29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар і палітык: незвычайны лёс аднаго з кіраўнікоў БНР

3
Лекар і палітык: незвычайны лёс аднаго з кіраўнікоў БНР

1 студзеня 1920 г. у Наваградзкім павеце нарадзіўся Барыс Рагуля - намесьнік Старшыні Рады БНР.

Рада БНР у гадавіну гэтай падзеі апублікавала ўрыўкі з кнігі "Беларускае студэнцтва на чужыне":

Нарадзіўся 1 студзеня 1920 году у Турцы. Бацька быў лекарам, але памёр падчас эпідэміі тыфусу, калі Барысу было толькі два гады. Маці з сынам пераехалі ў Любчу. Пасьля заканчэньня акушэрскіх курсаў у Варшаве маці атрымала працу ў наваградскім шпіталі ў 1930 г.

У гэтым-жа годзе Барыс паступіў у беларускую гімназію, дзе ён і атрымаў нацыянальнае выхаваньне. Варожыя да ўсякіх праяваў беларускага нацыяналізму, палякі закрылі беларускую гімназію ў 1935 г., і Барыс быў вымушаны перайсьці ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Атмасфэра там была вельмі няспрыяльная і дыскрымінацыйная ў адносінах да беларусаў. «У беларускай гімназіі я ведаў, што я беларус, а ў польскай я адчуў сябе беларусам», -- гаворыць Барыс Рагуля. Ён закончыў гімназію ў 1938 г. і здаў конкурсныя экзамены на мэдычны факультэт Унівэрсытэту імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Польскія ўлады не далі магчымасьці вучыцца і ў абыход закону забралі ў армію.

Вайна. Палон. Уцёкі з палону. Першыя, няўдачныя, у студзені 1940 г., другія ў жнівені. Вярнуўся на вызваленую Беларусь. Арышт. Сьледства. Сьмяротны прысуд. Нарэшце ўцёкі з-пад Чэрвеню і зварот дахаты. Асабістая трагэдыя -- маці загінула падчас бамбёжкі Наваградка, ратуючы пацыэнтаў.

У часы нямецкай акупацыі браў актыўны ўдзел у палітычных, грамадскіх, школьных ды вайсковых акцыях, аднак ніколі на пакінуў думкі быць лекарам.

Ажаніўся з Людмілай Гутар, дачкой шчырага беларускага патрыёта, які загінуў у падвалах НКВД дзесьці ў 1948 г. Сям’я так і не знайшла ягонай магілы.

Эміграцыя. Канец вайны. Нарэшце ўнівэрсытэт у Лювэне.

Пасьля заканчэньня карэйскай вайны было відавочна, што мрыя павароту на Бацькаўшчыну сталася нязбытнай, і Барыс, заклапочаны будучыняй сям’і, вырашыў пераехаць у Канаду. 4 сьнежаня 1954 г. Варыс Рагуля, Людміла і дзеці, Рагнеда і Вітаўт, адплылі ў Канаду.

Пасяліліся ў Лёндане (Антарыё). 16 месяцаў стажыроўкі, экзамены і нарэшце ліцэнзыя на практыку. Зацікавіўся прэвэнтыўнай мэдыцынай, асабліва выяўленьнем раньніх сымптомаў рака шыйкі маткі. Вынікі працы зацікавілі Pan American Cancer Cytology Society (New York), і ён быў запрошаны з дакладам на трэці Панамэрыканскі Кангрэс, які адбыўся ў травені 1967 г. Даклад быў вельмі добра прыняты і апублікаваны ў часапісе Cancer Cytology a Journal for cinicians Dedicated to Cancer Detection. У гэтым-жа годзе ён быў выбраны Chairman of the Cancer Cytology Research Committee and Cytology Campaign, London Ont., а Кангрэс запрасіў яго на становішча сакратара гэтай арганізацыі.

У 1967-1968 гг. Барыс Рагуля разгарнуў шырокую адукацыйную акцыю сярод жанчын Лёндану і прадмесьцяў, прапагандуючы штогоднае абсьледаваньне ўсіх жанчын у веку ад 17 да 65 гадоў. Вынікі былі вельмі добрыя. На чарговым Кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society (Jamaica, 1970) ён ужо мог паінфармаваць, што 84% жанчын абсьледавана, у адной са ста выяўлена пачатковая стадыя захворваньня. Дзякуючы раньняй дыягностыцы больш за 85% былі вылечаныя. На пятым Кангрэсе ў Аўстрыі (Зальцбург, 1973) Рагуля зрабіў даклад пра вынікі сваёй працы.

Яшчэ ў 1971 г. Canadian Cancer Society запрасіла яго на становішча мэдычнага дарадчыка і папрасіла заняцца досьледамі раньняга выяўленьня рака страўніка і тоўстай ды адхадной кішак. Рагуля паказаў, што спэцыяльным мэтадам аналізу крыві можна выявіць каля 80% захворваньняў і пасьпяхова лячыць. Вынікі сваёй працы ён далажыў на шостым Кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society (Las Vegas, 1976). Мэдыкі Лёндану, а пазьней і іншых правінцыяў сталі пасьпяхова выкарыстоўваць гэты мэтад дыягностыкі.

У 1971 г. здаў дадаткова экзамены на права выкладаць у мэдычнай школе і быў запрошаны на факультэт мэдыцыны, дзе працаваў да 1991 г., не пакідаючы прыватнай практыкі.

У 1973 г. Барыс Рагуля быў выбраны прэзыдэнтам London Academy of Medicine. Гэта быў першы лекар неканадыйскага паходжаньня, якога выбралі на такое становішча. Ён скарыстаў гэтую нагоду для прапаганды мэдыцынскіх ведаў сярод насельніцтва. Асаблівую ўвагу зьвярнуў на вучняў. У сярэдніх школах рэгулярна праводзіліся лекцыі і гутаркі аб шкоднасьці курэньня, алкаголю ды наркотыкаў. Ён дабіўся забароны курэньня на тэрыторыі школаў, пазьней -- у шпіталях і публічных мейсцах.

Рагуля заўсёды надаваў вялікую ўвагу фізычнаму стану моладзі і старэйшага пакаленьня. Сам даваў прыклад, на працягу 15 гадоў браў удзел у двухдзённым лыжным марафоне на 160 км.

Заняты прафэсійна, Рагуля актыўна ўдзельнічае ў справах беларускага грамадства Канады. Ён -- сябра Згуртаваньня Беларусаў Канады ад самага першага дня ў краіне; старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады ад 1971 да 1989 году; сябра Canadian Councel of Multiculturalism ад 1976 да 1989 году. У 1963 г. быў запрошаны прадставіць ад імя беларускага грамадства ў Канадзе меркаваньні адносна двухкультурнасьці і двухмоўя краіны. Ягоныя прапановы былі вельмі добра прынятыя і разасланыя больш як у 160 бібліятэкаў. Ад 1971 г. і па сёньня Б. Рагуля -- заступнік прэзыдэнта Рады БНР.Ад 1976 г. да 1978 г. працаваў з прадстаўнікамі латышоў, летувісаў, эстонцаў і ўкраінцаў над дакумэнтам аб дэкалянізацыі Савецкага Саюзу. Гэты дакумэнт быў уручаны Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 20 лістапада 1978 г.Ад 1990 Рагуля -- мэдычны дырэктар дапамогі дзецям, ахвярам Чарнобылю. Ад 1994 г. -- старшыня камітэту, мэта якога пабудаваць дзіцячую дантыстычную клініку ў Менску паводле канадыйскіх стандартаў.Жонка Людміла пакінула працу ў фармацыі, каб заняцца дзецьмі -- Рагнедай, Вітаўтам, Валодзем ды Андрэем.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках