29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я ніколі не быў дармаедам»: яшчэ адна трагедыя праз скандальны дэкрэт

204
«Я ніколі не быў дармаедам»: яшчэ адна трагедыя праз скандальны дэкрэт
Айвар Яскевич

3 кастрычніка 60-гадовы Айвар Яскевіч заплаціў 360 рублёў падатку за «дармаедства», а 6 снежня выкінуўся з 5 паверха сваёй кватэры ў Асіповічах.

На стале пакінуў запіску і квітанцыю наконт выплаты «падатку на дармаедаў».

Там было напісана: «Я ніколі не быў дармаедам, гвалтаўніком, рабаўніком, я ўсё жыццё сумленна працаваў». Жонка Галіна кажа, што гэтыя словы запомніліся ёй больш за ўсё, паведамляе «Радыё Свабода».

У Яскевічаў сціплая кватэра на апошнім паверсе панэльнага дома. Галіна трымае ў руках тэчку з дакументамі – тут працоўная кніжка Айвара, пенсійнае пасведчанне, пасведчанне ветэрана працы, падзячныя лісты.

«Столькі дакументаў, а цяпер вось гэта – галоўны дакумент», – кажа яна, паказваючы пасведчанне аб смерці. Тутсама ў тэчцы і паведамленне пра прызнанне Айвара «дармаедам», і квітанцыя, якая пацвярджае, што падатак 360 рублёў ён заплаціў.

Айвар Яскевіч – карэнны асіпаўчанін. Імя яму даў бацька ў гонар доктара, які выратаваў яго ў вайну. Пра выпадак з мужам, апавядае Галіна, гудуць усе Асіповічы. Кажа, што нават на памінках яго ўспаміналі як вельмі вясёлага і жыццярадаснага чалавека.

«Ён такі чалавек быў, ведаеце, нікога не пакідаў у баку, – апавядае яна. – Вельмі добразычлівы з усімі. З усімі павітаецца, спытае, як справы, як жыццё».

У Айвара 34 гады працоўнага стажу. Незадоўга да пенсіі ён звольніўся з КРЗ (так у Асіповічах звычна называюць кардонна-руберойдавы завод. Цяпер гэтае прадпрыемства «Тэхнаніколь»). Там ён працаваў 30 гадоў.

«Стасункі з кіраўніцтвам былі не вельмі добрыя. Ён напісаў заяву аб звальненні – ганарлівы быў. І з траўня 2014-га не працаваў, – кажа Галіна. – Мы спрабавалі ўладкавацца, але год да пенсіі заставаўся – нідзе не хацелі яго браць... І вартаўніком хацелі, але нідзе не бралі. Месяц, мабыць, адпрацаваў аператарам кацельні», – тлумачыць Галіна.

У красавіку Айвару споўнілася 60 і ён стаў пенсіянерам. А ўвосень атрымаў паведамленне, што дзяржава прызнала яго дармаедам.

«Ён сабраў дакументы – пенсійнае пасведчанне, працоўную кніжку, кажа: “Пайду ў падатковую, усё гэта пакажу”, – Галіна ўспамінае апошнія месяцы жыцця мужа. – Прыходжу з працы, пытаюся: “Айвар, ты быў?” Ён адказвае: “Быў, нічога не заплаціў, маўляў, сказалі – які вы дармаед”. Гэта ён сябе так супакойваў».

Жанчына кажа, што пра такую трагедыю яна не магла нават падумаць. «Казаў, што “вось высакосны год, як бы мне яго дажыць”, – кажа Галіна. – У яго была вельмі моцная дэпрэсія, асабліва апошні месяц. Ён калі сышоў з КРЗ, дзе працаваў 30 гадоў, вельмі моцна здаў – і спіна, і ціск, раздражнёны быў. Мы ўжо і на шпацыры з ім хадзілі, я яго супакойвала. Але нічога не прадказвала, каб вось так скончыць жыццё».

Нават у той дзень, 6 снежня, муж вёў сябе як звычайна, і яна нічога не адчула. Галіна працуе настаўніцай пачатковых класаў у мясцовай школе. У яе 29 гадоў стажу, і яна ўжо таксама збіралася на пенсію праз выслугу гадоў. Але праз павышэнне пенсійнага ўзросту яшчэ будзе працаваць.

«Праводзіў мяне, дзверы зачыніў, спытаў: “Калі будзеш?” Я і падумаць не магла, – успамінае яна. – Вось гэтая квітанцыя, гэты падатак яго падштурхнулі да гэтага кроку. Калі б я яшчэ была дома... Але спыніць не было каму», – апавядае жанчына.

Галіну Пятроўну прыйшла падтрымаць яе калега і сяброўка Аксана. Яна кажа, што «трагедыя ўскалыхнула ўвесь горад».

«Мы ведаем, што мужчына пакінуў запіску, у якой напісаў, што ў жыцці ён не дармаед, і пакінуў пацвярджэнне аплаты падатку за дармаедства. Чалавек усё жыццё працаваў, да пенсійнага ўзросту, выйшаў на пенсію, атрымаў званне ветэрана працы, усё жыццё добрасумленна працаваў, – кажа Аксана. – І замест таго, каб жыць далей, карыстацца тым, што ён зарабіў, ён сышоў з гэтага жыцця».

Аксана расказвае, што і ў яе сям'ю прыйшло паведамленне пра «дармаедства». Яго атрымала 22-гадовая дачка. «Ёй 22 гады. Яна цяпер працуе. І ўвогуле працуе з 15 гадоў, – кажа Аксана. – Падатак яна павінна плаціць у сувязі з тым, што ў 2015 годзе працавала менш за 183 дні». Дзяўчыну тады звольнілі з працы, і некаторы час яна шукала працу, якая ёй падабаецца. – «І мы павінны былі заплаціць 150 рублёў. Я перажывала, вось Галіна Пятроўна ведае. Для мяне гэта было балюча».

Напісаць каментар 204

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках