28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці загінулага ў СІЗА Пцічкіна дамагаецца ад ДВПа кампенсацыі

11
Маці загінулага ў СІЗА Пцічкіна дамагаецца ад ДВПа кампенсацыі
Жанна Пцічкіна

Матэрыяльная шкода Жанне Пцічкінай ацэньваецца ў больш чым 6 тысяч рублёў.

Жанна Пцічкіна, маці загінулага ў СІЗА №1 Менска Ігара Пцічкіна, падрыхтавала з дапамогай праваабаронцаў «Вясны» пазоў у суд Заводскага раёна Менска на кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды.

Заяўлены адказчыкам Дэпартамент выканання пакаранняў Менска і Менскай вобласці і Галоўнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў г. Менску, трэцяй асобай выступае фельчар СІЗА Аляксандр Крылоў, які быў прызнаны вінаватым у смерці Ігара Пцічкіна і асуджаны на тры гады пазбаўлення волі, піша spring96.org.

Жанна Пцічкіна і яе дачка Ірына Пцічкіна былі прызнаныя судом Маскоўскага раёна пацярпелымі ў справе.

Маці загінулага палічыла, што матэрыяльная шкода звязаная з выдаткамі на пахаванне Ігара Пцічкіна складае 6165,45 беларускіх рублёў з улікам інфляцыі. У гэтую суму ўключаецца труна, месца на могілках, выраб і ўстаноўка помніка з агароджай, а таксама дапамога спецыяліста ў галіне судовай медыцыны, які рабіў асобнае заключэнне аб прычыне смерці загінулага.

Маральную шкоду, якая была нанесена ёй смерцю сына, Жанна Пцічкіна ацэньвае ў 100 000 беларускіх рублёў.

«Я трымала рукі на яго змучаным целе, якому не далі спакою ні ў апошнія гадзіны жыцці, ні пасля смерці. Я аддала яго адбываць арышт у турму - пад апеку гэтай дзяржаўнай установы - свайго поўнага жыцця сына, якога мне павінны былі вярнуць пакараным, але пры гэтым жывым і здаровым. Вярнулі змучанае, збітае, парэзанае цела.

Мне спатрэбілася прайсці трохгадовы шлях у пошуках праўды пра прычыны гібелі сына. Даведацца, што яго зноў даставалі з магілы; прачытаць бруд, які лілі на яго людзі ў пагонах; вывучаючы матэрыялы крымінальнай справы, бяручы ўдзел у пасяджэннях суда, зноў і зноў я была вымушана думках прайсці разам з сынам па змрочных камерах СІЗА, пачуць крыкі ахоўнікаў, вытрымаць пабоі; ляжаць з ім, паміраючы, у нечалавечых пакутах без дапамогі медыкаў», - адзначае жанчына.

Як доўга будзе пакутаваць ад страты сына і як прывыкнуць да думкі, што яго больш няма, Жанна Пцічкіна не ведае.

«Лепш бы мне сына вярнулі, а не грошы. Але раз сына не могуць вярнуць, то хай хоць грашыма аплацяць мае пакуты, каб была на могілкі магчымасць ездзіць і даглядаць за магілай», - кажа маці Ігара Пцічкіна.

Аналагічны пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды падрыхтавала і сястра загінулага Ірына Пцічкіна.

Нагадаем, Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 года, праз некалькі дзён адседкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

Тры гады з дня трагічнай смерці ў Менскім СІЗА №1 Ігара Пцічкіна спатрэбілася ягонай маці Жанне Пцічкінай, каб з дапамогай праваабаронцаў «Вясны» дамагчыся распачынання крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць пацыента.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках