20 красавiка 2024, Субота, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Словы Лукашэнкі пра замену расейскай нафты – папулізм і гульня на нервах»

61
«Словы Лукашэнкі пра замену расейскай нафты – папулізм і гульня на нервах»

У створаных дыктатарам варунках любыя спробы замяшчэння могуць быць дарагім эксперыментам, не больш.

Менск тэарэтычна можа знайсці замену расейскай нафты, пастаўкі якой знізіліся праз газавы канфлікт Расеі і Беларусі, аднак гэтае замяшчэнне не будзе рэнтабельным.

Пра гэта заявілі 20 студзеня EADaily расейскія эксперты ў галіне энэргетыкі.

Загадчык сектару эканамічнага дэпартамента Інстытута энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў паведаміў, што на самай справе ніякай альтэрнатывы расейскай нафты не існуе. «Фізічна Беларусь можа наладзіць пастаўкі нафты з нейкага іншага рэгіёну. Яны могуць, напрыклад, паспрабаваць набываць азербайджанскую нафту, як гэта ўжо рабілася раней. Але сэнс у тым, што камерцыйна рэнтабельны варыянт тут толькі адзін. Гэта расейскія бязмытныя пастаўкі нафты. Іншую нафту паводле рынкавага кошту беларускія НПЗ набываць не могуць, як і рэнтабельна перапрацоўваць яе. Гаворка можа ісці толькі пра танкерныя закупкі. Але і з расейскага, і з беларускага боку ўсе разумеюць, што перапрацаваць яе будзе магчыма, але вось зарабіць на гэтым грошай – нельга. А адкуль будзе гэтая нафта – другаснае пытанне», – сказаў Агібалаў.

Такім чынам, як адзначыў эксперт, заявы Аляксандра Лукашэнкі пра замяшчэнне расейскай нафты, з аднаго боку, з'яўляюцца папулізмам, а з другога боку – спробай гуляць на нервах.

«Насамрэч сысці ад расейскай нафты ў Беларусі не могуць. Яны захраслі ў датаванні з расейскага боку, і да таго часу, пакуль не мадэрнізуюць свае заводы, яны не змогуць замяніць расейскую нафту, як бы ім гэтага і ні хацелася. Любыя спробы замяшчэння могуць быць дарагім эксперыментам, не больш. А праграма мадэрнізацыі з году ў год затрымліваецца», – канстатаваў Агібалаў.

Кіраўнік аналітычнай управы Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Аляксандр Пасечнік нагадаў, што Менск і раней рабіў спробы неяк замяшчаць расейскую нафту. «У Менска былі і венесуэльскія пастаўкі, і пастаўкі з Азербайджана. Але ўсё гэта праходзіла збольшага ў тэставым рэжыме. Зразумела, што ні паводле камерцыйнага зместу, ні паводле лагістыкі гэтыя альтэрнатывы непаўнавартасныя. Аптымальным бачыцца шлях перамоўнага працэсу і развязанне энэргетычнага канфлікту Масквы і Менска ў поўным аб'ёме. Мы, як вядома, гатовыя пастаўляць столькі нафты, колькі трэба для Беларусі. Пытанне ў тым, што ў сумежным сектары няма аплаты за газ ад Менска. Ёсць недаплата паводле газавага кантракта, і, адпаведна, Расеі, каб заахвоціць кампенсаваць пазыку, якая дасягнула ўжо амаль паўмільярда даляраў, даводзіцца ісці на пэўныя абмежаванні», – сказаў Пасечнік.

Ён адзначыў, што гэтыя абмежаванні пакуль што закранаюць першы квартал 2017 года. «Зразумела, што гэта сістэмаўтваральная галіна для Беларусі. І ў Менску спрабуюць знайсці альтэрнатывы. Але гэта зусім не адмяняе перамоўны працэс, які будзе праходзіць паміж Масквой і Менскам цягам першага квартала», – заявіў эксперт.

Раней Лукашэнка даручыў знайсці замену пастаўках расейскай нафты. «Катастрофы няма, але скарачэнне паставак нафты ад Расеі павінна быць замешчанае альтэрнатыўнымі варыянтамі. І мы гэтыя альтэрнатыўныя варыянты не проста прапрацоўвалі. Мы некаторыя выпрабавалі, выпрабавалі ўжо на практыцы, дастаўляючы нафту з Чорнага і Міжземнага мораў на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, каб на практыцы паглядзець, як гэта будзе выглядаць эканамічна», – сказаў беларускі лідар.

Расея істотна знізіла аб'ёмы паставак нафты Беларусі ў сувязі з чарговым нафтагазавым канфліктам, распачатым праз тое, што Менск адмовіўся аплачваць расейскі газ паводле абумоўленага ў кантракце кошту.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках