспартны артыкул. І найперш сёння недаатрымае грошы хто? Спецслужбы, КДБ, міліцыя – людзі, на якіх трымаецца рэжым Лукашэнкі.

– Надоечы быў артыкул, што Лукашэнка не паехаў на саміт ЕАЭС у Пецярбург, бо адчуваў, што ў Менску можа адбыцца пераварот і яго заменяць на прарасейскага кіраўніка. Ён такім чынам унікнуў гэтага перавароту. Ці рэальны такі сцэнар, што Лукашэнку могуць шляхам перавароту спецслужбамі, расейскімі агентамі ў Менску зрынуць і замяніць іншым?

– Лукашэнка – параноік, ідуць нафтагазавыя і інфармацыйныя вайны. Фактычна адбываецца публічнае прыніжэнне Лукашэнкі. І ў гэтай сітуацыі ехаць на саміт ЕАЭС? Ён разумеў, што там будзе выглядаць зусім «сабачкам на кароткім павадку». Трываць яшчэ адно прыніжэнне ён не хацеў, таму і застаўся. Але страх таго, што яго могуць памяняць, безумоўна, ёсць.

– А довады якія-небудзь ёсць?

– Ёсць розная інфармацыя, якая збіраецца і аналізуецца. Акрамя эканамічных чыннікаў, аб якіх я казала, успомнім, якія цяпер адбываюцца ў краіне кадравыя перастаноўкі. Лукашэнка зняў кіраўніка адміністрацыі, намеснік кіраўніка адміністрацыі, намеснік начальніка Генштаба, намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка ўласнай службы бяспекі. Вы мяркуеце, гэта проста так адбываецца? А зняцце Мальцава, аднаго з самых верных ягоных хаўруснікаў, былога міністра абароны і кіраўніка памежнага камітэту? Я мяркую, што такія рэчы ў апошнія дні гэтага года робяцца не проста так. Гэта відавочна.

– А ці ёсць нейкая канкрэтная кандыдатура, якой яго могуць замяніць? Размовы, што яго могуць скінуць палацавым пераваротам, даўно вядуцца.

– Франца Клінцэвіча прышлюць якога-небудзь з Рады Федэрацыі РФ – ён ураджэнец Беларусі.

– Усё кажуць аб Трампу. Адны кажуць, што гэта чалавек, якога немагчыма прадбачыць. Ягоныя намінацыі, першыя пастановы даводзяць гэта. Іншыя кажуць, што палітыка Амэрыкі стабільная і такой застанецца на шмат гадоў. Якой будзе палітыка адміністрацыі Трампа ў дачыненні да Беларусі? Як Вы сабе гэта ўяўляеце?

– Па-першае, Трамп не можа аднаасобна кіраваць і таму нейкіх значных змен я не чакаю. Палітыка стрымлівання і проціваг у ЗША працуе лепш, чым дзе. Я б з гэтага не рабіла вялікай трагедыі, маўляў, прыйдзе Трамп і усё моцна зменіцца. З іншага боку, я спадзяюся, што ўсё-ткі прэзідэнт ЗША будзе больш звяртаць увагі на замежную палітыку і канкрэтна на дыктатарскія рэжымы і згадае аб місіі ЗША, якая нясе ў гэтыя краіны свабоду, як шмат Амерыка зрабіла для таго, каб Польшча была свабоднай ды іншыя краіны Усходняга блока. Таму я спадзяюся, што гэтая функцыя будзе вяртацца. Барак Абама, на жаль, успомніў аб гэтай місіі Амэрыкі толькі ў апошнія дні старога года.

- У Менску няма амэрыканскага амбасадара, а ў Вашынгтоне – беларускага. Еўразвяз на пачатку года свае санкцыі ў дачыненні да Беларусі скасаваў, Злучаныя Штаты іх толькі замарозілі. Чым адрозніваюцца гэтыя падзеі што да Беларусі і што перашкаджае нармалізацыі стасункаў Менска і Вашынгтона?

– Нічога не змянілася ўвогуле. Праблема ў тым, што заходнія палітыкі і дыпламаты ўпарта не бачаць сёння геапалітычнай важнасці Беларусі. Яны не разумеюць, што для той жа Амэрыкі сёння і найперш для Еўразвязу самае важнае – гэта свабодная дэмакратычная Беларусь. Аб чым мы сёння гаворым усю праграму? Аб тым, што Лукашэнка ўжо, уласна, не прэзідэнт. Ён быў пуцінскай марыянеткай, быў пастаўлены ў 1994 годзе – гэта праект спецслужбаў Расеі для таго, каб захаваць кантроль над суседняй краінай. І сёння відавочна, што ніякія дамоўленасці з Лукашэнкам ні да чаго не прывядуць – ён банкрут.

– У новым годзе адбудзецца падзея, пра якую часам згадваюць, часам забываюць – гэта расейска-беларускія манеўры «Захад-2017». Можна шмат гаварыць, сустракацца, рабіць дэкларацыі, але рэальна налета ў Беларусь прыедзе велізарнае расейскае войска. Чым скончыцца візіт гэтых жаўнераў і тэхнікі? Яны застануцца ў Беларусі? Пачнецца вайна супраць Украіны? Або проста адбудуцца манеўры, Лукашэнка пакажа, што «мы хаўруснікі» і яны паедуць дадому? Як Вы гэта бачыце?

– Гэта вельмі небяспечна, бо яны могуць зайсці і не выйсці. І я магу сказаць, што пасля мінулых вучэнняў, якія адбываліся ў Беларусі супольна з Расеяй, частка расейскіх вайскоўцаў заставалася на тэрыторыі краіны. І гэта робіцца не проста так. Зноў жа ўсё адно, застаецца Лукашэнка на пасадзе прэзідэнта ў якасці расейскай марыянеткі альбо памяняюць яго на іншую такую ж марыянетку, але якая хаця б будзе кіраваць эканомікай і больш разумна выдаткоўваць расейскія грошы, скажам так, будзе менш красці, бо Лукашэнка занадта шмат скраў расейскіх датацый. Усё адноа! А важна глядзець на два крокі наперад. Калі Беларусь будзе далей заставацца пад пратэктаратам Расеі, гэта нясе дырэктыўную пагрозу і краінам Балтыі, Польшчы ды Украіне.

– Як вайсковы плацдарм для расейскай агрэсіі.

– Натуральна, таму цяпер замест таго, каб дамаўляцца з дыктатарам-банкрутам, замест таго, каб касаваць незалежны тэлеканал «Белсат», трэба думаць аб тым, як дапамагчы дэмакратычнай апазіцыі, як развіваць незалежныя мэдыі для таго, каб Беларусь стала свабоднай дэмакратычнай краінай. І гэта будзе гарантыяй бяспекі Еўропы і Украіны.

– Што галоўнае будзе вызначаць сітуацыю ў Беларусі, якія вонкавыя чыннікі перадусім?

– Перадусім лёс Беларусі будзе вызначаць беларускі народ. І цяпер нам, нарэшце, трэба ўсім сабрацца і сапраўды прылучыцца да лёсу сваёй краіны. Бто гэта залежыць толькі ад нас, не ад Пуціна, не ад Лукашэнкі, а толькі ад нас!

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках